«Сёй-той мітусіцца, каб не застацца з Пуціным зусім сам-насам»
Тэлеграм-канал «Лісты да дачкі» — пра размовы Лукашэнкі з палярнікамі і пінгвінамі.
Сёй-той у чацвер сказаў палярнікам, што хоча ўдзельнічаць у мірных перамовах па Украіне, піша тэлеграм-канал. Чаму ён сказаў пра гэта менавіта палярнікам як раз зразумела. Таму што больш сказаць няма каму. Астатнім, каму мог сказаць, ён ужо пра гэта казаў.
А палярнікі пасля палярнай ночы, можа, засумавалі па чалавечых зносінах. Можа, вядома, і не засумавалі, але хто ж іх пытаўся. Калі хтосьці хоча нешта сказаць, то адсутнасцю мэтавай аўдыторыі яго не спыніць. Не будзе палярнікаў, ён пінгвінам раскажа.
Але я цяпер не пра гэта. Вось сёй-той не першы раз кажа, што ён павінен удзельнічаць у перамовах па Украіне. Хоць у гэтым жа няма ніякай агульначалавечай логікі. Калі ты кажаш, што не ўдзельнічаеш у вайне, то з якой нагоды табе ўдзельнічаць у мірных перамовах?
Палярнікам сёй-той патлумачыў, што ён баіцца, каб у яго адсутнасць на перамовах у яго чаго-небудзь не «адцяпалі». Але гэта, вядома, такое тлумачэнне, над якім нават пінгвіны смяюцца.
Але заўваж, перамовы яшчэ ніхто не сабраўся пачынаць, а сёй-той ужо мітусіцца, каб пра яго не забыліся. І ён даўно мітусіцца. Гэта значыць, чагосьці ён баіцца. І гэта дакладна не тэрытарыяльныя ампутацыі. Пра пагрозу тэрытарыяльных ампутацый можна распавядаць пінгвінам і палярнікам, якія ўсё роўна ў гэта не вераць.
І вось мне падумалася, што насамрэч сёй-той баіцца таго ж, чаго і мы з табой. Што пасля таго, як план захопу Кіева за тры дні канчаткова пойдзе па плане, заходнія бюракраты захочуць Пуціна чым-небудзь улагодзіць. Таму што заходнія бюракраты маюць, вядома, такую схільнасць: улагоджваць да апошняга. І калі Пуціну не дастанецца Украіна то гарант беларускай стабільнасці сыдзе яму за суцяшальны прыз. Зыходзячы з той простай бюракратычнай логікі, што гарант стабільнасці ў Пуціна і так ужо ёсць, таму аддаваць яго не шкада.
А гаранту ж сябе шкада. Таму што сёй-той ведае свайго саюзніка як ніхто іншы. І сёй-той разумее, што калі ён пойдзе Пуціну за суцяшальны прыз, то надоўга яго гарантый хопіць. Таму сёй-той мітусіцца, каб не застацца з бліжэйшым саюзнікам зусім сам-насам.
У яго прысутнасці не зацікаўлены ні адзін зацікаўлены бок. Саюзніку сёй-той не патрэбны, таму што калі справа дойдзе да суцяшальнага прыза, то дзяліць гэты прыз у прысутнасці самога прыза будзе трошкі няёмка.
Не ў сэнсе, вядома, згрызот сумлення. У гэтым сэнсе Пуціна грызці няма каму. А ў тым сэнсе, што прыз будзе гучна верашчаць на стале і збіваць з рытму ўвесь перамоўны працэс.
А астатнія зацікаўленыя бакі з гарантам беларускай стабільнасці не тое, што за адзін стол, яны з ім на адно поле не прысядуць. Таму што ад гаранта стабільнасці няма ў жыцці ніякай карысці, акрамя шкоды.
І калі сёй-той хоча змяніць гэтае ўражанне, то не трэба пасылаць сігналы палярнікам. Іх акрамя палярнікаў і пінгвінаў ўсё роўна ніхто не пачуе. А трэба даказаць паважаным людзям, што ты палітычны суб'ект, а не парасячы хвосцік.
Тым больш, што як канкрэтна гэта даказваць, ужо патлумачылі. І эпізадычныя заняткі гуманізмам тут не дапамогуць. Каб у цябе паверылі, гуманізмам трэба займацца на пастаяннай і рэгулярнай аснове.
І можа быць тады хто-небудзь захоча з табой
што-небудзь абмеркаваць у сэнсе палітычнай суб'ектнасці. А да гэтага няма
ніякага сэнсу нешта абмяркоўваць. Таму што палітычная суб'ектнасць у кагосьці,
мякка кажучы, не відавочная.