У Еўрасаюз па-за чаргой?
Пад агнём расійскіх войскаў Украіна патрабуе неадкладнага запуску працэса прыняцця краіны ў склад Еўрасаюзу. Ці ёсць шанцы ў Кіева?
«Мы просім Еўрапейскі Саюз аб неадкладным уступленні Украіны па новай спецыяльнай працэдуры. Нашая мэта — быць разам з усімі еўрапейцамі і, самае галоўнае, быць на роўных. Я ўпэўнены, што гэта справядліва. Я ўпэўнены, што гэта магчыма», — сказаў Уладзімір Зяленскі 28 лютага па відэасувязі з Кіева, якая транслявалася ў Еўрапарламенце.
Зяленскага пачулі. Заяўку Кіева на статус кандыдата прынялі. Яшчэ месяц таму такі варыянт падаваўся ўтапічным. У мінулыя гады Кіеў не раз сур'ёзна разважаў над тым, каб падаць заяўку на ўступленне ў ЕС, але кожны раз адмаўляўся. Асцерагаліся, што заяўку могуць банальна не прыняць з-за ўнутраных раскладаў унутры Еўрасаюза.
Але сёння ўкраінскаму кіраўніцтву толькі прыняцця заяўкі ўжо недастаткова. Адміністрацыя Зелянскага разумее, што зараз склаўся ўнікальны шанец. Абсалютная большасць еўрапейцаў за інтэграцыю Украіны ў еўраструктуры. Таму Кіеў просіць прыняць краіну ў ЕС у рамках т.зв. «паскоранай працэдуры».
І тут узнікае шмат пытанняў. Працэдуры паскоранага прыёму краіны ў склад Еўрасаюза не існуе. Схема ўступу адзіная для ўсіх дзяржаў і па часе дастаткова працяглая, паколькі складаецца з некалькіх этапаў, прапусціць які-небудзь нельга.
Спачатку краіна падае афіцыйную заяўку на ўступленне ў Саюз. Потым Еўракамісія праводзіць кансультацыі з ейным урадам. Калі ўсё ОК, то Рада ЕС дазваляе пачаць непасрэдныя перамовы. На наступным этапе дзяржава-кандыдат павінна правесці працу на адпаведнасць крытэрам ЕС прыкладна па 30 параметрах. Прычым ЕС стварае па кожным кірунку асобную камісію для маніторынгу — як выконваюцца яго патрабаванні. І толькі пасля таго, як Еўракамісія пацвердзіць, што ўсе ўмовы выкананы, праводзіцца галасаванне аб уступленні ў Радзе ЕС і Еўрапарламенце. У сярэднім увесь працэс займае 10 гадоў (!).
Пакуль выглядае так, што еўрапейскія палітыкі не жадаюць адыходзіць ад апісанай схемы. Вярхоўны прадстаўнік ЕС па знешняй палітыцы Жазэп Барэль заявіў, што, хаця Еўропа ў цэлым сутыкнулася з «экзістэнцыяльнай пагрозай» з-за рэгрэсу Расіі да «закону джунгляў», афармленне сяброўства Украіны ў ЕС можа заняць шмат гадоў. «Шлях да сяброўства Украіны ў ЕС можа быць доўгім і цяжкім. Уступленне ў Саюз — гэта не тое, што можна зрабіць за некалькі месяцаў… гэта інтэнсіўны і далёка ідучы працэс трансфармацыі», — лічыць міністр замежных спраў Германіі Аналена Бербок.
Акрамя таго, прыняцце Украіны можа выклікаць заканамернае нараканне сярод іншых краін-кандыдатаў, якія выстраіліся ў доўгую чаргу на сяброўства. Цяпер, нагадаем, афіцыйны статус кандыдата ў члены ЕС маюць пяць краін: Албанія, Чарнагорыя, Паўночная Македонія, Сербія і Турцыя.
Нарэшце, ёсць яшчэ адзін важны пункт. Неадкладная прапіска Украіны можа прывесці да таго, што ЕС пагрузіцца ў стан вайны ў РФ. Устаноўчы Лісабонскі дагавор блока змяшчае т.зв. «клаўзулу аб узаемнай дапамозе» — шмат у чым падобную на вядомы 5-ы артыкул статута NATO. Такім чынам, сяброўства Украіны адразу паставіць ЕС у стан вайны з Расіяй.
Аднак калі нават дапусціць, што заўтра вайна скончыцца і расіяне пакінуць тэрыторыю краіны, узнікае шмат пытанняў. Блізкая да партыі Зялёных (самая антыпуцінская партыя ў ФРГ) Tageszeitung піша: «Украіна далёкая ад таго, каб стаць краінай-кандыдатам. Сярэдні заробак на траціну ніжэйшы, чым у Беларусі, барацьба з залімітавай карупцыяй пры Зяленскім таксама не прасунулася: алігархі набылі палітычны ўплыў, а журналісты, якія даследуюць карупцыю і махлярства, пад пагрозай гвалту і смерці».
Аўтар таксама нагадвае, што «экспансія на ўсход заўсёды была «для Еўрасаюза стрэс-тэстам, які напружваў унутраныя сілы згуртаванасці арганізацыі». «Выглядае бессардэчным адмовіць у такім жэсце краіне, якая падверглася нападу. Але неразумна думаць сэрцам. І лепш холадна сказаць праўду, чым спараджаць ілжывыя спадзяванні пустымі абяцаннямі», — падсумоўвае Tageszeitung.
Як бачым, на першы погляд, шанцы Украіны на атрыманне статусу кандыдата прывідныя. Але не будзем спяшацца з улікам спецыфікі сітуацыі. Еўрапейскія палітыкі цудоўна разумеюць, што выбаршчыкі чакаюць ад іх сігналу падтрымкі еўрапейскіх амбіцый Кіева.
«Як ні дзіўна, цяпер, калі ідзе маштабная ўкраінска-расейская вайна, калі пуцінскія сілы акупавалі яшчэ больш тэрыторыі Украіны і пагражаюць узяць Кіеў — аказалася найлепшым у гісторыі Украіны часам для падачы такой заяўкі. Менавіта зараз можна разлічваць на хутчэйшае прасоўванне Украіны на шляху да сяброўства, часам нават у абыход традыцыйных бюракратычных працэдур і насуперак стандартнай "матрыцы" прыняцця рашэнняў у ЕС. Расейскія танкі прабілі "дзірку" ў гэтай матрыцы. Хоць іх мэта была іншай — але, як жартуюць, "Пуцін зноў усіх перайграў"», — піша кіеўскае выданне «Украінская праўда».
Так ці інакш, заяўка Украіны на ўступленне ў ЕС будзе абмяркоўвацца ў найбліжэйшыя дні, заявіў 7 сакавіка кіраўнік Еўрасавета Шарль Мішэль. Адказ, хутчэй за ўсё, будзе вядомы да канца тыдня.