У Магілёве адбываецца агітацыйны пікет Святланы Ціханоўскай

Увечары 18 ліпеня ў Магілёве праходзіць першы агітацыйны пікет за кандыдата ў прэзідэнты Святлану Ціханоўскую, якая аб'ядналася са штабамі Віктара Бабарыкі і Валерыя Цапкалы пасля таго, як Цэнтрвыбаркам адмовіў ім у рэгістрацыі.

piket_tihanouskaja_mogilev.jpg

Пікет праходзіць у фармаце «свабоднага мікрафона», выбаршчыкі кажуць аб праблемах, якія трэба вырашаць, і распавядаюць, чаму вырашылі падтрымаць Ціханоўскую.
Пікет праходзіць каля Лядовага палаца на вуліцы Гагарына ў Магілёве. Святланы Ціханоўскай на пікеце няма, як і Веранікі Цапкала і Марыі Калеснікавай — прадстаўнікоў штабоў-партнёраў на выбарах. Сустрэчу вядуць актывісты ініцыятыўнай групы Ціханоўскай, ім дапамагаюць магілёўскія актывісты і палітыкі.
— Святлана не планавала быць палітыкам, так атрымалася (мужа Святланы, блогера Сяргея Ціханоўскага, затрымалі і змясцілі ў СІЗА да падачы дакументаў у ЦВК. - Заўвага TUT.BY), — кажа блогер Яўген Маслоўскі. — Як моцная жанчына, як жонка дзекабрыста яна пайшла на выбары. Калі я чытаў кнігі па гісторыі, ніколі не думаў, што ў нас такое можа паўтарыцца. Ведаеце, як пра вайну чытаеш: ідзе атрад, аднаго байца выбіваюць, а другі падхоплівае сцяг. Атрымалася, што гэта сцяг падхапіла жанчына, якая ніколі не ўяўляла, што яна будзе палітыкам. Давайце папляскаем штабу Бабарыкі, штабу Цапкалы, штабу Ціханоўскай! У нас цяпер вельмі класная каманда. Ніколі такога не было ў гісторыі, што тры жанчыны, якія дамовіліся за 15 хвілін, ідуць супраць мужчынскай дыктатуры, супраць сілы і грубасці, з дапамогай любові і жаночага падыходу. Я лічу, гэта выдатна, сябры.
Слова перадаюць пенсіянерцы, якая стаіць у першым шэрагу на пікеце:
— Дарагія мае, мне 79 гадоў, я нарадзілася ў 1941 годзе. Калі збіралі подпісы (за кандыдатаў - Заўвага. TUT.BY) я знайшла сілы, прыйшла, я не ляжала на канапе. І я зараз слухаю Святлану, якая яна малайчына, якая яна разумніца. І яшчэ, хлопцы, хачу сказаць. Яна звярнулася да амапаўцаў, міліцыянтаў, да ціхуноў: што вы робіце, на каго вы падымаюць руку? А як жа! За што яны атрымліваюць грошы нашы? Тыя, якія вы, працуеце і плаціце, нашы грошы? І тут жа б'юць нас па хрыбце. Дык гэта што, трэба цярпець? На гэта ўсё трэба глядзець? Светачка, малайчына, разумніца! І заклікаю ўсіх — за Святлану, за Святлану, за Святлану!
На пікет прыехалі людзі з іншых гарадоў. Жыхары Віцебска кажуць, што хочуць падтрымаць магілёўцаў.
— Мы прыехалі сказаць, што мы не баімся, мы будзем адстойваць нашыя правы, — кажа Алена Янушкоўская. — Я нікога не буду заклікаць або адгаворваць ісці галасаваць — гэта выбар кожнага з нас. Але тое, што так працягвацца далей не можа, так жыць нельга, — гэта адназначна. Галоўная сіла і галоўны закон тут мы, беларусы.
Час ад часу ходу пікета перашкаджае музыка, расійская папса, якая гучыць з калонак. Таксама відавочцы паведамляюць, што побач з месцам сустрэчы ва ўзмоцненым рэжыме працуе ДАІ.
— Я хачу звярнуцца да супрацоўнікаў ДАІ, якія з абодвух бакоў штрафуюць усіх, хто сігналіць (у знак салідарнасці — Заўвага. TUT.BY), — кажа ўдзельнік пікета ў мікрафон. — І да сексотаў, якія тут труцца і паведамляюць па рацыі, каго ім спыняць. Пацаны, выпіце чарку за сваё сумленне!
— За ваша здароўе! — выкрыкваюць людзі.
Мікрафон бярэ 20-гадовы жыхары Магілёва, кажа, «усё жыццё я бачыў толькі гэтую ўладу і хочацца чагосьці памяняць»:
— Усё-такі мы, беларусы, свабодныя людзі, мае права на выбар тых, каго мы хочам нашымі прадстаўнікамі, якія будуць адстойваць нашы інтарэсы, а не толькі свае. Так што заклікаю ўсіх: калі ласка, 9 жнiўня прыходзьце на свае ўчасткі і галасуйце за тых, за каго хочаце, альбо стаўце «супраць усіх». Таму што калі вы на выбары не прыйдзеце, гэта значыць, што вы за тое, што зараз адбываецца ў краіне.
Падтрымаць Святлану Ціханоўскую прыйшлі людзі розных узростаў і прафесій.
— Мне шмат гадоў, я шмат бачыла, але я так рада, што гэтыя дзяўчынкі аб'ядналіся, — кажа пенсіянерка аб рашэнні штабоў Ціханоўскай, Бабарыкі і Цапкалы аб'яднацца. — Хай у іх будзе не тое, што ўдача, але каб мы ім дапамаглі, каб яны перамаглі. У іх ёсць дзеткі, ім ёсць за што змагацца, і ім ёсць, што губляць. Поспеху, здароўя. І мы павінны ім дапамагчы — прыйсці на выбары і прагаласаваць. Мне ўжо шмат гадоў, я ўжо магла нічога не рабіць, ужо жыццё пражыта, але ўсё роўна зачапіла.
Падчас пікету жыхарам Магілёва прапаноўваюць запісвацца ў назіральнікі, каб фіксаваць парушэнні пры правядзенні галасавання.
tut.by, Адар'я Гуштын