Украінскі эксперт: «Лукашэнка — гэта кіраўнік акупацыйнага рэжыму на тэрыторыі Беларусі»

Распачынаць ваенныя дзеянні супраць Украіны з боку Беларусі цяпер не мае ніякага ваеннага сэнсу, упэўнены ваенны эксперт, палкоўнік запасу Узброеных сіл Украіны Раман Світан. Пра тое, што можна будзе лічыць «паражэннем Расіі» ў вайне, як скончыцца рэжым Лукашэнкі і якімі будуць адносіны беларусаў і ўкраінцаў, ён разважаў на канале «Лямпа».

2fc768cc942fd2c62a80e384da3d14eb.jpeg


— Справа ў тым, што ўкраінская армія разгорнута па стандартах ваеннага, а не мірнага часу, як гэта было да 24 лютага мінулага года, — патлумачыў эксперт у эфіры канала. — Гэта значыць, што лінія дзяржаўнай мяжы з'яўляецца меркаванай лініяй фронту, адсюль вынікаюць усе дзеянні арміі.

То-бок гэта інжынерна-тэхнічныя збудаванні, мініраванне, размяшчэнне брыгад у рэжыме абароны. Таму выказваць здагадку, што вайна можа перакінуцца на тэрыторыю Беларусі, цяпер нерэальна. І прамы ўдзел у вайне Беларусь дакладна прымаць не будзе.

Але беларускія войскі супраць Украіны ваююць. Як мінімум, беларускія салдаты прысутнічаюць у расійскай арміі ў якасці кантрактнікаў, нават сфарміраваны некаторыя падраздзяленні ў Крыме, таксама яны заўважаны на Запарожскім кірунку.

Пры гэтым выключаць таго, што па ваенных аб'ектах Расіі на тэрыторыі Беларусі могуць быць нанесены ўдары, нельга. Усе гэтыя аб'екты намі візуалізаваны, іх кропкі нанесены на карту.

Гэта значыць, ужо праведзена падрыхтоўка да ўдару, і ў любы момант, калі ў бок Украіны з тэрыторыі Беларусі пачнецца рух расійскіх войскаў, па рашэнні нашага ваенна-палітычнага кіраўніцтва такі загад будзе выкананы.

Ваенны эксперт выказаўся і адносна ролі беларускага кіраўніка ў гэтай вайне, ён распавёў, што ўкраінцы кардынальна змянілі да яго стаўленне, і не толькі ў звязцы з вайной.

— Лукашэнка, вядома, можа здрадзіць Пуціну, як толькі ў яго ўзнікне такая магчымасць. Прычым стоадсоткавая магчымасць: ён трыста разоў перастрахуецца і, што самае цікавае, сапраўды можа выйсці сухім з вады.

У яго ёсць пэўныя кантакты з Захадам, а ў Захаду ёсць разуменне дзеянняў, якія можа здзейсніць Лукашэнка. Ён заняў амаль бяспройгрышную пазіцыю, ён не ўступае ў вайну. І потым усім, хто будзе выстаўляць яму абвінавачванні, можа паспрабаваць усё патлумачыць ціскам Пуціна.

Аднак украінцы дакладна ніколі не забудуць ролі Лукашэнкі ў гэтай вайне. Яны сапраўды добра да яго ставіліся да таго моманту, пакуль не ўбачылі, як ён задушыў пратэсны рух на выбарах 2020 года, калі сфальсіфікаваў свае паказчыкі.

Але мы ўбачылі, як ён знішчаў сваіх праціўнікаў, і гэта былі не ваенныя, а палітычныя праціўнікі. Гэта не дэмакратычны падыход. Пасля таго стаўленне да Лукашэнкі вельмі моцна змянілася.

Цяпер для нас ён — кіраўнік акупацыйнага рэжыму на тэрыторыі Беларусі. Гэта прыкладна як своеасаблівы Пушылін на Данбасе. Не больш таго. І стаўленне да Лукашэнкі ва ўкраінцаў і вярхоўнага галоўнакамандуючага прыкладна такое ж, як да Пушыліна.

Пасля паражэння Расіі, упэўнены Світан, падзе і рэжым Лукашэнкі. Але галоўнае пытанне — што лічыць паражэннем Расіі.

— Казаць пра тое, што вайна скончана, можна будзе толькі тады, калі РФ распадзецца. Пакуль не будзе распаду, Расія не адмовіцца ад наступу на Украіну або ў нейкі іншы бок.

Аднак пасля распаду і ў рэжыму Лукашэнкі не стане гэтай апоры. Як толькі яна адсякаецца, рэжым проста падае. Таму што ваш рэжым — гэта прыкладны злепак «ДНР»: інфільтрацыя расійскіх кіраўнікоў, сілавыя структуры і кіраванне імі.

Лукашэнка, як і Пуцін — удзельнік вайны і агрэсіі супраць Украіны. Як і Пуцін, ён датычны да забойства больш чым сотні тысяч мірных украінцаў. Таму адназначна заслугоўвае трыбунала.

Што тычыцца беларускага народа, то ўкраінцы і беларусы не гублялі добрасуседскіх адносін. Яны ў нас былі, ёсць і будуць. Мы ўспрымаем беларусаў правільна, разумеем, што яны знаходзяцца пад акупацыяй рэжыму Лукашэнкі. А гэта практычна расійскі рэжым, — лічыць украінскі вайсковец.