Украінскія дзеці, якія перажылі сексуальны гвалт з боку расійскіх салдат: першым устаноўленым асобам ад 4 да 16 гадоў
Ва Украіне вядзецца праца па расследаванні выпадкаў сексуальнага гвалту з боку расійцаў. Сярод іх вядомыя выпадкі гвалту ў дачыненні да дзяцей.
Новы генпракурор Украіны Андрэй Косцін даў сваё першае інтэрв'ю на пасадзе выданню «Левы бераг». У ім ён расказаў пра дэталі працы Генеральнай пракуратуры Украіны адносна ваенных злачынстваў, учыненых расійскімі вайскоўцамі пасля ўварвання, і пра стварэнне трыбуналу. Асобную ўвагу ён надаў расследаванню выпадкаў сексуальнага гвалту ў дачыненні да ўкраінскіх грамадзян.
Паводле слоў Косціна, ва Украіне ствараецца асобнае ўпраўленне, якое будзе займацца дасудовым расследаваннем выпадку сексуальнага гвалту, для чаго павялічваецца пракурорскі штат супрацоўнікаў. Некалькі дзясяткаў спраў ужо знаходзяцца ў офісе генпракурора, якія фіксуюць сексуальны гвалт з боку расійцаў, у тым ліку і ў дачыненні да дзяцей.
На дадзены момант устаноўленыя асобы пяцярых непаўнагадовых, якія перажылі згвалтаванні — ім ад 4 да 16 гадоў.
Таксама, паведамляе Косцін, каля 7 тысяч дзяцей былі вывезеныя на акупаваныя расійцамі тэрыторыі Украіны, а таксама ў Расію і Беларусь. Генпракуратура ўстанавіла асобы больш за 5 тысяч з іх. Каля тысячы дзяцей, паводле слоў генпракурора, ужо прайшлі працэдуру ўсынаўлення.
Па стане на 19 верасня ва Украіне загінулі 390 дзяцей, 759 атрымалі раненні рознай ступені цяжкасці.