«З дапамогай фота прывабных дзяўчат». Як украінскі хакер ваюе супраць Расіі
Брытанскае выданне «Financial Times» апублікавала гісторыю былога супрацоўніка СБУ Мікіты Кныша, які заснаваў у Харкаве хакерскую групу «Hackyourmom».
30-гадовы Мікіта Кныш — былы супрацоўнік Службы бяспекі Украіны. Да вайны ён узначальваў харкаўскую кампанію па кібербяспецы «HackControl». У першыя гадзіны пасля ўварвання Кныш прыйшоў у офіс СБУ ў Харкаве і папрасіў даць яму працу. Яму адмовілі, пасля чаго ён вырашыў стварыць сваю хакерскую групу.
«Financial Times» пішуць, што не ўсе заявы Мікіты Кныша можна праверыць, але ўкраінскія чыноўнікі і калегі-хакеры ў размовах з выданнем паручыліся за яго, а Кныш прадаставіў фотаздымкі, відэазапісы і лог-файлы, якія пацвердзілі некаторыя з яго сцвярджэнняў.
Хакер расказаў, што запрасіў у групу «Hackyourmom» супрацоўнікаў сваёй кампаніі, цяпер яна налічвае каля 30 чалавек. Першы тыдзень група размяшчалася ў падвале фабрыкі ў Харкаве, затым — у хостэле ў Вінніцкай вобласці, які Кныш арандаваў яшчэ да вайны. Для доступу ў інтэрнэт хакеры выкарыстоўваюць сетку «Starlink». Мужчына сцвярджае, што групе далі доступ да «Starlink» пасля таго, як ён папрасіў дапамогі ў кіраўніка збожжавай кампаніі «Агратрэйд» Усевалада Кажэмякі, аднаго з найбагацейшых людзей Украіны. Кажэмяка пацвердзіў гэтую гісторыю.
Кныш прывёў некалькі прыкладаў працы «Hackyourmom». Ён сцвярджае, што хакеры змаглі ўстанавіць месцазнаходжанне расійскай базы паблізу акупаванага Мелітопаля, выкарыстоўваючы фэйкавыя акаўнты прывабных дзяўчат у сацсетках. Паводле яго слоў, хакеры падманам прымусілі расійскіх салдат адправіць фотаздымкі, з дапамогай якіх удалося высветліць, дзе знаходзіцца база. Атрыманую інфармацыю хакеры перадалі ўкраінскім вайскоўцам. Праз некалькі дзён, як сцвярджае хакер, па тэлевізары паказалі, як па базе ўдарыла ўкраінская артылерыя. Ён не ўдакладніў дзень, калі гэта здарылася.
Акрамя таго, паводле яго заяў, удзельнікі хакерскай групы:
- узламалі тысячы камер відэаназірання ў Беларусі і на акупаваных Расіяй частках Украіны, стварылі праграму, каб аддзяліць перамяшчэнні вайскоўцаў ад звычайнага трафіку і ўсё перадалі ўкраінскім вайскоўцам;
- адмянілі або затрымалі дзясяткі авіярэйсаў у Расію праз ілжывыя паведамленні пра пагрозу выбуху;
- паказалі па расійскім ТБ навінавыя сюжэты пра загінулых ва Украіне мірных жыхароў;
- аб'ядналі хатнія роўтары на акупаванай тэрыторыі ў буйную сетку ботаў, каб выводзіць з ладу расійскія сайты;
- ўзломвалі і выкрадалі базы даных расійскіх вайсковых падрадчыкаў.
Як паведамляе «Financial Times», на пачатку лета група, якая жыла ў хостэле ў Вінніцкай вобласці, разышлася, а ўдзельнікі перайшлі на выдаленую працу, калі зразумелі, што расійскія вайскоўцы стрымліваюць наступ на ўсходзе і поўдні Украіны. Хакеры працягваюць сачыць за ўзламанымі відэакамерамі.