Зяленскі: «Калі б мы перад нападам пасеялі хаос сярод людзей, расійцы нас зжэрлі б»

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў інтэрв'ю «The Washington Post» расказаў, чаму не папярэдзіў украінцаў пра напад Расіі.

vladimir_zelenskiy_7587_800x400.webp


За некалькі дзён да таго, як расійскія танкі імкліва перасеклі ўкраінскія межы і пачалі рух у бок Кіева, прэзідэнт Уладзімір Зяленскі раіў грамадзянам не хвалявацца і рыхтавацца да «травеньскіх шашлыкоў». Але да таго моманту заходнія СМІ ўжо амаль паўгода пастаянна пісалі пра «вар'яцкія планы» Крамля адносна ўварвання ва Украіну.
Амерыканская газета «The Washington Post» апублікавала разгорнутае расследаванне, у якім апісана, як украінскія ўлады атрымалі інфармацыю пра падрыхтоўку расійскага нападу на Украіну і як яны на яе адрэагавалі. Журналісты выдання пагаварылі больш чым з 30 крыніцамі з ліку высокапастаўленых афіцыйных асоб ЗША, Украіны, Еўропы і NATO, некаторыя з іх папрасілі не называць іх імёнаў.
Акрамя таго, «The Washington Post» узяла інтэрв'ю ў самога прэзідэнта Зяленскага, які паспрабаваў растлумачыць, якімі матывамі ён кіраваўся, калі вырашыў да апошняга моманту не інфармаваць насельніцтва пра набліжэнне поўнамаштабнай вайны.

«Разумная краіна на гэта пайсці б не змагла»

Паводле звестак «The Washington Post», у кастрычніку мінулага года ў Белым доме адбылася тэрміновая сустрэча амерыканскага прэзідэнта Джо Байдэна з кіраўнікамі разведкі, вайсковага камандавання і дыпламатычнага сектара. Яна была прысвечана абмеркаванню атрыманай ад разведкі інфармацыі пра падрыхтоўку расійскага ўварвання ва Украіну. Справаздача разведслужбаў была складзеная на аснове нядаўна зробленых спадарожнікавых здымкаў, перахопленых паведамленняў і размоў з крыніцамі.
Мінулай восенню ў адміністрацыі Байдэна прайшло адразу некалькі прысвечаных Украіне нарад. Суразмоўцы выдання адзначаюць, што некаторым прысутным тады ў Белым доме было цяжка ўсвядоміць маштаб амбіцый расійскага лідара: яны не верылі, што «разумная краіна магла б пайсці на такое».
Як піша «The Washington Post» са спасылкай на даныя амерыканскай разведкі, войскі РФ разлічвалі на захоп большай часткі Украіны. У прыватнасці, рухаючыся з тэрыторыі Беларусі, яны планавалі за 3-4 дні акружыць Кіеў. Расійскія спецпадраздзяленні павінны былі знайсці прэзідэнта Зяленскага, адхіліць яго ад улады і ўсталяваць ва Украіне прыхільны Крамлю марыянетачны рэжым.
Паралельна расійскія войскі павінны былі рухацца з усходу і прайсці праз цэнтральную Украіну да Дняпра, а войскі з Крыма занялі б паўднёва-ўсходняе ўзбярэжжа. Гэтыя ваенныя дзеянні, згодна з планамі Крамля, маглі працягвацца некалькі тыдняў. Пасля паўзы для перагрупавання і пераўзбраення расійцы павінны былі выступіць на захад да ўмоўнай лініі, размешчанай паміж Малдовай на поўдні і Беларуссю на поўначы.
Свабоднай ад расійскай акупацыі павінна была застацца толькі невялікая тэрыторыя на захадзе Украіны. Там, як паведамляе «The Washington Post», на думку Пуціна, жывуць «непапраўныя неанацысты-русафобы».
Гэтыя звесткі разведка ЗША перадала ўкраінскаму кіраўніцтву, але ў Кіеве да іх паставіліся скептычна, сказана ў публікацыі. Міністр замежных спраў Дзмітрый Кулеба тлумачыў гэта тым, што Украіна прасіла падрабязнасцей, але іх не далі.
12 студзеня кіраўнік ЦРУ Уільям Бёрнс сустрэўся ў Кіеве з Зяленскім і паведаміў, што, паводле звестак разведкі, Расія мае намер нанесці вокамгненны ўдар па сталіцы Украіны і абезгаловіць цэнтральную ўладу. ЗША таксама дапускалі, што расійцы спачатку паспрабуюць высадзіць войскі на аэрадроме ў Гастомелі, адным з кіеўскіх прыгарадаў, а пасля гэтага пачнуць штурм Кіева.
(Гэты прагноз цалкам спраўдзіўся: адной з першых аперацый расійскіх войскаў, якія напалі на Украіну, стала спроба захопу аэрадрома ў Гастомелі, дзе падчас баёў, сярод іншага, быў знішчаны самы вялікі ў свеце самалёт — украінскі Ан-225 «Мрія».)
На тайнай сустрэчы ў Белым доме Байдэн, як піша «The Washington Post», вырашыў, што Уладзіміра Пуціна трэба альбо стрымліваць, альбо яму супрацьстаяць і што ЗША не павінны дзейнічаць самастойна.
Паводле слоў дарадцы прэзідэнта ЗША па нацыянальнай бяспецы Джэйкаба Салівана, Джо Байдэн вырашыў адправіць пасланца ў Маскву, каб папярэдзіць Пуціна пра наступствы ў выпадку нападу на Украіну.
Амерыканскі прэзідэнт таксама загадаў перадаць звесткі разведкі хаўруснікам і пераканаць іх у тым, што супрацьстаяць РФ і дапамагаць Украіне трэба разам.

«У краіне быў бы хаос»

У інтэрв'ю «The Washington Post» Уладзімір Зяленскі прызнаў, што атрымаў інфармацыю ад ЗША пра расійскую пагрозу. Ён таксама прыгадаў, што ў студзені сустракаўся з кіраўніком ЦРУ Бёрнсам.
Але пры гэтым Зяленскі настойвае, што заходнія партнёры не давалі падрабязнасцей пра магчымы напад, а гаварылі пра яго «агульнымі словамі».
«Я не гатовы расказаць пра ўсё, што тады гаварыў Бёрнс, але яго галоўныя сігналы былі пра пагрозу майму жыццю. І гэта былі не першыя сігналы — яны паступалі адусюль, ад нашых спецслужбаў, ад замежных калег і гэтак далей», — сказаў украінскі прэзідэнт.
Ён тлумачыць, што не гаварыў пра гэтую пагрозу грамадзянам краіны, каб не сеяць хаос і не правакаваць эканамічныя праблемы. Зяленскі прывёў такія лічбы: цяпер Украіна губляе з-за вайны 5-7 млрд долараў у месяц. Вытрымаць такую нагрузку падчас зімы і ацяпляльнага сезона краіна не змагла б.
«Нельга проста мне сказаць: "Паслухай, ты павінен пачаць рыхтаваць людзей цяпер і сказаць ім, што трэба адкладваць грошы і запасацца ежай". Калі б мы гэта паведамілі (а гэтага хацелі некаторыя людзі, якіх я не буду называць), тады б я губляў 7 млрд долараў у месяц, пачынаючы з кастрычніка мінулага года. І ў той момант, калі расійцы сапраўды атакавалі, яны нас захапілі б за тры дні, — сказаў Зяленскі. — Калі мы пасеем хаос сярод людзей перад уварваннем, расейцы нас зжаруць».
Ён лічыць сваё рашэнне правільным і настойвае, што яно дапамагло падрыхтавацца да нападу. «І вось што адбылося, калі пачалося ўварванне: мы былі настолькі моцнымі, наколькі маглі быць», — лічыць прэзідэнт Украіны.
Кіраўнік дзяржавы настойвае, што ўдзячны ЗША за дапамогу. Хоць і адзначае, што Украіне патрабуюцца яшчэ вялікія аб'ёмы ўзбраення ад саюзнікаў, каб адбіць напад Расіі.
«У мяне няма ніякіх прэтэнзій да моманту, калі хтосьці пачынае мне казаць: "Але ж мы табе дасылалі сігналы". Да гэтага моманту ў мяне няма прэтэнзій. Але калі хтосьці сцвярджае, што яны дасылалі нам нейкія сігналы, я ім кажу: "Адпраўце нам зброю", — сказаў Зяленскі ў інтэрв'ю. — Я цалкам меў рацыю, і я ў гэтым перакананы нават сёння».

Паводле bbc.com.