Не спрабуй завербаваць фанатыка

Не спрабуй завербаваць фанатыка. Тым больш — маладога фанатыка. Сяргей Пальчэўскі, які публічна прыкаваў сябе кайданкамі да экскаватара — фанатык, гатовы ахвяраваць сабою дзеля Курапатаў.

palcheuskiiiii.jpg

Не буду іранізаваць з нагоды чарговага відавочнага «праколу» галоўнай айчыннай спецслужбы. У рэшце рэшт, павінны былі вучыць гэтых хлопцаў прынамсі падставам псіхалогіі — на ўзроўні разумення таго, як і з кім варта размаўляць. Але, відавочна, што вучыліся яны не надта добра: жаданне справаздачыцца чарговы падпісанай «паперкаю» перамагло здаровы сэнс.

У чым менавіта здаровы сэнс? Не спрабуй завербаваць фанатыка. Тым больш — маладога фанатыка. Сяргей Пальчэўскі, які публічна прыкаваў сябе кайданкамі да экскаватара — фанатык, гатовы ахвяраваць сабою дзеля Курапатаў. Але і Курапаты для яго — толькі сімвал Беларусі. І праз вярбоўку яго, вярбоўшчыкі тым самым давалі зразумець, што яны — супраць той Беларусі, фанатыкам якой ён з’яўляецца.

Гэта падобна да веры ў Бога. Святы Ігнацій Лаёла ўвайшоў у гісторыю царквы як стваральнік ордэну, які дазваляў усё, што спрыяе большай славы Божай. Дзеля Бога — усё дазволена.

Вось і ў выпадку з маладафронтаўцамі: усё, што дзеля Беларусі, што ідзе на шкоду яе ворагам — усё дазволена. Тым больш, што ніякага маральнага — не толькі юрыдычнага — закону Пальчэўскі не парушыў. Не напісаў ніводнай запіскі, не даў паказанні супраць паплечнікаў.

Падпісаць паперу пра супрацоўніцтва? Калі ласка! Заўтра вы будзеце падцірацца гэтай папераю, як ужо было з аналагічнымі дакументамі, на якіх стаялі подпісы Алеся Міхалевіча ды Улада Кобеца. І нічога не будзе: і ў самога Пальчэўскага, і ў кіраўніцтва «Маладога фронту» ўстойлівая псіхіка, іх не затроліш.

Паўстае адчуванне таго, што вярбоўка ішла нейкая няправільная. Што афіцэр, які вербаваў, не да супрацы ў імя Беларусі ўгаворваў маладзёна, а запалохваў, ціснуў, пагражаў. Ну — і атрымаў. Прычым Пальчэўскі выйшаў з гэтага лайна ў абсалютна белай вопратцы: досыць прачытаць каментары Зміцера Дашкевіча, які ўжо заявіў, што пасля таго, што здарылася, яму асабіста — усё роўна, хто і якія пасцельныя кадры выцягне на свет Божы. Бо цяпер усё гэта будзе ўспрымацца толькі як помста дробнага шантажыста. А вось той афіцэр КДБ, што вербаваў Пальчэўскага, і той, што не вядомы (да пары) шырокай грамадскасці, свой мундзір якраз лайном і запырскаў, давёўшы кіраўніцтве на справе свой непрафесіяналізм. Увогуле, пасля заявы Пальчэўскага зразумела, хто ў нас ДʼАртаньян, а хто — вельмі падобны да прадстаўніка нетрадыцыйных адносінаў у дрэнным сэнсе гэтага словазлучэння.

У самай вядомай байцы пра гародніну, што ўздымае паўстанне, ёсць такі персанаж-караняплод — містар Моркаў. Шпік, якога наймаюць графіні Вішні, каб ён гарантаваў ім спакой і, я бы сказаў, у чымсьці нават бяспеку. Місія містара Моркаў сканчаецца крахам. Гісторыя з масавым прызнаннем маладафронтаўцаў у спробах кадэбістаў завербаваць іх — сведчанне такога краху.

КДБ у вачах новага пакалення ператварылася ў камічную плюшавую цацку для біцця. Яны гатовыя да запалохвання, шантажу, вярбоўкі. Яны гатовыя гуляць, падпісваць, але пасля выхаду на волю — без усялякіх згрызотаў сумлення абнародаваюць усе падобныя гісторыі.

І з гэтым нічога не зробіш. Можна паспрабаваць схапіць хлопчыка-цыбуліну за чуб, але ты ж праз гэта і паплачаш.

Хаця, з майго пункту гледжання, нашага «містара Моркаў» трэба і пашкадаваць. Ён жа, верагодна, ішоў у спецслужбу не толькі кар’еру рабіць, але і нейкую карысць прыносіць. А тут яго прымушаюць абслугоўваць палітычны рэжым, што становіцца друзлым на вачах, пры гэтым абліваюць лайном з галавы да ног, ды яшчэ і публічна смяюцца. І — прыходзіцца цярпець.

Пытанне — за што змагаліся? Пальчэўскі з Дашкевічам — за Беларусь. А тыя, «маркоўныя»?

belsat.eu