Рэч у сабе. Як беларускі спорт зрабіўся нікому не патрэбным
Што цяпер чакае галіну, якую так падтрымліваў Лукашэнка?
У эпічным фільме «Асенні марафон» Наталля Гундарава пасля чарговай сваркі з мужам кажа: «Нікому я не патрэбная…» Нешта такое зараз адбываецца з беларускім спортам. Ён таксама нікому не здаўся. Яго выкідваюць з міжнародных спаборніцтваў. Яго баняць міжнародныя федэрацыі. Яго рашуча не прымае міжнародная супольнасць.
Галоўная прычына вядомая — Беларусь у свеце ўспрымаюць як саюзніка Расіі ў вайне ва Украіне. І, выкрэсліваючы з кантэксту расейскіх спартоўцаў, заадно выкрэсліваюць і беларускіх.
Але каго, дзе і як? На гэтае пытанне зараз паспрабуем адказаць. І пачнем з зімовых відаў, бо зімовы сезон як раз працягваецца.
Біятлона ў Беларусі не тое што засталося на тры дні — яго, уласна, ужо няма. Міжнародная федэрацыя нават не адмаўляла нашым страляючым лыжнікам удзельнічаць у Кубку свету і Кубку IBU, толькі што пазбавіла іх прыкмет дзяржаўнай прыналежнасці. То-бок спаборнічаць вы можаце, але толькі ў нейтральным статусе — без сцяга, гімна і сімволікі на форме. То ж самае прапісалі для расіян. У адказ тыя ж расіяне, а потым і беларусы горда адмовіліся ад удзелу на такіх прыніжальных умовах, і бакі разышліся як у моры караблі. Наш карабель, натуральна, паплыў у адваротны бок ад сусветных біятлонных плыняў.
Хакей таксама патрапіў у татальную ізаляцыю. Рашэннем IIHF усё беларускае болей не з'яўляецца легітымным на афіцыйным міжнародным лёдзе. Для зборнай закрыты бліжэйшы чэмпіянат свету, для клубаў — еўракубкавыя турніры. У гэтым месцы Рэнэ Фазел, відавочна, перахрысціцца. Маўляў, добра, што своечасова сышоў з пасады кіраўніка IIHF, і пра сяброўства з Уладзімірам Пуціным і Аляксандрам Лукашэнкам больш не спытаюць журналісты.
У трэндзе застаецца мінскае «Дынама», якое цяпер гуляе ў плэй-оф Кантынентальнай (лічы расейскай) хакейнай лігі, алеі тут аркестр грае ўсё цішэй. Бо з аднаго боку, каманда яўна не ў духу — першы матч серыі прайграла піцерскаму СКА з буйным лікам 3:8, а з другога — дынамаўскія легіянеры змазваюць лыжы, каб з'ехаць, а некаторыя ўжо і пакінулі клуб. Карацей, усё ідзе да таго, што ў двубоі з Пецярбургам «зубры» саступяць, а потым з Мінскам развітаюцца ўсе замежныя хакеісты. А новыя «легі» тут наўрад ці з'явяцца, за выключэннем хіба што расейскіх.
Гандбол пацярпеў пакуль толькі на клубным узроўні, але зборным яшчэ і гуляць не хутка, таму вялікай розніцы няма. Таму проста фіксуем: беларускія клубы адпраўлены на міжнародны каранцін — еўракубкі неяк справяцца без беларусаў. Галоўная страта тут навідавоку. Брэсцкі «Мяшкоў», лепшая каманда краіны, шматразовы чэмпіён і флагман, застанецца без Лігі чэмпіёнаў. І адпаведна, калі ўжо такі каленкор, то і гульцы-замежнікі берасцейцаў памалу пакідаюць клуб, Беларусь, месца, адкуль ідзе расійская агрэсія на суседнюю Украіну.
Баскетболу фактычна засталася толькі Ліга ВТБ — зноў жа турнір з расійскім кіраваннем. Мінскія «Цмокі» там і так целяпаліся ў хвасце табліцы, а цяпер будуць боўтацца яшчэ больш безнадзейна. Бо няма дурных і тут сярод легіянераў. Ацаніўшы сітуацыю, пагутарыўшы з роднымі, яны паразрывалі кантракты з беларускім працадаўцам і ўзялі квіткі на першыя авіярэйсы куды падалей. ФІБА ж (Міжнародная баскетбольная федэрацыя) папрасіла беларускі «баскет» на выхад. Што гэта азначае, вы ўжо ведаеце — ні зборным, ні клубам не дадуць дазволу на ўдзел у еўрапейскіх спаборніцтвах.
Канькабежны спорт, уключаючы роднасныя фігурнае катанне і шорт-трэк, пазбаўлены міжнароднага досведу агулам, бо падпарадкоўваюцца адной міжнароднай асацыяцыі. Зрэшты, гэтай страты заўзятары асабліва не заўважаць, таму што поспехаў на лёдзе тут у Беларусі няма. Цяпер і не прадбачыцца.
Лёгкая атлетыка паляцела ў бан ва ўсім сваім багацці дысцыплін. Адмыслова рэстаўраваны ў Мінску стадыён «Дынама», дзе паклалі сучасныя бегавыя дарожкі, цяпер усяго толькі помнік спартыўнага дойлідства. Калі, зразумела, не лічыць буйнымі стартамі, скажам, першынства прафсаюзаў Мінскай вобласці.
Увогуле санкцыі накрылі амаль увесь беларускі спорт. Усе фактычна віды: ад папулярных валейбола і цяжкай атлетыкі — да вузка спецыфічных накшталт таэквандо ці стральбы з лука. Дайшло да таго, што нават на Паралімпіядзе, якая ў Пекіне ўжо пачалася, расейцаў і беларусаў палічылі непажаданымі асобамі і ветліва папрасілі на выхад.
Але ці засталіся выключэнні, запытаецеся вы. Што засталося ў легальным полі? Хто яшчэ можа хаця б крыху лічыць сябе часткай сусветнай супольнасці? Як ні дзіўна, але такія ёсць. Мала, але ёсць. Пакуль ёсць.
Футбол захаваўся ў нахіленым выглядзе. Напярэдадні кансерватыўныя ФІФА і УЕФА вырашылі не адразаць беларусаў ад еўрапейскіх стасункаў. І зборная, і клубы маюць дазвол гуляць у адборачных турнірах, але ёсць адно «але». Гуляць яны могуць толькі не на радзіме і без гледачоў. У Беларусі матчы праводзіць забаронена — можна толькі за мяжой. Але калі б патрэба ўзнікла толькі зараз, то да Еўропы яшчэ паспрабуй дабярыся. Хіба праз Стамбул вялікім крукам у абыход баявых дзеянняў, а пасля — такім жа крукам — да мірнай Еўропы. Хаця кепская лагістыка — гэта тое, да чаго нашы футбалісты ўжо нібыта прызвычаіліся. Праз гісторыю з «Боінгам» ЕС і так закрыў неба для самалётаў з Беларусі, таму досвед шматчасовых маршрутаў ёсць.
Тэніс у аналагічнай сітуацыі: нешта можна, нечага нельга. Нельга гуляць камандныя турніры — мужчынскі Кубак Дэвіса і жаночы Кубак Білі Джын Кінг — то-бок менавіта тыя, дзе фігуруе краіна-ўдзельніца і гучаць гімны. Можна выступаць індывідуальна — у турнірах ІTP і WTA, дзе кожны сам па сабе і нацыянальнасць зусім не галоўнае.
Плаванне як тэніс. У якасці фізічнай асобы вы можаце прыязджаць і спаборнічаць у басейне, бо мы паважаем вашы правы — быць беларусам зусім не азначае падтрымліваць бамбаванне Украіны з тэрыторыі Гомельскай вобласці. Аднак аніякіх атрыбутаў дзяржаўнай прыналежнасці на вас не будзе. А ў выпадку вашай перамогі мы знойдзем музыку, якую можна ўключыць на ўзнагароджанні, і гэта не будзе гімн Беларусі.
Ну вось так усё пакуль. І, зразумела, з'яўляецца пытанне, што зробіць з беларускім спортам працяглая міжнародная ізаляцыя. Такая ізаляцыя, дарэчы, якой не ведалі нават савецкія спартоўцы і нават падчас вайны ў Афганістане.
Адказ на пытанне кароткі: спорт чакае паступовая, няўхільная дэградацыя. Ён і так у нас даўно не надта квітнее, але зараз патухнуць апошнія зоркі і сціхне апошні пераможны марш.
Іржа закране ўсе ўзроўні. Дарослыя спартоўцы страцяць матывацыю і хто завершыць кар'еру па ўзросце, а хто прыпыніць яе за адсутнасцю сэнсу. Дзеці не так масава будуць ісці ў прафесійны спорт — як не масава яны ідуць у ДНР, ЛНР ды на іншых непрызнаных тэрыторыях. Трэнерам не будзе каго трэніраваць, бо што так, што гэтак — выхаванцу анічога не свеціць на вялікіх турнірах. І ўсе, літаральна ўсе, будуць паглядаць за мяжу, каб працаўладкавацца там — гульцом, трэнерам, атлетам. Як Крысціна Ціманоўская, якая праз палітычны пераслед перайшла пад польскі сцяг, і цяпер знаходзіцца ў прывілеяваным становішчы адносна былых, больш рахманых сваіх калегаў.
Канечне, выйсце з сітуацыі беларускія чыноўнікі шукаюць звыкла — праз інтэграцыю з такой жа ізаляванай Расіяй. Нешта знойдуць, вядома, нейкія супольныя чэмпіянаты. Але пясок, як казаў класік, кепская замена аўсу, і такія «спартакіяды» славы пераможцам не прынясуць. Не кажучы пра тое, што з беларускага боку пераможцаў там можа не быць наогул.
Фота bfla.eu