216-ты дзень вайны. Данбас — мэта нумар адзін і для УСУ, і для акупантаў
У традыцыйным вечаровым звароце Уладзімір Зяленскі адзначыў, што найбольш гарачая кропка вайны на сёння — Данецкая вобласць, дзе ідуць вельмі жорсткія баі.
Прэзідэнт Украіны сказаў, што расейцы адчулі, што прайграюць, і спрабуюць адцягнуць гэты момант.
«Асабліва вострая сітуацыя — у Данецкай вобласці. Робім
усё, каб стрымаць варожую актыўнасць. Менавіта там цяпер наша мэта нумар адзін,
паколькі і для акупантаў Данбас — усё яшчэ мэта нумар адзін», — падкрэсліў Уладзімір Зяленскі.
Ён дадаў, што нягледзячы на відавочную бессэнсоўнасць вайны
для Расіі і страту акупантамі ініцыятывы, камандаванне расійскіх вайскоўцаў усё
адно гоніць іх на гібель.
«Сталыя спробы расійскага наступу на Данеччыне напэўна
ўвойдуць у гісторыю войнаў як адно з самых цынічных забойстваў сваіх жа
жаўнераў. Калі бачым гэта, калі бачым гэтыя наступы, яшчэ раз пераконваемся,
што расійская мабілізацыя — гэта адкрытая спроба даць камандзірам на месцах
пастаянны паток «гарматнага мяса», — сказаў Зяленскі.
Прэзідэнт дадаў, што «іншага сэнсу ў расійскай
мабілізацыі проста няма».
«Яны адчулі, што прайграюць, і спрабуюць проста
адцягнуць гэты момант, забяспечыць хоць нейкую актыўнасць на фронце, паставіць
хоць кагосьці са зброяй у руках замест загінулых», — адзначыў ён.
Як паведамляла раней намесніца міністра абароны
Украіны Ганна Маляр, цяпер эпіцэнтрам наступальных дзеянняў РФ з'яўляецца
Данецкая вобласць, на іншых участках працягваецца контрнаступленне ўкраінскіх
узброеных сіл.
«Сёння ў Расіі ёсць задача ўсё-такі
выйсці на адміністрацыйныя межы Данецкай вобласці і, уласна, яны там вельмі
магутна цяпер спрабуюць гэта зрабіць», — падкрэсліла Маляр.
Там часам, паводле інфармацыі украінскага Генштаба, за Расія нанесла 9 ракетных і 22 авіяцыйных удары па
тэрыторыі Украіны, ад агню пацярпелі больш за 50 населеных пунктаў.
«Застаецца пагроза авіяцыйных і ракетных удараў на ўсёй
тэрыторыі Украіны. Так, за мінулыя суткі праціўнік нанёс 9 ракетных і 22
авіяцыйных удары, здзейсніў больш за 90 абстрэлаў з РСЗА. За мінулыя суткі
вораг задзейнічаў ударныя БПЛА ў раёне населенага пункта Беленькае Адэскай
вобласці. Ад агнявога ўздзеяння пацярпела больш за 50 населеных пунктаў. Сярод
іх Славянск, Краматорск, Саледар, Аўдзееўка, Наваполь, Запарожжа, Марганец,
Мусіёўка, Крывы Рог, Нікапаль, Пацёмкіна, Аскораўка, Мікалаеў, Ачакаў і
Беленькае», — гаворыцца ў паведамленні.
Між тым на Валынскім, Палескім і Северскім кірунках
абстаноўка без істотных змен. На іншых кірунках праціўнік працягнуў абстрэлы з
танкаў, мінамётаў і артылерыі.
Так, на Слабажанскім напрамку расійцы атакавалі у раёнах
населеных пунктаў Баранаўка, Уды, Гацішча, Ваўчанск, Двухгадовае, Кучараўка,
Петрапаўлаўка і Сянькова.
На Краматорскім кірунку акупанты абстрэльвалі Стары Караван,
Азёрны, Северск, Спорнае, Раздолеўка і Вясёлае.
На Бахмуцкім напрамку праціўнік атакаваў Саледар,
Бахмуцкае, Грыгараўку, Бахмут, Зайцава, Маёрск і Юр'еўку, а на
Аўдзееўскім напрамку — Аўдзееўку, Вадзяное, Вопытнае, Краснагораўку, Мар'інку і
Наваміхайлаўку.
На Навапаўлаўскім кірунку пад абстрэлы патрапілі Залатая Ніва, Угледар, Паўлаўка і Ягораўка, а на Запарожскім кірунку — Навапіль, Навасёлка і Урэмаўка.
На Паўднёвабугскім кірунку ад артылерыйскіх і мінамётных абстрэлаў пацярпелі больш за 25 населеных пунктаў, што непадалёк з лініяй сутыкнення. У прыватнасці, Чырвоная Даліна, Шырокае, Андрэеўка, Белагорка, Ліманы і Мірнае.
Нягледзячы на актывізацыю расійскага боку ва Украіне не плануецца дадатковая мабілізацыя.
Пра гэта заявіў дарадца кіраўніка Офіса прэзідэнта Украіны Міхаіл
Падаляк.
«Мы ўжо стварылі рэзервы праз сістэму тэрытарыяльнай
абароны і будзем актыўна выкарыстоўваць гэтыя рэзервы. Мы не плануем сёння
аб'яўляць дадатковую мабілізацыю. У нас ёсць усё і мы гатовыя да большай
колькасці расійскіх вайскоўцаў», — сказаў Падаляк.
Паводле ўкраінскіх медыя.