237-мы дзень вайны. Украіна зноў пад масіраванымі абстрэламі

Раніцай у аўторак, 18 кастрычніка, расійцы зноў атакавалі тэрыторыю Украіны. У шмат якіх абласцях гучаць сірэны паветранай трывогі.

1666071179_8615.webp

Як паведамляе мэр Харкава Ігар Церахаў, некалькі выбухаў прагрымелі ў горадзе.

«Харкаў пад абстрэлам — у горадзе за пяць хвілін былі дзве серыі выбухаў. Паводле папярэдняй інфармацыі, пад ударам раён аднаго з прамысловых прадпрыемстваў горада», — паведаміў ён.

Кіраўнік АВА Алег Сінегубаў таксама паведаміў, што расійскія акупанты наносяць удары па Харкаве і раёне. Ён заклікаў знаходзіцца ў хованках.

Харкаўскі метрапалітэн апавяшчаў, што ў сувязі з абстрэламі часова прыпыняецца рух цягнікоў. Зрэшты,  неўзабаве рух па лініях Харкаўскага метрапалітэна ўжо быў адноўлены.

Таксама ў сацсетках распаўсюджваюць фота і відэа, на якіх можна ўбачыць задымленне пасля верагодных прылётаў у Дняпры.

Як паведаміў кіраўнік Днепрапятроўскай АВА Валянцін Разнічэнка, расійцы ўдарылі дзвюма ракетамі па аб'екце энергетычнай інфраструктуры ў Дняпры. У вобласці — праблемы з вода- і электразабеспячэннем.

«Там пажар і сур'ёзныя разбурэнні. Без электрычнасці засталіся асобныя раёны Дняпра, Сінельнікава і Васількоўкі. Абясточана адна з помпавых станцый «Днепрводаканала». На левым беразе горада перабоі з вадой. Усе службы прыступяць да працы, як толькі пройдзе небяспека новых нападаў», — паведаміў ён і заклікаў да эканомнага спажывання электрычнасці ў бліжэйшы час.

Паведамляюць таксама аб выбухах і абясточванні ў Жытоміры. Як адзначылі ў адміністрацыі горада, ёсць два прылёты ў аб'ект энергазабеспячэння.

Вядома таксама аб працы СПА ў Кіеўскай вобласці, інфармацыю пацвердзіў кіраўнік АВА Аляксей Кулеба. Ён падкрэсліў, што не варта распаўсюджваць фота і відэа вынікаў працы СПА і варожых аб'ектаў. 

Пачалі з'яўляцца паведамленні і аб гуках выбухаў у Кіеве, ёсць перабоі з электразабеспячэннем.

Адначасова гарадскі галава Бровараў Ігар Сапожка пацвердзіў, што ў горадзе чуваць выбухі — працуе СПА.

Акрамя гэтага, тэлеграм-каналы паведамляюць аб выбухах у Запарожжы і верагоднай працы СПА. Пакуль інфармацыя не пацверджана ўладамі.

У перыяд з 4:40 да 8:20 паветраная трывога была абвешчаная па ўсёй тэрыторыі Украіны.

Пасля 6 раніцы стала вядома, што ў Крывым Рогу раздаюцца выбухі.

Да гэтага часу ўжо вядома аб нападах на Днепрапятроўскую і Мікалаеўскую вобласці. Мікалаеў абстрэльвалі з часова акупаванай Херсоншчыны. У горадзе знікла святло, без электраэнергіі часткова засталіся населеныя пункты ў вобласці. Ноччу ў вобласці збілі пяць дронаў-камікадзэ.

Паводле unian.net.