268-ы дзень вайны. Праблемы з энергетыкай, гараджанам раяць ехаць зімаваць у вёску

Галоўнае аб вайне ва Украіне на гэты час.

ukraina_scjah_1.jpg

Руская армія ўначы накрыла агнём Нікапаль

Войскі РФ некалькі разоў за ноч абстралялі з РСЗА Нікапаль у Днепрапятроўскай вобласці. Пашкоджаны жылыя дамы, гаражны кааператыў і інфраструктура горада. Ахвяр і пацярпелых няма.

Пра гэта 18 лістапада паведаміў кіраўнік абласной ваеннай адміністрацыі Валянцін Разнічэнка: «Выпусцілі на начныя кварталы больш за 40 снарадаў. Абышлося без пацярпелых».

Кіраўнік АВА ўдакладніў, што ў горадзе пашкоджана некалькі шматпавярховікаў і прыватных дамоў, гаспадарчыя пабудовы і лінія электраперадач. «Прыляцела ад расіян таксама ў Сонечную падстанцыю і гаражны кааператыў. Пашкоджаны гаражы і аўтамабілі». 

Наступствы абстрэлу Нікапаля ў Днепрапятроўскай вобласці. Фота t.me/Yevtushenko_E

 

Колькасць ахвяр у Вальнянску вырасла да дзевяці

17 лістапада расійская ракета трапіла ў двухпавярховы жылы дом у Вальнянску Запарожскай вобласці. Раней паведамлялася пра 7 загінулых. Сёння раніцай з-пад завалаў жылога дома дасталі целы яшчэ двух загінулых у выніку варожай атакі. Аварыйна-выратавальныя работы працягваюцца, паведамілі ў Офісе прэзідэнта Украіны.

2783761.jpg

Цяпер ратавальнікі, камунальнікі і валанцёры разбіраюць і вывозяць будаўнічае смецце на месцы трапляння ракеты. Ужо разабрана больш за 90 тон рэшткаў будаўнічых канструкцый.

У Данецкай вобласці за мінулыя суткі ў выніку расійскіх абстрэлаў загінуў адзін мірны жыхар — у Бахмуце. Яшчэ чатыры чалавекі ў вобласці атрымалі раненні, паведаміў кіраўнік АВА Павел Кірыленка.

За мінулыя суткі ўкраінскае войска адбілі атакі расіян у раёнах населеных пунктах Навасёлкаўскае і Стэльмахоўка Луганскай вобласці і Белагораўка, Верхнякаменскае, Спорнае, Вопытнае, Першамайскае, Вадзяное і Новаміхайлаўка Данецкай вобласці, паведаміў Генштаб у ранішняй зводцы.

У Луганскай вобласці ў сувязі са значнымі стратамі асабовага складу і недастатковай колькасцю медыцынскага персаналу ў падраздзяленнях загадам рускіх акупантаў работнікаў медыцынскіх устаноў рэгіёна абавязалі стаць на ваенны ўлік для далейшага даўкамплектавання вакантных пасад.

У Белгародскай вобласці РФ пачалася актыўная вярбоўка работнікаў прамысловых прадпрыемстваў у ПВК Вагнер. Так, па дамоўленасці з кіраўніцтвам Аскольскага электраметалургічнага камбіната работнікаў прызыўнога ўзросту будуць прыцягваць да ваенных збораў на базе ПВК Вагнер на тэрмін у 30 дзён з захаваннем заработнай платы. Зборы плануецца праводзіць партыямі — па 25% работнікаў. Па завяршэнні ўдзельнікам будзе прапанавана падпісаць кантракт з прыватнай ваеннай кампаніяй.

Віцэ-старшыня Еўракамісіі Валдзіс Дамброўскіс прыбыў з візітам у Кіеў.

2783752.jpg

«Прыбыў у Кіеў, каб абмеркаваць падтрымку ЕС Украіны, засяродзіцца на надзвычайнай фінансавай падтрымцы і нашых планах на 2023 год». Таксама ён плануе абмеркаваць з Зяленскім канкрэтныя крокі для больш цеснай эканамічнай інтэграцыі паміж ЕС і Украінай.

Амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW) дапускае, што УСУ змогуць сарваць спробы расійскай арміі ўмацавацца і ўтрымаць свае пазіцыі на акупаванай частцы Херсоншчыны, хоць украінскім сілам, верагодна, будзе складаней дамагчыся сур'ёзных вынікаў ва ўсходняй частцы вобласці.

Абмежаваная колькасць якасных аўтамабільных дарог і чыгунак у гэтым раёне, асабліва тых, што злучаюць Крым з мацерыком, стварае патэнцыйныя вузкія месцы, якія могуць быць уразлівымі і якія Украіна можа паспяхова блакіраваць. Гэта, адпаведна, пагоршыць здольнасць РФ забяспечваць сваю групоўку ва ўсходняй частцы Херсоншчыны, а таксама ў іншых рэгіёнах Паўднёвай Украіны, лічаць эксперты ISW.

Брытанская выведка мяркуе, што Расія можа паспрабаваць задзейнічаць частку выведзеных з Херсонскай вобласці сіл для ўзмацнення і пашырэння сваіх наступальных аперацый у раёне Бахмута Данецкай вобласці. Пасля вываду войскаў з правабярэжжа Дняпра расійскія сілы працягваюць надаваць прыярытэтную ўвагу перааснашчэнню, рэарганізацыі і падрыхтоўцы абароны на большасці ўчасткаў Украіны.

Новыя траншэйныя сістэмы пабудаваны ля мяжы з Крымам, а таксама каля ракі Северскі Данец паміж Данецкай і Луганскай абласцямі. Некаторыя з гэтых месцаў знаходзяцца на адлегласці да 60 кіламетраў ад цяперашняй лініі фронту. Гэта дае падставы думаць, што расійскія стратэгі рыхтуюцца на выпадак далейшых буйных прарываў украінскіх войскаў, адзначаюць аналітыкі.

Міністр абароны Славакіі Яраслаў Надзь паведаміў, што ўжо сёмая самаходная артылерыйская ўстаноўка «Zuzana 2» прыбыла ва Украіну.

Аўстралійскі мільярдэр Эндру Форэст стварыў інвестфонд для дапамогі і аднаўлення Украіны і ўклаў у яго 500 мільёнаў долараў. Чакаецца, што сума фонду складзе мінімум 25 мільярдаў долараў, а ў далейшым вырасце да 100 мільярдаў долараў, піша BBC. Грошы пойдуць на энергетычную інфраструктуру Украіны, у тым ліку на аднаўляльную энергетыку.


У пятніцу, 18 лістапада, па ўсёй Украіне на працягу сутак будуць прымяняцца графікі пагадзінных адключэнняў электраэнергіі, таксама магчыма дадатковае ўвядзенне аварыйных адключэнняў, паведаміла Укрэнерга.

Мэр Івана-Франкоўска Руслан Марцінкіў заклікаў жыхароў шматпавярховых дамоў на зіму выехаць за горад з-за складанай сітуацыі з энергазабеспячэннем: «Рэкамендую знайсці месца для жыцця ў сельскай мясцовасці або ў прыватных дамах. Хтосьці можа мець радню, знаёмых у вёсках. Пажадана дамовіцца наконт пражывання, вельмі цяжка будзе выжываць у шматкватэрных дамах».

Марцінкіў удакладніў, што праз расійскія абстрэлы 53 шматпавярховікі ў Івана-Франкоўску засталіся без ацяплення, і падкрэсліў, што сітуацыя можа пагоршыцца, калі ў дамах па некалькі дзён не будзе яшчэ і электрычнасці.


Учора Рада МАГАТЭ прыняла трэцюю рэзалюцыю з пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне, у якой заклікала Расію спыніць усе дзеянні на ўкраінскіх ядзерных аб'ектах. У ёй арганізацыя «выказвае сур'ёзную занепакоенасць тым, што Расійская Федэрацыя не прыслухалася да заклікаў Рады неадкладна спыніць усе дзеянні на ядзерных аб'ектах ва Украіне, і просіць Расійскую Федэрацыю зрабіць гэта неадкладна».

Таксама ў рэзалюцыі МАГАТЭ заклікала Расію неадкладна вывесці свае сілы з Запарожскай АЭС і выказала «сур'ёзную занепакоенасць у сувязі з непрымальным ціскам на ўкраінскі аператыўны персанал і з яго затрыманнямі, а таксама неаднаразовымі перабоямі ў знешнім энергазабеспячэнні ў выніку абстрэлаў прылеглай тэрыторыі».

З 35 краін за рэзалюцыю прагаласавалі 24, дзве (Кітай і Расія) выказаліся супраць, сем (Кенія, Намібія, Індыя, Пакістан, Саудаўская Аравія, Паўднёвая Афрыка і В'етнам) устрымаліся, яшчэ дзве адсутнічалі падчас галасавання.