267-ы дзень вайны. Збожжавае пагадненне працягнута, новы «Рамштайн» і масавы крадзеж дзяцей ва Украіне

Галоўнае аб вайне ва Украіне на гэты час.

Фота з тэлеграм-канала Уладзіміра Зяленскага

Фота з тэлеграм-канала Уладзіміра Зяленскага

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі паведаміў, што атрымаў «публічныя і не вельмі» сігналы ад лідараў іншых краін пра жаданне Уладзіміра Пуціна пачаць перамовы. На думку ўкраінскага лідара, любы дыялог павінен праходзіць публічна, а не кулуарна. «Я прапанаваў публічную форму, таму што Расія вядзе з Украінай публічную вайну», — сказаў Зяленскі.

Так, сярод апошніх — заклік пастаяннага прадстаўніка КНР пры ААН Чжан Цзюня, які на пасяджэнні Рады Бяспекі прасіў Украіну «адказна адгукнуцца на прапановы Расіі аб перамовах».

* * *

Збожжавае пагадненне прадоўжана яшчэ на 120 дзён — адпаведнае рашэнне было раніцай 17 лістапада прынята ў Стамбуле. Пра гэта паведаміў міністр інфраструктуры Украіны Аляксандр Кубракоў. Гарантамі выканання ініцыятывы засталіся ААН і Турцыя.

З 1 жніўня — ад уступлення ў сілу збожжавай ініцыятывы — і па сённяшні дзень Украіна экспартавала больш за 11 мільёнаў тон аграпрадукцыі ў 38 краін свету. Украіна афіцыйна звярнулася да партнёраў па ініцыятыве з прапановай прадоўжыць ініцыятыву і далучыць да яе порт Мікалаеў. Цяпер Кіеў чакае адказу.

* * *

Брытанская выведка прагназуе, што зніжэнне магутнасцей у энергасістэме Украіны паўплывае на доступ насельніцтва да камунікацый, ацяплення і водазабеспячэння. Дэградацыя нацыянальнай інфраструктуры Украіны стала ключавым элементам стратэгічнага падыходу Расіі да ваеннай кампаніі, адзначаюць аналітыкі.

* * *

Рускія толькі што абстралялі Днепр, Адэсу і Кіеў. Ёсць некалькі траплянняў у інфраструктурныя аб'екты. Паводле папярэдніх даных, адзін чалавек пацярпеў, паведамілі ў Офісе прэзідэнта. Кіраўнік Адэскай АВА таксама паведаміў, што ёсць пагроза масіраванага ракетнага ўдару па ўсёй тэрыторыі Украіны.

Ноччу рускія нанеслі ракетны ўдар па адным з населеных пунктаў у Запарожскай вобласці. У выніку трапляння ракеты разбураны двухпавярховы жылы дом. Пад заваламі апынуліся людзі, двое з іх загінулі, паведаміў кіраўнік АВА Аляксандр Старух.

За мінулыя суткі расіяне абстрэльвалі гарады Купянск і Ваўчанск, іншыя населеныя пункты Харкаўскай вобласці, размешчаныя непадалёк ад лініі сутыкнення. У Купянскім раёне паранены і шпіталізаваны тры чалавекі.

У Данецкай вобласці за мінулыя суткі ў выніку расійскіх абстрэлаў паранены чацвёра мірных жыхароў — трое ў Бахмуце і адзін у Пераезным. Акрамя таго, у Сасновым праваахоўнікі знайшлі цела аднаго мірнага жыхара, забітага падчас акупацыі, паведаміў кіраўнік АВА Павел Кірыленка.

У ноч на 17 лістапада расійскія войскі зноў абстралялі Нікапаль. Па словах кіраўніка Днепрапятроўскай АВА Валянціна Разнічэнкі, прыляцелі больш за 70 расійскіх снарадаў. У Нікапалі разбураны 20 шматпавярховых і прыватных дамоў, дзясятак гаспадарчых пабудоў, каледж, машыны, газаправод і лініі электраперадач. 6 тысяч спажыўцоў засталіся без электрычнасці, больш за 40 тысяч сем'яў — без вады. «Рускія накіравалі свае «Грады» і цяжкую артылерыю на чатыры абшчыны — Міроўскую, Марганецкую, Чырвонагрыгор’еўскую і Нікапальскую», — напісаў ён у тэлеграме.

* * *

Паводле даных украінскага Генштаба, у Кахоўскім раёне расіяне ўзмацнілі фільтрацыйныя мерапрыемствы. Украінскія вайскоўцы мяркуюць, што гэта звязана з нядаўнім агнявым паражэннем расійскіх пазіцый у гэтым раёне. «У самой Кахоўцы расійскія захопнікі мініруюць аб'екты інфраструктуры і знішчаюць вышкі сотавай сувязі», — дадалі ў зводцы.

* * *

У МУС Украіны  паведамілі, што адшукалі ў вызваленых ад расійскіх войскаў раёнах Херсонскай вобласці целы 63 ахвяр катаванняў. Таксама ўкраінскія праваахоўнікі знайшлі 11 месцаў пазбаўлення волі, у чатырох з якіх ужывалі катаванні.

Кіраўнік МУС Украіны Дзяніс Манастырскі папярэдзіў, што «пошукі толькі пачаліся, таму будзе выяўлена яшчэ шмат засценкаў і месцаў пахавання». Паводле яго слоў, ужо адкрыта 436 спраў па выніках першых прыкмет ваенных злачынстваў.

* * *

Паводле папярэдніх ацэнак, выбухованебяспечнымі прадметамі забруджана больш за 130 тысяч квадратных кіламетраў тэрыторыі Украіны — гэта амаль траціна тэрыторыі дзяржавы. Паводле інфармацыі ўпраўлення інжынерных войскаў камандавання сіл падтрымкі УСУ, з лютага сапёры праверылі на наяўнасць выбухованебяспечных прадметаў больш за 841 гектар, 57 тысяч квадратных метраў будынкаў, выяўлена і абясшкоджана больш за 31 тысячу адзінак выбухованебяспечных прадметаў.

* * *

draftukrainecotnovember16_2022.png

У новай справаздачы амерыканскага Інстытута вывучэння вайны (ISW)  паведамляецца, што ў Расіі і на акупаваных ёй украінскіх тэрыторыях пачалася абуральна адкрытая кампанія, дзе нахвальваецца і рэкламуецца прымусовы вываз украінскіх дзяцей, каб далей іх усынаўлялі расійскія сем'і.

Між іншым, шматсерыйны дакументальны фільм пра некалькіх дзяцей, вывезеных з Данбаса і гвалтоўна перададзеных расійскім прыёмным сем'ям, актыўна распаўсюджваюць пракрамлёўскія «ваенкары» і афіцыйныя асобы.

У гэтым серыяле сцвярджаецца, што толькі ў 2022 годзе расійскія чыноўнікі «эвакуіравалі» з Данбаса больш за 150 тысяч дзяцей.

Акрамя таго, кіраўнік Чачні Рамзан Кадыраў заявіў, што працуе над тым, каб «цяжкіх падлеткаў» з акупаваных частак Украіны адпраўлялі ў Чачню для «прафілактычнай працы» і «вайскова-патрыятычнага выхавання».

Раней Зяленскі заяўляў, што акупанты незаконна дэпартавалі з Украіны ў Расію мінімум 11 тысяч дзяцей — гэта толькі тыя, чые імёны ўжо вядомыя.

Аналітыкі ISW лічаць, што схемы па прымусовым усынаўленні і дэпартацыі дзяцей пад выглядам праграм адпачынку і рэабілітацыі, мяркуючы па ўсім, утвараюць стрыжань маштабнай кампаніі па дэпапуляцыі ўкраінцаў.

* * *

Ракеты, якія ўпалі ў польскім сяле Пшэводуў за 7 кіламетраў ад мяжы з Украінай, не былі ракетамі ўкраінскай сістэмы СПА, сцвярджае прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі. Польскія ўлады агучваюць адваротную версію. СNN адзначае, што ўкраінскія вайскоўцы ўсё ж паведамілі ЗША і іх саюзнікам, што сапраўды спрабавалі перахапіць расійскую ракету недалёка ад польскай мяжы.

Вашынгтон заявіў, што адказвае за тое, што адбылося, Расія. А Масква ў сваёй вайне з Украінай абвінавачвае Вашынгтон і NАТО.

* * *

Заходнія саюзнікі Кіева правялі сёмую сустрэчу ў фармаце «Рамштайн». На гэты раз нарада прайшла на фоне масіраванай ракетнай атакі на Украіну і падзення ракет на тэрыторыі Польшчы.