305-ты дзень вайны: Расія ладзіць у Беларусі «каруселі» і плануе прывозіць украінскіх дзяцей

Па-ранейшаму ідзе вайна ва Украіне. І па-ранейшаму немалая ўвага прыкутая да Беларусі, дзе засяродзілася частка расійскіх сілаў уварвання. Але ўкраінскія вайскоўцы кажуць, што іх мэта пакуль — трымаць у напружанні УСУ.

iw6w4zcb6zqnbfrrwrp6zq_yod5y.jpg


Сілы абароны Украіны за суткі адбілі атакі ворага каля 15 населеных пунктаў трох абласцей і ўдарылі па 7 раёнах засяроджання ворага, гаворыцца ў ранішняй зводцы Генштаба УСУ. Таксама расіяне здзейснілі больш за 90 абстрэлаў з РСЗА, у прыватнасці, па грамадзянскіх аб'ектах Херсона. Загінулі мірныя людзі.

Інстытут вывучэння вайны (ISW) назірае запаволенне наступу расійскіх войскаў у раёне Бахмута і мяркуе, што захопнікі будуць ініцыяваць тактычную або аператыўную паўзу. Эксперты мяркуюць, што хуткасць прасоўвання расійскіх войскаў у раёне Бахмута, верагодна, запаволілася ў апошнія дні, хоць яшчэ рана гаварыць аб тым, што расійскі наступ з мэтай захопу Бахмута дасягнуў кульмінацыі. Паводле ISW, расійскія вайсковыя блогеры прызналі, што ўкраінскім сілам у раёне Бахмута ўдалося некалькі запаволіць тэмпы расійскага наступу вакол Бахмута і навакольных населеных пунктаў, а адзін з іх сцвярджае, што ўкраінскія сілы адціснулі групы «вагнераўцаў» на пазіцыі, якія яны займалі некалькі дзён таму.

Аналітыкі лічаць, што абмежаваныя асабісты склад і колькасць боепрыпасаў расійскіх вайскоўцаў, верагодна, не дазволяць ім падтрымліваць цяперашнія высокія тэмпы наступальных аперацый у раёне Бахмута ў бліжэйшай перспектыве. Расійскія войскі, верагодна, будуць спрабаваць падтрымліваць тэмпы сваіх наступальных аперацый у раёне Бахмута і могуць паспрабаваць забяспечыць тактычную або аператыўную паўзу.

На іх думку, бесперапыннае і дарагое наступленне Расіі на Бахмут можа таксама пагоршыць здольнасць Расіі пераследаваць доўгатэрміновыя мэты на тэатры ваенных дзеянняў на Данбасе.

Таксама ў зводцы аналітыкаў адзначаецца, што расійскія чыноўнікі плануюць вывезці дзяцей з Горлаўкі і Данецка ў Беларусь, магчыма, як схему дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей.

Спікер Дзяржаўнай памежнай службы Украіны Андрэй Дземчанка ў эфіры нацыянальнага тэлемарафона 24 снежня заявіў, што яго ведамства пакуль не фіксуе перамяшчэння вайсковай тэхнікі або жывой сілы да ўкраінскай мяжы з боку Беларусі.

«На гэты момант, на шчасце, сітуацыя на мяжы з Беларуссю застаецца цалкам кантраляванай. Мы не адзначаем нейкага перамяшчэння тэхнікі або вайскоўцаў па той бок мяжы. Вядома, Беларусь, як адзначалася раней, і гэта працягваецца ўжо некаторы час, узмацніла сваю мяжу з нашай краінай. Мы гэта неаднаразова падкрэслівалі. Яны нібыта бачаць нейкую пагрозу з нашага боку. І тыя падраздзяленні, якія былі кінутыя на ўзмацненне мяжы, яны застаюцца, не мяняецца ні іх колькасць, ні характар іх дзеянняў», —  сказаў Дземчанка.

У той жа час камандуючы Абʼяднанымі сіламі УСУ генерал-лейтэнант Сяргей Наеў паведаміў, што мотастралковы батальён і два танкавыя батальёны ў Беларусі атрымалі заданне вылучыцца ў раёны, якія мяжуюць з Украінай.

Але начальнік Галоўнага ўпраўлення разведкі Кірыл Буданаў у інтэрвʼю The New York Times сказаў, што ніякія разведданыя не ўказваюць на непасрэдную пагрозу з боку Беларусі. Паводле яго слоў, расійскія войскі не выстраены ў штурмавыя злучэнні. Навучальныя лагеры для расійскіх салдат запоўненыя нядаўна мабілізаванымі грамадзянскімі асобамі, якія пасля праходжання навучання адпраўляюцца ваяваць на Данбас на ўсходзе Украіны. У той жа час на навучальных палігонах не хапае бранятэхнікі ў спраўным стане для правядзення атакі.

Расійскія вайскоўцы спрабуюць «падняць трывогу» ва ўкраінскім войску, садзячы салдат на цягнікі, якія рухаюцца ў бок мяжы Беларусі з Украінай. Паводле яго, Савецкі Саюз выкарыстоўваў такую тактыку падчас Другой сусветнай вайны, адпраўляючы салдат у бескарысныя паездкі на цягніках для імітацыі нападу або адступлення.

У Беларусі адзін цягнік з расійскімі салдатамі нядаўна спыніўся ля мяжы з Украінай, а затым вярнуўся назад з усімі салдатамі, расказаў Буданаў, назваўшы такую тактыку імітацыі «каруселлю».

На гэты момант расійскія вайсковыя падраздзяленні не маюць груповак для нападу і сфармаваць іх за адзін дзень проста немагчыма, адзначыў Буданаў.