412-ты дзень вайны. Бахмут не здаецца, расійцы лезуць наперад, нягледзячы на страты

Больш за год ва Украіне працягваецца вайна, якую развязаў Крэмль пры дапамозе Лукашэнкі. Сабралі апошнія звесткі з франтоў.

Фота ua.depositphotos.com

Фота ua.depositphotos.com

У нядзелю і панядзелак 9-10 красавіка расійскія акупанты працягнулі прасоўвацца наперад пад горадам Бахмут Данецкай вобласці і ў самым населеным пункце.

Верагодна, захопнікі па-ранейшаму нясуць сур'ёзныя страты, гаворыцца ў свежай справаздачы амерыканскага Інстытута вывучэння вайны (ISW). Паводле яго даных, у прыватнасці, апублікаваныя відэа, на якіх адзначана геалакацыя, сведчаць аб тым, што ворагі трохі змаглі прабіцца наперад на паўночны захад ад пасёлка Хромава, які знаходзіцца ў некалькіх кіламетрах ад Бахмута.

«Расійскія войскі нязначна прасунуліся на паўднёвым захадзе Бахмута і на поўнач ад вёскі Сака і Ванцэці (15 км на поўнач ад Бахмута)», — адзначаецца ў справаздачы.

Фота з тэлеграм-канала Уладзіміра Зяленскага

Фота з тэлеграм-канала Уладзіміра Зяленскага

Увечары 10 красавіка Генштаб Узброеных сіл Украіны паведаміў, што расійцы працягнулі спрабаваць наступаць на Бахмуцкім, Аўдзееўскім, Мар'інскім і Ліманскім кірунках.

Паводле слоў камандуючага Усходняй групоўкай войскаў генерал-палкоўніка Аляксандра Сырскага, украінскія войскі ў Бахмуце знясілілі вагнераўцаў, і праціўнік вымушаны прыцягваць да баёў за горад дэсантнікаў і спецназаўцаў.

Украінскія вайскоўцы на гэтых кірунках адбілі 52 варожыя атакі, паведаміў Генеральны штаб УСУ. «Нягледзячы на шматлікія страты ў тэхніцы і жывой сіле, праціўнік не адмаўляецца ад вядзення захопніцкай вайны», — гаворыцца ў паведамленні.

У Генштабе дадалі, што самыя жорсткія баявыя дзеянні працягваюцца за Мар'інку і Аўдзееўку.

Фота Генштаба Украіны

Фота Генштаба Украіны

Тым часам брытанская выведка паведаміла, што расійскія дэсантнікі атрымалі зброю, якой раней у іх не было. Гэта сведчыць, што дэсантныя падраздзяленні будуць адыгрываць галоўную ролю ў будучых наступальных аперацыях РФ ва Украіне.

Гаворка ідзе пра тэрмабарычныя рэактыўныя сістэмы залпавага агню ЦАС-1А (абрэвіятура расшыфроўваецца як «Цяжкая агнямётная сістэма»).

«ЦАС-1А мае вялікую разбуральную сілу, Расія называе яго «цяжкім агнямётам». Такую зброю звычайна эксплуатуюць расійскія спецыялізаваныя войскі хімічнай, біялагічнай і радыёлагічнай абароны ва Украіне, раней яны фармальна не асацыяваліся з ПДВ», — адзначылі брытанскія аналітыкі.

Перавод ЦАС-1А на ўзбраенне ПДВ паказвае на будучую ролю дэсантнікаў у наступальных аперацыях ва Украіне. «Верагодна, гэта частка намаганняў па аднаўленні ПДВ пасля цяжкіх страт у першыя дзевяць месяцаў вайны», — дапусцілі ў брытанскай выведцы.

Фота unian.net

Фота unian.net

У сваю чаргу ва Украіне анансавалі «сюрпрыз» для расійскіх караблёў. Маецца на ўвазе новая атаку на флот РФ у Чорным моры, падобная патапленню крэйсера «Масква».

«Мы можам прапанаваць ім (расійцам) чарговы «сюрпрыз» на моры, чарговую «бавоўну», звязаную з іх караблямі. Мы проста чакаем зручнага моманту, каб паўтарыць гэтую гісторыю», — заявіў на брыфінгу міністр абароны Украіны Аляксей Рэзнікаў.

Кіраўнік Мінабароны адзначыў, што не будзе выдаваць дэталі патаплення крэйсера «Масква» на просьбу кіраўніцтва флоту.

«Мне вельмі хочацца падзяліцца дэталямі, з якімі я знаёмы, але ў нас ёсць дамоўленасць з камандуючым украінскага флоту Аляксеем Няіжпапам, дзякуючы яго намаганням і яго камандзе гэта адбылося. Не ўсе дэталі мы цяпер можам раскрыць», — сказаў Рэзнікаў.

Фота Мінабароны РФ

Фота Мінабароны РФ

13 красавіка 2022 года крэйсер «Масква» (на фота) быў падбіты дзвюма ракетамі берагавога супрацькарабельнага комплексу ВМС «РК-360МЦ» «Няптун». На наступны дзень у выніку пашкоджанняў і пажару ён нахіліўся на левы борт і затануў.

Менавіта гэты карабель украінскія памежнікі з выспы Змяіны ў пачатку поўнамаштабнага ўварвання паслалі ў вядомым кірунку, калі ім прапанавалі здацца.

«Масква» з'яўляецца найбуйнейшым ваенным караблём, патопленым у выніку бою, з часоў Другой сусветнай вайны.