455-ты дзень вайны: Баі ўжо ў Расіі, а ў расійскім войску — праблемы з дысцыплінай

Дзёрзкі прарыў расійскіх добраахвотнікаў у Белгарадскую вобласць стаўся зусім нечаканай падзеяй. Украіна кажа, што «з цікавасцю назірае» за гэтым. А ў Бахмуце тым часам — адноснае зацішша.

_viyskovi_donetska_oblast_vesna_2023_gettyimages_1252158632_4_650x410.jpg


Генштаб УСУ інфармуе

Згодна з афіцыйнай зводкай украінскага Генштаба, за мінулыя суткі войскі РФ нанеслі 41 авіяцыйны ўдар па Украіне і здзейснілі 53 абстрэлы з рэактыўных сістэм залпавага агню. «Пацярпелі мірныя жыхары, разбураныя і пашкоджаныя прыватныя жылыя дамы і іншая грамадзянская і адміністрацыйная інфраструктура. Верагоднасць нанясення ракетных і авіяцыйных удараў па ўсёй тэрыторыі Украіны застаецца высокай», — гаворыцца ў ранішняй зводцы.

Адзначаецца, што праціўнік працягвае засяроджваць асноўныя намаганні на Купянскім, Ліманскім, Бахмуцкім, Аўдзееўскім і Мар'інскім напрамках. На названых участках адбылося 26 баявых сутыкненняў, у эпіцэнтры баявых дзеянняў застаюцца Бахмут і Мар'інка.

На Валынскім і Палескім кірунках (з боку Беларусі) аператыўная сітуацыя без істотных змен.

Генштаб Украіны ўпершыню са снежня 2022 года не паведаміў пра баі ў горадзе Бахмут у сваёй зводцы. Спікер Усходняй групоўкі войскаў УСУ Сяргей Чараваты распавёў, што на Бахмуцкім кірунку колькасць боесутыкненняў за суткі зменшылася да трох. Украінскія абаронцы знішчылі 79 расійскіх акупантаў. У сваю чаргу, УСУ прасоўваюцца на поўдні і поўначы ад горада.

347612597_273350468540545_7873957971562768908_n.jpg


Белгарад: што гэта было?

22 траўня байцы «Рускага Добраахвотніцкага корпуса» і легіёну «Свабода Расіі», якія ваююць на баку Украіны, абвясцілі аб пачатку аперацыі ў Белгарадскай вобласці. У прыватнасці, ім удалося захапіць некалькі адзінак варожай ваеннай тэхнікі.

Па іх словах, па стане на 15.00 23 траўня пад кантроль было ўзята як мінімум тры вёскі і вяліся баі ў межах горада Гайварон. Добраахвотнікі заяўлялі пра сваю мэту ўзяць горад. Расійскі бок (афіцыйныя асобы, «ваенкоры», СМІ) казалі пра ўкраінскую ДРГ, якую будуць выціскаць за лінію мяжы.

Прадстаўнік Галоўнага ўпраўлення выведкі Мінабароны Украіны Андрэй Юсаў сказаў, што на тэрыторыі Расіі ў Белгарадскай вобласці ствараецца паласа бяспекі для абароны ўкраінцаў.

23 траўня ў зводцы Мінабароны РФ расійскі генерал Канашэнкаў распавёў, што войскі нібыта знішчылі «ўкраінскія фармаванні», якія зайшлі на тэрыторыю Белгарадскай вобласці: страты дыверсантаў, нібыта «складаюць больш за 70 чалавек, чатыры баявыя браняваныя машыны і пяць пікапаў».

Амерыканскае выданне The New York Times са спасылкай на «ананімнага ўкраінскага чыноўніка» таксама напісала, што падраздзяленні, якія складаюцца выключна з расійцаў падчас аперацыі ў Белгарадскай вобласці, нібыта «панеслі страты». Аднак гэта не адбілася на баяздольнасці гэтых вайскоўцаў. У СМІ не патлумачылі, адкуль гэта службовая асоба мае доступ да падобнай інфармацыі.

Расійскі Добраахвотніцкі Корпус (РДК) заявіў, што не мае страт. Адносна фота, якія распаўсюджвалі расійскія прапагандысты ў сацсетках, на якіх былі забітыя «дыверсанты», у РДК заявілі, што на забітых — не іх форма: «Нашы байцы носяць мульцікам, а не піксель. Гэта на заметку».

Дарадца кіраўніка Офіса прэзідэнта Міхаіл Падаляк сказаў, што Украіна «назірае» за падзеямі ў Белгарадскай вобласці. «Украіна з цікавасцю назірае за падзеямі ў Белгарадскай вобласці Расіі і вывучае сітуацыю, але не мае да яе непасрэднага дачынення. Як вядома, танкі прадаюцца ў любым расійскім ваенторгу, а падпольныя партызанскія атрады складаюцца ўсё ж такі з грамадзян Расіі», — адзначыў ён у сваім Twitter.


Аналітыка вайны

Міністэрства абароны ЗША прызнае, што расейскія сілы кантралююць значную яго частку, паведаміў прадстаўнік Пентагона Патрык Райдэр.

«Нам вядома, што Расія сапраўды ўтрымлівае значную частку тэрыторыі Бахмута і яго ваколіц, але, паводле нашай ацэнкі, украінцы працягваюць весці баявыя дзеянні паблізу Бахмута», — заявіў ён у адказ на пытанне, ці кантралюе РФ горад.

Былы спецпрадстаўнік ЗША Ва Украіне Курт Волкер адзначыў, што ва Украіны ўжо ёсць пэўная перамога, бо Пуцін хацеў знішчыць дзяржаву агулам, але гэтага не адбылося.

«Што тычыцца падзей на полі бою, то відавочна, што расійскія ўзброеныя сілы ўжо не ў стане прасоўвацца далей. Яны спрабавалі, яны вельмі моцна спрабавалі за апошнія некалькі месяцаў і зімой, але яны не арганізаваныя, яны не могуць замацоўвацца на пазіцыях», — сказаў ён. І дадаў, што расійская армія не мае поспехаў на фронце з-за дрэннага абсталявання, камандавання, кантролю і каардынацыі.

«У той жа час украінскія войскі добра падрыхтаваныя, добра абсталяваныя, інтэграваныя, і яны знаходзяцца пад магутным камандаваннем. Гэта сыграе вырашальную ролю ў бліжэйшыя месяцы, калі Украіна будзе прасоўвацца далей», — дадаў былы спецпрадстаўнік ЗША.

У Мінабароны Вялікабрытаніі распавялі пра праблемы з дысцыплінай у расійскім войску, якія абвастрыліся пасля пачатку прымусовай мабілізацыі летась.

Са слоў брытанскіх аналітыкаў, дакладныя расследаванні незалежных расійскіх журналістаў паказваюць, што са студзеня да траўня 2023 года расійскія вайсковыя суды разгледзелі 1053 справы аб самавольнай адлучцы вайскоўцаў — больш, чым за ўвесь 2022 год.

Расійскія вайскоўцы спрабавалі падтрымліваць дысцыпліну ў сваіх шэрагах цягам усёй вайны ва Украіне, але пасля прымусовай мабілізацыі рэзервістаў з кастрычніка 2022 года гэтая праблема, хутчэй за ўсё, яшчэ больш абвастрылася. «Намаганні Расіі, накіраваныя на паляпшэнне дысцыпліны, сканцэнтраваныя на пакаранні парушальнікаў і заахвочванні патрыятычнага запалу, а не на ліквідацыю першапрычын расчаравання жаўнераў», — канстатавалі брытанскія аналітыкі.