496-ты дзень вайны: Акупанты ўдарылі па Херсоне, УСУ замацоўваюцца пад Бахмутам

З дапамогай украінскіх медыя і афіцыйных крыніц сабралі апошнія звесткі аб ходзе варварскай вайны, распачатай Крамлём.

Фота з тэлеграм-канала Уладзіміра Зяленскага

Фота з тэлеграм-канала Уладзіміра Зяленскага

УСУ замацоўваюцца на дасягнутых рубяжах на Бахмуцкім напрамку. Пра гэта паведаміў украінскі Генштаб.

Як распавёў спікер Генеральнага штаба Узброеных Сіл Украіны Андрэй Кавалёў, паўночней і паўднёвей горада Бахмут Данецкай вобласці сілы абароны працягваюць аказваць ціск на праціўніка, выбіваюць яго з раней захопленых рубяжоў. «Маюць частковы поспех, замацоўваюцца на дасягнутых рубяжах», — сказаў Кавалёў.

«Праціўнік аказвае люты супраціў, нясе велізарныя страты. Тут працягваюцца цяжкія баі», — дадаў ён.

Украінскія вайскоўцы працягваюць стрымліваць наступ акупантаў на Ліманскім, Аўдзееўскім і Мар'інскім кірунках, дададлі ў Генштабе. На Запарожскім і Херсонскім напрамках расійцы, наадварот, засяроджваюць асноўныя намаганні на недапушчэнні прасоўвання ўкраінскіх войскаў.


Фота Генштаба УСУ

Фота Генштаба УСУ

Пра сітуацыю на фронце раніцай 4 ліпеня распавялі таксама эксперты Інстытута вывучэння вайны (ISW). У іх свежай справаздачы гаворыцца, што за мінулыя суткі УСУ вялі контрнаступныя аперацыі як мінімум на чатырох участках фронту і прасунуліся наперад.

Украінскія вайскоўцы вялі контрнаступныя дзеянні на Ліманскім кірунку.Таксама ўкраінскія сілы працягваюць контрнаступленне ў раёне Бахмута, заходнім памежжы Данецкай і Запарожскай абласцей і на захадзе Запарожскай вобласці.

УСУ адбілі 9 квадратных кіламетраў тэрыторыі на ўсходзе Украіны, а кадры з геалакацыяй паказваюць, што ўкраінскія сілы прасунуліся на паўднёвы захад ад Бахмута. Таксама, па некаторых дадзеных атрыманыя поспехі на поўдні ад Арэхава ў заходняй частцы Запарожскай вобласці.

Акрамя таго, у раёне Бахмута УСУ, мяркуючы па геалакацыйных кадрах, прасунуліся да ўзлеску на захад ад Кляшчэеўкі, наносячы ўдары па праціўніку таксама пад Курдзюмаўкай і Азаранаўкай, дзе ім супрацьстаялі часткі 4-й брыгады 2-га армейскага корпуса так званай «ЛНР».

Таксама ідуць баі на лініі Сватава — Крэменная і на поўдзень ад Крэменной. Як гаворыцца ў справаздачы ISW, кіраўнік Чачні Рамзан Кадыраў пацвердзіў, што чачэнскі спецназ «Ахмат» працягвае дзейнічаць у гэтым раёне. Таксама, паводле звестак расійскіх ваенкараў, у раёне Крэменной дзейнічаюць падраздзяленні 228-га гвардзейскага мотастралковага палка, а ў раёне Белагораўкі дзейнічае 85-я брыгада 2-га армейскага корпуса «ЛНР».


Фота Генштаба УСУ

Фота Генштаба УСУ

Падчас контрнаступлення на поўдні УСУ сутыкаюцца з шэрагам сур'ёзных праблем, у прыватнасці, расійскія акупанты вельмі моцна замініравалі тэрыторыю. Расійцы рыхтаваліся да нападаў на працягу некалькіх месяцаў, былі створаны вельмі шчыльныя мінныя палі, распавёў CNN старшы сяржант 47-й брыгады ВСУ з пазыўным «Легіён». Паводле яго слоў, за ўсе гады службы столькі мін ён не бачыў.

Баец дадаў, што мінныя палі настолькі шчыльныя, што перасоўвацца можна толькі «дрэва за дрэвам». Воін падкрэсліў, што ворагі таксама актыўна выкарыстоўваюць авіяцыю і б'юць з артылерыі. Афіцэр адзначыў, што баі на поўдні цяпер падобныя на тое, «што было ў Бахмуце ў самы гарачы перыяд».

«Яны ведалі, што менавіта ў гэтым раёне будзе праходзіць асноўная атака, таму старанна рыхтаваліся. У іх тут ёсць артылерыя і авіяцыя, рэгулярна працуюць і знішчальнікі, і верталёты», — заявіў суразмоўца.

«Легіён» сказаў, што ў такіх умовах лічыць дзеянні ўкраінскай арміі «дастаткова паспяховымі і эфектыўнымі».


Фота Херсонскай абласной пракуратуры

Фота Херсонскай абласной пракуратуры

Раніцай 4 ліпеня расійцы нанеслі артылерыйскі ўдар па Херсоне. Загінулі мужчына і жанчына, звесткі аб траўміраваных удакладняюцца.

Паводле дадзеных Херсонскай абласной пракуратуры, удар адбыўся каля 6:00 гадзін раніцы. «Двое гараджан — мужчына і жанчына — атрымалі траўмы, несумяшчальныя з жыццём. Цяпер звесткі аб траўміраваных удакладняюцца. Пашкоджаныя жылыя дамы», — паведамілі ў ведамстве.

Зараз на месцы здарэння працуюць праваахоўнікі, каб задакументаваць чарговае ваеннае злачынства, здзейсненае расійскімі вайскоўцамі. Рапачатае расследаванне па факце парушэння законаў і звычаяў вайны, спалучанага з наўмысным забойствам.

Паводле звестак кіраўніка Херсонскай абласной ваеннай адміністрацыі Аляксандра Пракудзіна, за мінулыя суткі РФ здзейсніла 68 абстрэлаў, выпусціўшы па Херсоншчыне больш за 400 снарадаў з мінамётаў, артылерыі, «Градаў», авіяцыі і БПЛА. Толькі па горадзе Херсон акупанты выпусцілі 35 снарадаў.

«Расійскія вайскоўцы патрапілі ў жылыя кварталы населеных пунктаў вобласці — шэсць чалавек атрымалі раненні», — распавёў Пракудзін.


Глядзіце таксама

У Сумах узрасла колькасць загінулых пры ўдары па шматпавярхоўцы. У горадзе аб'яўлены дзень жалобы.

Цяпер вядома пра трох загінулых. Пошукава-выратавальныя работы на месцы «прылёту» працягваюцца. Як паведамілі ў Сумскай абласной ваеннай адміністрацыі, сёння ў горадзе адмененыя ўсе масавыя мерапрыемствы.

Серыя вубухаў у Сумах адбылася 3 ліпеня. Пазней стала вядома, што расійскі беспілотнік трапіў у жылую пяціпавярхоўку ў цэнтры горада. Першапачаткова паведамлялася аб адным загінулым у выніку ўдару.