538-мы дзень вайны. Расія зноў зладзіла маштабны абстрэл украінскіх гарадоў. Ёсць ахвяры
Мінулай ноччу войскі РФ зладзілі маштабны ракетны абстрэл гарадоў Украіны. Пад удары патрапілі Львоў, Днепр, Луцк, Хмяльніцкі, Запарожжа і не толькі. У выніку паветраных нападаў былі «прылёты», разбурэнні і пажары. Не абышлося без ахвяр.
Львоў
У Львове, як распавядае «РБК Украіна», абломкі збітых варожых ракет пашкодзілі шматкватэрныя жылыя дамы на вуліцах Патона і Кахоўскай, у выніку чаго адбыўся пажар.
«Людзей эвакуявалі. Ёсць пацярпелыя. Ім аказваюць усю неабходную медыцынскую дапамогу», — паведаміў кіраўнік Львоўскай абласной ваеннай адміністрацыі Максім Казіцкі.
Акрамя таго, дамы таксама былі пашкоджаныя ў Сухаволі і Стаўчанах. У апошнім пашкоджана 10 будынкаў.
Паводле апошніх даных, прадстаўленых мэрам Львова Андрэем Садовым, колькасць пацярпелых склала чатыры чалавекі.
Невялікія ўзгаранні былі і ў іншых частках горада, але іх хутка патушылі.
У адным з гіпермаркетаў Львова праз падзенне абломкаў ракеты адбыўся абвал столі. Паступала інфармацыя аб пашкоджанні транспартных сродкаў.
«На жаль, шмат шкоды. Ракета прыляцела ў двор дзіцячага садка. Пашкоджана больш за сто адзінак жылля, выбіта больш за 500 вокнаў, разбураны дзіцячы сад. Чатыры чалавекі атрымліваюць медыцынскую дапамогу», — паведаміў мэр Львова.
Пазней стала вядома, што праз расійскую атаку на Львоўшчыне пацярпелі 15 чалавек. Пра гэта на брыфінгу распавёў Максім Казіцкі.
«На шчасце, загінулых няма, але 15 чалавек атрымалі траўмы, сярод іх ёсць 10-гадовае дзіця. Пяць траўмаваных шпіталізаваныя, людзей у цяжкім стане сярод іх няма. Стан яшчэ пецярых ацэньваюць як лёгкі», — распавёў Казіцкі.
Луцк
У выніку расійскай атакі ў Луцку было паведамлена пра трапленне па адным з прадпрыемстваў горада. Спачатку паведамлялася аб двух пацярпелых, аднак ужо раніцай старшыня Валынскай Абласной ваеннай адміністрацыі Юрый Пагуляйка заявіў, што ёсць ахвяры.
«Па стане на дадзены момант загінулі тры чалавекі. Яшчэ некалькі пацярпелых знаходзяцца ў бальніцы», — напісаў ён.
Паводле звестак на 09:59, у Луцку чацвёра пацярпелых, расійцы білі па прадпрыемстве, якое вырабляла камплектуючыя для аўтамабіляў. Пра дэталі наступстваў атакі распавёў гарадскі галава Луцка Ігар Палішчук.
Паводле яго слоў, з раніцы дзвюма крылатымі ракетамі было атакавана прамысловае прадпрыемства. У выніку чаго, паводле ўдакладненай інфармацыі, загінулі тры чалавекі і чацвёра пацярпелі.
У прыватнасці, быў выратаваны адзін чалавек з-пад завалаў, ён шпіталізаваны. Загінулыя і пацярпелыя з'яўляліся работнікамі названага прадпрыемства. Жылыя аб'екты і іншыя грамадзянскія аб'екты, якія знаходзяцца побач з дадзеным прадпрыемствам, не пацярпелі.
«Гэта звычайнае прамысловае прадпрыемства, якое вырабляла камплектуючыя для аўтамабіляў, для прамысловасці. І якое яно мае дачыненне да ваеннай інфраструктуры, наогул не вядома», — дадаў Палішчук.
Дняпро
Выбухі ў Дняпры раздаліся каля 04.16. Гэтай ноччу падчас паветранага бою ў небе над Днепрапятроўскай вобласцю сіламі і сродкамі СПА УСУ было збіта сем крылатых ракет Х-101/555, паведаміў кіраўнік АВА Сяргей Лысак.
У Дняпры быў і «прылёт» па прамысловым прадпрыемстве, у выніку чаго раненні атрымалі два чалавекі.
Чыноўнік удакладніў, што 59-гадовая жанчына атрымала лёгкія пашкоджанні і будзе лячыцца дома, а 70-гадовага мужчыну шпіталізавалі — ён у стане сярэдняй цяжкасці.
«Пажар у агульнай складанасці ахапіў больш за 800 кв. м, яго лакалізавалі», — адзначыў кіраўнік АВА.
Акрамя таго, расійскія ракеты пашкодзілі важны спартыўны аб'ект для Дняпра, дзе прымалі ўсеўкраінскія спаборніцтвы.
«Там вылецелі вокны, збіты фасад і ўнутраная сцяна», — распавёў чыноўнік.
Як пасля праінфармавалі ў МУС, у Дняпры пашкоджаны водна-спартыўны аб'ект: разбітыя вокны, разбіты фасад і ўнутраная сцяна памяшкання.
Чаркаская вобласць, Смела
У Смеле адна расійская ракета ўразіла тэрыторыю прыватнага прадпрыемства, а другая — тэрыторыю медустановы.
«Пад раніцу вораг нанёс ракетныя ўдары па нашай Чаркашчыне... На шчасце, абышлося без пацярпелых», — распавёў начальнік Чаркаскай АВА Ігар Табурэц.
У выніку атакі былі пашкоджаныя сеткі вода-і цеплазабеспячэння, і частка горада засталася без вады. На месцы працуюць праваахоўныя і камунальныя службы.
Хмяльніцкая вобласць
У Хмяльніцкай вобласці працавалі сістэмы супрацьпаветранай абароны, адбіваючы ракетную атаку, паведаміў першы намеснік начальніка АВА Сяргей Цюрын.
У Паветраных сілах заявілі таксама аб фіксацыі расійскіх ракет у напрамку Стараканстанцінава, дзе размешчаны аэрадром. Акрамя таго, ракеты фіксавалі паблізу Хмяльніцкага.
Між тым мясцовыя ўлады паведамілі, што звестак аб пашкоджаннях і пацярпелых няма.
«Раніцай, падчас паветранай трывогі, была чутная серыя выбухаў у Хмяльніцкай вобласці. У рэгіёне працавалі сілы СПА. Звестак аб пашкоджанні аб'ектаў, падзенні абломкаў пакуль няма. Пацярпелых няма», — распавёў Цюрын.
Запарожжа
Падчас маштабнай паветранай трывогі каля паловы пятай раніцы гукі выбухаў пачуліся ў Запарожжы і раёне.
Пазней сакратар Запарожскага гарсавета Анатоль Курцеў паведаміў, што па стане на раніцу ў Запарожжы надзвычайныя сітуацыі не зафіксаваныя.
«Камунальныя службы і сеткі працуюць у штатным рэжыме», — адзначыў ён.
Паводле слоў намесніка кіраўніка офіса прэзідэнта Украіны Аляксея Кулебы, у адной з вёсак Запарожскага раёна ракета трапіла ў стадыён гімназіі, пашкоджаны будынак навучальнай установы, жылыя дамы, дзіцячы сад.
Краматорск
У 23:23 расійцы абстралялі Краматорск (Данецкая вобласць) з ЗРК С-300. Акупанты знішчылі гандлёвую базу, дзе захоўваліся прадукты.
Паводле слоў мэра горада Аляксандра Ганчарэнкі, загінулі два чалавекі. Адна жанчына параненая — стан не цяжкі.
Таксама РФ абстраляла прамысловую зону. Без пацярпелых, але ёсць разбурэнні. Акрамя таго, акупанты білі па ваколіцах Краматорска.
Івана-Франкоўская вобласць
У Прыкарпацці сёння таксама збівалі расійскія ракеты. Так, у Івана-Франкоўскай вобласці абломкі ўпалі на прыватны двор.
«Сёння на досвітку заходнія вобласці Украіны падвергліся масіраванаму абстрэлу. Гукі выбухаў былі чутныя і на Прыкарпацці. Працавала наша СПА. Абломкі ракеты патрапілі на прыватны двор», — напісала кіраўніца АВА Святлана Анішчук.
Паводле яе, пашкоджаныя гаспадарчыя пабудовы і жылы дом. Пацярпелых няма.
Чым РФ абстрэльвала Украіну
Гэтай ноччу акупанты запусцілі па Украіне 28 крылатых ракет паветранага і марскога базавання, а менавіта:
- 4 крылатыя ракеты Х-22-з шасці самалётаў далёкай авіяцыі Ту-22М3 (аэрадромы базавання Сольцы, Шайкоўка);
- 20 крылатых ракет Х-101/X-555 з 11 самалётаў стратэгічнай авіяцыі (аэрадромы базавання Энгельс, Аленегорск);
- 4 крылатыя ракеты «Калібр» з фрэгата з акваторыі Чорнага мора (раён Ялты).
Сіламі і сродкамі СПА УСУ ўдалося збіць 16 крылатых ракет Х-101/X-555 «Калібр».
Таксама абаронцы неба паведамілі, што было зафіксавана восем пускаў варожых зенітных кіраваных ракет С-300/С-400 па Днепрапятроўскай і Запарожскай абласцях.
Рэакцыя офіса прэзідэнта Украіны
На чарговы тэрор расійцаў адрэагаваў кіраўнік Офіса прэзідэнта Украіны Андрэй Ярмак.
«Дзіцячыя садкі, жылыя дамы, інфраструктура, нашы мірныя гарады... Штодзённы тэрор расійцаў мае адзіную мэту — зламаць нас, наш дух да барацьбы. Яны хочуць спыніць нашу армію, думаюць, што ў вайне рэсурсаў перайграюць і знішчаць нацыю. Гэтага не будзе. Мы ўсе на вайне і перамагчы зможам разам», — напісаў Ярмак.
Ён адзначыў, што гэта напамін «нам і нашым партнёрам», што трэба яшчэ больш санкцый, каб спыніць расійскі ВПК.
Сітуацыя на фронце
Расійскія захопнікі ў мінулыя суткі вялі наступальныя аперацыі ў раёне Купянска і прасунуліся. На кадрах з геалакацыяй відаць, што яны прасунуліся ў раёне Арлянкі і Мікалаеўкі на ўсход ад Купянска.
Пра гэта гаворыцца ў свежай справаздачы Інстытута па вывучэнні вайны (ISW). У справаздачы прыводзяцца звесткі аб тым, што адзін з ваенкараў у РФ сцвярджаў, быццам расійскія войскі знаходзяцца за сем кіламетраў ад Купянска, а так званы экс-намеснік кіраўніка МУС «ЛНР» Віталь Кісялёў заяўляў, што расійцы знаходзяцца непасрэдна на ўскраіне Купянска, але візуальнага пацверджання гэтым словам ISW не назіраў.
Таксама аналітыкі адзначылі, што расійскі ваенкар сцвярджаў, што акупанты назапашваюць падмацаванне і ўводзяць у бой новыя часткі на Купянскім кірунку, а намесніца міністра абароны Украіны Ганна Маляр паведаміла, што акупанты павялічваюць шчыльнасць мінна-выбуховых загарод уздоўж міжнароднай мяжы паміж Харкаўскай і Белгародскай абласцямі, магчыма, каб сарваць далейшыя праўкраінскія рэйды праз мяжу.
Акрамя таго, расійскія войскі вялі наступальныя дзеянні на лініі Сватава — Крэменная, але не прасунуліся. Спасылаючыся на звесткі расійскіх ваенкараў, аналітыкі Інстытута паведамілі, што акупанты беспаспяхова атакавалі паблізу Мясажараўкі за 15 км на захад ад Сватава, і што гэта новы кірунак іх нападаў.
На Бахмуцкім напрамку УСУ працягвалі наступальныя аперацыі і прасунуліся наперад. На кадрах геалакацыі відаць, што ўкраінскія сілы прасунуліся на поўдзень ад Клішчыеўкі за сем км на паўднёвы захад ад Бахмута, атакуючы расійскія пазіцыі.
У справаздачы гаворыцца, што паводле звестак адных расійскіх ваенкараў, акупанты змаглі адбіць назад страчаныя ў Клішчыеўцы пазіцыі, а іншыя сцвярджалі, што расійцы і зусім адбілі ўвесь населены пункт, аднак, як падкрэслілі аналітыкі ISW, гэтыя сцвярджэнні не адпавядаюць рэчаіснасці.
Цягам мінулых сутак украінскія войскі наступалі на Мелітопальскім і Бярдзянскім напрамках і абараняліся на Мар'інскім. Пра гэта ў сваю чаргу паведамляе Генеральны штаб Узброеных Сіл Украіны ў ранішняй зводцы з фронту.
Адзначаецца, што за мінулыя суткі на ўсіх напрамках адбылося толькі каля 15 баявых сутыкненняў, што зусім няшмат, калі параўноўваць са звычайнай сітуацыяй на фронце. Учора расійцы наступалі толькі на адным кірунку фронту замест 3-5, як было на працягу ўсіх апошніх месяцаў.
Так, сілы абароны працягваюць стрымліваць наступ расійцаў у раёне гарадоў Мар'інка і Краснагораўка Данецкай вобласці. РФ нанесла авіяцыйны ўдар у раёне Краснагораўкі і Наваміхайлаўкі. Сілы абароны Украіны працягваюць вядзенне наступальнай аперацыі на Мелітопальскім і Бярдзянскім напрамках, замацоўваюцца на дасягнутых рубяжах, ажыццяўляюць меры контрбатарэйнай барацьбы.
У Генштабе адзначаюць, што з мэтай папаўнення маштабных страт у жывой сіле расійцы працягваюць праводзіць ўтоеную мабілізацыю на часова акупаваных тэрыторыях. У горадзе Старабельск Луганскай вобласці акупанты абавязалі ўсіх мужчын на дзяржаўных прадпрыемствах прайсці медыцынскую камісію і ўстаць на воінскі ўлік.
Акрамя таго, Крэмль працягвае незаконную інтэграцыю насельніцтва часова акупаваных тэрыторый Украіны ў сваю культурна-адукацыйную прастору. У прыватнасці, расійская акупацыйная адміністрацыя арганізавала навучальны працэс па расійскай праграме ў Бехтэрах Херсонскай вобласці, дзе абавязалі вучыцца дзяцей з населеных пунктаў Аблоі, Тэндроўскае, Збур’еўка і Новачарнамор’е.
«З мэтай прымусу навучэнцаў да навучання ў школе па расійскай праграме бацькоў запалохваюць адміністрацыйнай адказнасцю за пропускі навучальнага працэсу», — гаворыцца ў паведамленні.
Таксама расійскія
і ўкраінскія войскі працягвалі весці пазіцыйныя баі на
лініі Аўдзееўка — Данецк.