542-гі дзень вайны. Расія ўдарыла па драмтэатры ў Чарнігаве: шмат параненых, ёсць загінулыя

У суботу расійцы нанеслі ўдар па Чарнігаве, «прылёт» адбыўся ў цэнтр горада. Ёсць ахвяры.

Скрыншот unian.net

Скрыншот unian.net

«Вораг абстраляў цэнтр Чарнігава. Верагодна, балістычная ракета. Заставайцеся ў хованках. Дэталі пасля», — напісаў кіраўнік Чарнігаўскай вобласці Вячаслаў Чавус.

Пазней мэр Чарнігава Аляксандр Ламака распавёў, што ў выніку расійскай атакі ёсць ахвяры: «Ёсць інфармацыя пра параненых. Даныя ўдакладняюцца». Таксама ён дадаў, што патупаюць звесткі пра загінулых.

«Вось што такое суседства з тэрарыстычнай краінай, вось супраць чаго мы аб'ядноўваем увесь свет. Расійская ракета трапіла ў цэнтр горада, у наш Чарнігаў. Звычайны суботні дзень, які Расія ператварыла ў дзень болю і страт. Ёсць загінулыя, ёсць параненыя. Мае спачуванні тым, хто страціў родных», — пракаментаваў сітуацыю прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі.

АБНОЎЛЕНА. Расійская ракета (імаверна, «Іскандэр») патрапіла ў будынак чарнігаўскага драматычнага тэатра, дзе сёння праходзіла выстава вытворчаў дронаў. Паводле, апошніх даных МУС Украіны, у выніку расійскай атакі пацярпелі 42 чалавекі, пяць з іх загінулі.




Глядзіце таксама

За мінулыя суткі праз удары расійскіх акупантаў па Херсонскай вобласці тры чалавекі загінулі, больш за дзесяць параненыя, сярод іх адно дзіця. Пра гэта паведаміў начальнік Херсонскай абласной вайсковай адміністрацыі Аляксандр Пракудзін.

Ён адзначыў, што за мінулыя суткі вораг здзейсніў 63 абстрэлы вобласці, выпусціўшы 355 снарадаў з мінамётаў, артылерыі, танкаў, «Градаў» і беспілотнікаў. Па горадзе Херсон захопнікі выпусцілі 15 снарадаў.

Пракудзін паведаміў, што расійцы патрапілі ў жылыя кварталы населеных пунктаў вобласці, крамы і тэрыторыю прадпрыемства ў Херсоне, аб'ект крытычнай інфраструктуры і будынак царквы ў Херсонскім раёне.

У сваю чаргу, начальнік Херсонскай гарадской ваеннай адміністрацыі Раман Мрочка паведаміў, што за мінулыя суткі вораг 19 разоў абстраляў Херсонскую гарадскую тэрытарыяльную суполку і выкарыстаў 86 снарадаў. Паразы зафіксаваныя ў Херсоне, Антонаўцы, Садовым, Камышанах і Зеленаўцы.


Фота unian.net

Фота unian.net

У прамысловай зоне каля кальцавой дарогі Кіева ў выніку выбухаў успыхнуў пажар. Пра гэта ў суботу, 19 жніўня, паведаміў гарадскі галава Кіева Віталь Клічко. «Пажар у выніку неўстаноўленых выбухаў у раёне кальцавой дарогі. У прамзоне на ўчастку, што знаходзіцца на балансе вобласці. Усе службы на месцы. Інфармацыя аб пацярпелых пакуль не паступала», — паведаміў Клічко.


Фота unian.net

Фота unian.net

У ноч на суботу, 19 жніўня, расійскія захопнікі атакавалі Хмяльніцкую вобласць. У некалькіх вёсках Хмяльніцкага раёна 30 дамоў пашкоджаны выбухной хваляй, у 32 домаўладаннях выбітыя вокны і дзверы.

Дзве жанчыны атрымалі раненні асколкамі шкла, а яшчэ шэсць чалавек звярнуліся ў бальніцу ў шокавым стане, паведаміў першы намеснік кіраўніка Хмяльніцкай абласной ваеннай адміністрацыі Сяргей Цюрын.

«Аператыўныя групы працягваюць працу па абследаванні і выяўленні наступстваў начной атакі ворага», — адзначыў чыноўнік.


Калаж unian.net

Калаж unian.net

Сілы абароны Украіны за суткі знішчылі 75 расійскіх захопнікаў на Бахмуцкім кірунку, і 36 — на Купянскім. Пра гэта паведаміў спікер Усходняй групоўкі войскаў УСУ Сяргей Чараваты ў эфіры інфармацыйнага тэлемарафона.

«На Бахмуцкім кірунку сілы абароны працягваюць ціснуць на ворага, утрымліваць ініцыятыву і паражаць яго. Вораг спрабуе адбіваць нашы атакі, і ў першую чаргу выкарыстоўваючы артылерыю. За гэтыя суткі вораг здзейсніў 578 абстрэлаў, 10 авіяналётаў. Усяго адбылося 11 боесутыкненняў, падчас якіх мы знішчылі 75 акупантаў, 152 атрымалі раненні, траіх узялі ў палон», — падкрэсліў Чараваты.

Ён адзначыў, што расійцы засяроджваюць галоўныя наступальныя намаганні на Купянскім кірунку, масава ўжываюць артылерыю і авіяцыю.

«За гэтыя суткі вораг 603 разы абстрэльваў нашы пазіцыі з усіх відаў артылерыі, як ствольнай, так і рэактыўнай. Здзейсніў 8 авіяналётаў штурмавой авіяцыі. Таксама адбылося 5 нападаў на Сінькоўку і Іванаўку Купянскага раёна. Падчас адбіцця нападаў 36 акупантаў знішчаныя, 57 атрымалі раненні і 5 трапілі ў палон», — сказаў Чараваты.

Ён дадаў, што акупанты ўвесь час вымушаныя перагрупоўвацца праз тое, што нясуць вялікія страты ў выніку ўкраінскіх удараў.


Калаж unian.net

Калаж unian.net

За мінулыя суткі на фронце адбылося 36 баявых сутыкненняў. Як паведаміў Генштаб УСУ, сілы абароны працягваюць весці наступ на Мелітопальскім і Бярдзянскім напрамках, замацоўваюцца на ўжо дасягнутых рубяжах і вядуць контрбатарэйную барацьбу.

Расійцы атакавалі ўкраінскія пазіцыі адразу на некалькіх кірунках. У прыватнасці, на Купянскім кірунку акупанты беспаспяхова спрабавалі наступаць у раёне Сінькоўкі Харкаўскай вобласці.

На Бахмуцкім кірунку наступальныя дзеянні агрэсара былі сканцэнтраваны ў раёнах на ўсход ад Белай Гары і Тарэцка Данецкай вобласці. Таксама расійцы не пакідаюць спробаў захапіць Аўдзееўку, для чаго яны атакавалі паблізу горада і ў раёне сяла Новакалінава. Аналагічна вораг спрабуе захапіць Мар'інку і Краснагораўку.


Фота ua.depositphotos.com

Фота ua.depositphotos.com

Вызваленне Мелітопаля не з'яўляецца адзіным спосабам, якім Украіна можа разарваць расійскі сухапутны калідор у Крым. Украінскія вайскоўцы маюць шмат варыянтаў перапынення крытычна важных расійскіх лагістычных шляхоў уздоўж узбярэжжа Азоўскага мора. Пра гэта паведамляецца ў справаздачы аналітыкаў амерыканскага Інстытута вывучэння вайны (ISW) у адказ на меркаваныя ацэнкі выведвальнай супольнасці ЗША, што контрнаступленне Украіны не дасягне Мелітопаля і адпаведна сваёй галоўнай мэты — перапыніць расійскі сухапутны мост у Крым.

«Заўчасна рабіць ацэнкі адносна агульнага поспеху бягучых ўкраінскіх контрнаступальных аперацый», — адзначаюць у ISW.

Аналітыкі мяркуюць, што ўкраінскае контрнаступленне будзе працяглай, нелінейнай серыяй аперацый, якія, верагодна, будуць і надалей адбывацца ў фазах рознага тэмпу. «Украінскае контрнаступленне не з'яўляецца асобным наборам запланаваных аперацый, і бягучыя контрнаступальныя дзеянні, верагодна, ствараюць больш спрыяльныя ўмовы для больш значных аперацый», — гаворыцца ў паведамленні.

У ISW ацэньваюць украінскія контрнаступальныя аперацыі як такія, што значна пагаршаюць абарону расійскіх сіл, і што агульная дэградацыя лініі расійскай абароны стварае магчымасці для таго, каб любы ўкраінскі прарыў быў патэнцыйна значным у аператыўным плане.

Эксперты дадаюць, што 18 жніўня ўкраінскія войскі працягвалі наступальныя аперацыі па меншай меры на трох участках фронту і прасунуліся ў раёне Рабоцінага на Захадзе Запарожскай вобласці. Украінскія сілы таксама дасягнулі нязначных поспехаў на поўдзень ад Ураджайнага ў раёне мяжы Данецкай і Запарожскай абласцей.