561-шы дзень вайны: чацвёртая атака дронамі за пяць дзён
Новы мільярдны пакет дапамогі Украіне ад ЗША: туды ўвойдуць снарады са збедненым уранам для амерыканскіх танкаў «Abrams». Калі ў сакавіку Вялікабрытанія заявіла, што адправіць ва Украіну боепрыпасы для брытанскіх танкаў, якія змяшчаюць збеднены ўран, Пуцін палічыў гэта падставай для Расіі размясціць у Беларусі тактычную ядзерную зброю.
Расія ноччу атакавала Украіну 33 дронамі-камікадзэ, 25 збілі, заявілі ва УСУ
Паветраныя сілы УСУ ў ранішняй зводцы сцвярджаюць, што ў ноч на чацвер былі нанесены паветраныя ўдары па дзвюх абласцях Украіны — зноў па Адэскай, а таксама Сумскай.
Расійскія вайскоўцы, як сказана ў паведамленні, атакавалі некалькімі групамі ўдарных беспілотнікаў тыпу «Shahed-136/131» з паўночнага, паўднёва-ўсходняга і паўднёвага кірункаў.
«Усяго зафіксаваны пускі 33 «шахедаў», у асноўным — у кірунку паўднёвых раёнаў Адэскай вобласці», — гаворыцца ў зводцы. Збіта было 25 дронаў-камікадзэ, паведамілі паветраныя сілы.
Раней кіраўнік Адэскай абласной ваеннай адміністрацыі (АВА) Алег Кіпер паведаміў, што ў выніку чарговай атакі дронаў, якія сталі для рэгіёна амаль штодзённымі, пашкоджанні атрымалі аб'екты грамадзянскай і партовай інфраструктуры.
Паводле яго слоў, атака працягвалася тры гадзіны, як і мінулай ноччу. Гэта ўжо чацвёртая атака за апошнія пяць дзён. «Расійскія тэрарысты тры гадзіны атакавалі з беспілотнікаў поўдзень Адэсы. За апошнія пяць дзён гэта ўжо чацвёртая атака ў Ізмаільскім раёне. У выніку сённяшняга рэйду «шахедаў» пашкоджаны аб'екты грамадзянскай і партовай інфраструктуры, элеватар і ў некалькіх населеных пунктах адміністрацыйныя будынкі», — адзначыў кіраўнік Адэскай АВА.
Паводле яго слоў, у выніку абстрэлу адзін чалавек пацярпеў — кіроўца грузавіка атрымаў лёгкае раненне нагі. На месцы ліквідуюцца наступствы, усе службы працуюць.
Пазней у офісе генпракурора ўдакладнілі, што ў выніку начной атакі па Адэскай вобласці паранены два чалавекі.
Абстрэл Канстанцінаўкі: паліцыя ўдакладняе колькасць загінулых
Нагадаем, удзень 6 верасня расійскія войскі атакавалі горад Канстанцінаўка Данецкай вобласці — абстралялі цэнтральны рынак. У момант нападу там знаходзілася шмат мірных жыхароў. У выніку тэракту загінулі 16 чалавек, дзясяткі атрымалі раненні.
Раніцай 7 верасня паліцыя паведаміла, што ў выніку ўчарашняга абстрэлу Канстанцінаўкі загінулі ўсё ж 16 чалавек. Практычна ўсе ахвяры абстрэлаў апазнаны, знойдзены сваякі загінулых, сабраны ДНК-даныя. Асоба толькі адной ахвяры пакуль не ўстаноўлена.
Пра гэта паведамляе начальнік аддзела камунікацыі паліцыі Данецкай вобласці Аляксандра Гаўрылка ў эфіры тэлемарафону: «Паводле афіцыйнай інфармацыі, у нас 16 целаў загінулых і 33 параненых. Першапачаткова была інфармацыя пра 17 загінулых. Калі мы правялі візуальны агляд астанкаў цел, мы выявілі, што яны належаць 16 чалавекам».
Паводле слоў прэс-сакратара, зараз праводзіцца экспертыза тыпу зброі, якую ўжывалі падчас атакі войскі РФ. Пры гэтым Гаўрылка падкрэсліла, што артылерыя выключана.
Навіны вайны
За мінулыя суткі РФ абстрэльвала населеныя пункты Харкаўскага, Багадухаўскага, Чугуеўскага і Купянскага раёнаў Харкаўскай вобласці, паведаміў кіраўнік АВА Алег Сінягубаў.
- Адзін чалавек цяжка паранены ў сяле Глушкоўка Купянскага раёна. Акрамя таго, у раёне вёскі Нарцоўка Ізюмскага раёна на міне падарваліся двое леснікоў, а каля сяла Альхаватка Купянскага раёна — цывільны аўтамабіль, адзін чалавек паранены.
- У Запарожскай вобласці за мінулыя суткі ў выніку артылерыйскага абстрэлу Сцяпангорска адзін чалавек загінуў, адзін паранены. Падчас артабстрэлу Праабражэнкі траўміраваны адзін чалавек, у выніку ракетнага ўдару па Таўрыскім — два.
- Яшчэ два чалавекі паранены ў Запарожжы, паведаміў кіраўнік АВА Юрый Малашка.
- У Херсонскай вобласці паранены мужчына, на якога расіяне скінулі выбухоўку з беспілотніка, паведаміла АВА.
- Удзень і ўвечары 6 верасня расіяне атакавалі Данецкую вобласць, паведаміла пракуратура Украіны. У прыватнасці, РФ абстраляла з РСЗА горад Северск — адзін чалавек загінуў, чацвёра паранены. Яшчэ адзін чалавек паранены ў выніку артабстрэлу пасёлка Вялікая Навасёлка.
- На акупаваных тэрыторыях Запарожскай вобласці каля 3000 чалавек, або 1% насельніцтва, супрацоўнічаюць з Расіяй падчас падрыхтоўкі да псеўдавыбараў, распавёў украінскай службе «Радыё Свабода» мэр Мелітопаля Іван Фёдараў. Паводле яго, спісы калабарантаў перададуць ва ўкраінскія спецслужбы. Таксама Фёдараў адзначыў, што 48 з 60 так званых «кандыдатаў» ад партыі «Адзіная Расія» не з'яўляюцца мясцовымі жыхарамі, а прыехалі з Сібіры і Алтая.
Украінскі Генштаб агучыў арыенціровачныя страты РФ на раніцу 7 верасня: асабовага складу — каля 266 900 (+610 за мінулыя суткі) чалавек.
За мінулыя суткі на фронце адбылося 39 баявых сутыкненняў, абстаноўка на ўсходзе і поўдні застаецца складанай, паведаміў Генштаб у ранішняй зводцы. На ліманскім кірунку сілы абароны Украіны адбілі атакі РФ у раёне Новаягораўкі Луганскай вобласці, на бахмуцкім — каля Арэхава-Васільеўкі Данецкай вобласці, на аўдзееўскім — у раёне Аўдзееўкі, на мар'інскім — у раёне Мар'інкі.
У той жа час Сілы абароны Украіны мелі частковы поспех на поўдзень ад Бахмута, а таксама працягваюць наступ на мелітопальскім кірунку, дзе дамагліся поспеху ў раёнах на поўдзень ад Рабаціна і на захад ад Вербавага, замацоўваюцца на дасягнутых рубяжах, паведаміў спікер Генштаба Андрэй Кавалёў.
- Мінабароны РФ заявіла, што ўначы СПА нібыта знішчыла два беспілотнікі над тэрыторыяй Растоўскай вобласці, адзін — над Раменскім раёнам Маскоўскай вобласці.
Губернатар Растоўскай вобласціВасіль Голубеў паведаміў, што адзін дрон упаў за горадам, другі — у цэнтры Растова-на-Доне, пацярпеў адзін чалавек, пашкоджаны фасады трох будынкаў і некалькі аўтамабіляў.
Яшчэ два беспілотнікі збіты ў Бранску, у выніку падзення абломкаў часткова пашкоджана шкленне будынка чыгуначнага вакзала Бранск I, прывакзальная плошча і некалькі аўтамабіляў, паведаміў губернатар Аляксандр Багамаз.
- Мясцовыя паблікі пішуць, што ў цэнтры Растова-на-Доне дрон упаў у раёне вуліцы Пушкінскай, 42 — гэта побач са штабам Паўднёвай вайсковай акругі РФ. На месцы падзення БПЛА быў моцны выбух.
У Расіі арыштаваны два генералы, адказныя за СПА Масквы, пішуць расійскія СМІ. Іх падазраюць нібыта ў выдзяленні зямель Мінабароны РФ у блізкім Падмаскоўі для продажу пад жылую забудову за хабар у 30 млн рублёў. Арыштаваны Канстанцін Агіенка,камандуючы 1-й арміяй супрацьпаветранай і супрацьракетнай абароны асаблівага прызначэння, адказнай за непасрэдную абарону Масквы, і камандзір дывізіі СПА ў гэтай арміі Дзмітрый Бяляцкі. Агіенка сваю віну адмаўляе і знаходзіцца ў СІЗА, а Бяляцкі пайшоў на здзелку са следствам і змешчаны пад хатні арышт.
Украіна — ЗША
Міністэрства абароны ЗША абвясціла аб прадастаўленні Украіне чарговага пакета дапамогі. У яго ў ліку іншага ўвойдуць снарады са збедненым уранам для амерыканскіх танкаў «Abrams.»
Адначасова з гэтым дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен, які ў сераду прыбыў у Кіеў, абвясціў аб новым пакеце дапамогі Украіне на суму больш за 1 мільярд долараў, што ўключае падтрымку ўкраінскай сістэмы СПА.
Блінкен заявіў, што амерыканская дапамога павінна спрыяць украінскаму контрнаступленню.
Адзначаецца, што Блінкен прыехаў ва Украіну па просьбе Байдэна, і амерыканскі прэзідэнт чакае сустрэчы з Зяленскім «у найбліжэйшай будучыні», паведаміла прэс-служба Дзярждэпа ЗША.
Зяленскі паведаміў, што сустрэўся з дзяржсакратаром ЗША Энтані Блінкенам, «абмеркавалі ўсё тое, што здольна дапамагчы нашай абароне свабоды».
Блінкен заявіў падчас візіту ў Кіеў, што ЗША ўпершыню перададуць Украіне канфіскаваныя расійскія актывы: «Мы ўпершыню перадаём Украіне актывы, канфіскаваныя ў расійскіх алігархаў, якія трапілі пад санкцыі, і цяпер яны будуць выкарыстоўвацца для падтрымкі ўкраінскіх вайсковых ветэранаў».
Найбліжэйшым часам ЗША адправяць Украіне яшчэ адну партыю касетных боепрыпасаў, піша «The New York Times». У адміністрацыі Байдэна патлумачылі, што гэта павінна дапамагчы Украіне захаваць тэмп, які войскі набралі на паўднёвым кірунку. Газета адзначае, што ўкраінскія войскі ўсё больш выкарыстоўваюць цяжкую артылерыю, каб закласці аснову для наступу пяхоты. У апошні час УСУ штодня выпускаюць да 8000 снарадаў, у тым ліку сотні касетных боепрыпасаў.
Дзярждэп удакладніў, што ў 1 млрд долараў абвешчанай дапамогі Украіне ўвойдуць 5,4 млн долараў, канфіскаваных з актываў расійскіх падсанкцыйных алігархаў. Яны будуць накіраваны на падтрымку і рэабілітацыю ветэранаў.
У цэлым гэты пакет дапамогі ўключае:
- 175 млн долараў на кампаненты сістэм СПА, ракеты для «HIMARS», боепрыпасы, амуніцыю і сістэмы сувязі;
- 100 млн на забеспячэнне доўгатэрміновых ваенных патрэб;
- 90,5 млн на гуманітарную дапамогу па размініраванні;
- 300 млн на падтрымку намаганняў праваахоўных органаў па аднаўленні і падтрыманні правапарадку на вызваленых тэрыторыях;
- 206 млн на гуманітарную дапамогу, уключаючы прытулак для вымушаных перасяленцаў ва Украіне, а таксама бежанцаў за мяжой;
- 203 млн на падтрымку празрыстасці і падсправаздачнасці інстытутаў, узмацненне ключавых рэформаў, звязаных з барацьбой з карупцыяй, вяршэнствам права і правасуддзем, а таксама на расследаванне ўчыненых Расіяй ваенных злачынстваў.
Нагадаем, у сакавіку Міністэрства абароны Вялікабрытаніі пацвердзіла, што будзе адпраўляць ва Украіну боепрыпасы для брытанскіх танкаў «Challanger-2», якія змяшчаюць збеднены ўран. Гэтая заява выклікала вельмі рэзкую рэакцыю расійскіх улад, у тым ліку прэзідэнта Уладзіміра Пуціна.
Тады рашэнне Вялікабрытаніі аб пастаўках снарадаў са збедненым Уранам ва Украіну Пуцін назваў падставай для Расіі размясціць у Беларусі тактычную ядзерную зброю.