Што думаў Байдэн пра Зяленскага і Пуціна яшчэ да пачатку вайны?

У ЗША выйшла новая кніга пра Джо Байдэна — «Апошні палітык: унутраны свет Белага дома Джо Байдэна і барацьба за будучыню Амерыкі».

Выйшла новая кніга пра Джо Байдэна. Фота: CNN

Выйшла новая кніга пра Джо Байдэна. Фота: CNN

Мабыць, жанр палітычных успамінаў папулярны ў ЗША, як нідзе ў свеце. З кніг пра Дональда Трампа свет даведаўся шмат цікавага аб закуліссі Белага дома падчас яго кіравання. Выйшла падобная кніга і пра цяперашняга амерыканскага прэзідэнта Джо Байдэна. Аўтар — амерыканскі журналіст Франклін Фоер, карэспандэнт часопіса «The Atlantic» і былы рэдактар «The New Republic». 

У кнізе аналізуецца асоба Байдэна і першыя два гады яго працы ў Белым доме на пасадзе прэзідэнта ЗША. СМІ ўжо назвалі гэтае выданне «першай кнігай, якая тлумачыць Джо Байдэна». 

У многіх раздзелах кнігі Фоер не прыводзіць прамых цытат або меркаванняў крыніц у падтрымку сваіх ацэнак, хоць у афіцыйнай анатацыі кнігі гаворыцца, што аўтар меў «эксклюзіўны доступ да каманды даўніх дарадцаў Байдэна».

Першае ўражанне пра Зяленскага

У кнізе гаворыцца, што падчас першай сустрэчы ў верасні 2021 года Джо Байдэну і Уладзіміру Зяленскаму не ўдалося знайсці паразумення, паколькі прэзідэнта ЗША «раззлавалі» настойлівасць патрабаванняў украінскага лідара аб далучэнні Кіева да NATO і, як сцвярджае аўтар, «абсурдны аналіз» дынамікі развіцця Альянсу.

У прыватнасці, Франклін Фоер апісвае танальнасць сустрэчы ў такіх словах: «Расчараванне Зяленскага зацямніла яго здольнасць да логікі. Пасля просьбы аб далучэнні да NATO ён перайшоў да натацый аб тым, што гэтая арганізацыя дэ-факта з'яўляецца гістарычным рэліктам і губляе свой уплыў. Ён сказаў Байдэну, што Францыя і Германія маюць намер выйсці з NATO. Гэта быў абсурдны аналіз і абуральная неадпаведнасць. І гэта раззлавала Байдэна».

Напярэдадні першай сустрэчы прэзідэнты Украіны і ЗША былі невысокай думкі адзін пра аднаго — прынамсі, гэта вынікае з кнігі Франкліна Фоера. 

Зяленскі лічыў Байдэна слабым — у прыватнасці, з-за яго рашэння ў пачатку 2021 года адмовіцца ад санкцый супраць расійскай кампаніі, якая будавала газаправод «Паўночны паток-2». Прэзідэнт Украіны лічыў, што гэты праект падрывае інтарэсы ўкраінскай эканомікі і бяспекі. 


Глядзіце таксама

У той жа час Байдэн таксама быў не надта добра настроены ў дачыненні да Зяленскага — у прыватнасці, праз сяброўскія стасункі ўкраінскага прэзідэнта з сенатарам-рэспубліканцам ад Тэхаса Тэдам Крузам, які таксама крытыкаваў газаправод «Паўночны паток-2». Тады ў знак пратэсту супраць пазіцыі Белага дома Круз заблакіраваў разгляд у Сенаце некалькіх ключавых прызначэнняў у Дзярждэпартамент ЗША. 

«Разумеў ён гэта ці не, але Зяленскі быў саўдзельнікам гэтага трука, – піша Фоер, – пахла тым, што адміністрацыя Байдэна лічыла дылетанцтвам. Па праўдзе кажучы, Байдэн таксама быў не вельмі высокай думкі пра свайго ўкраінскага калегу».

Аўтар кнігі малюе карціну некалькі грэблівага стаўлення да Уладзіміра Зяленскага. Так, нагадваючы пра ролю Байдэна ў амерыкана-ўкраінскіх адносінах у часы прэзідэнцтва Барака Абамы, Фоер адзначае, што былы віцэ-прэзідэнт быў «глыбока ўцягнуты ва ўкраінскую палітыку — даўжэй, чым Зяленскі». На той момант Байдэну было 78 гадоў, а Зяленскаму — 43, і прэзідэнт ЗША на правах старэйшага чалавека «спрабаваў перадаць пэўную мудрасць, якая магла б прыцішыць запал малодшага», піша Фоер.

«Нават самыя заўзятыя сімпатыкі Зяленскага ў адміністрацыі Байдэна пагадзіліся, што ён праваліў сустрэчу», — піша Франклін Фоер, са слоў якога гэта нібыта сведчыла, што ў далейшым будуць толькі «яшчэ больш складаныя размовы».

Глядзіце таксама

«Сутуласць» Пуціна

У кнізе гаворыцца, што аднойчы Байдэн апісаў Пуціна свайму сябру як школьніка-гаўнюка. Цытату прыводзіць «Politico», паказваючы, што Байдэн меў на ўвазе «putin's slouch» — гэта можна перавесці і як знешнюю «сутуласць» Пуціна, і як яго агульную «шэрасць» або некампетэнтнасць (нефармальныя значэнні слова slouch).

З іншага боку, аўтар кнігі распавядае, што пасля ўсіх намаганняў расійскай прапаганды паказаць Байдэна як нямоглага старога Пуцін быў здзіўлены, наколькі добрая фізічная форма ў прэзідэнта ЗША, калі яны сустрэліся ў Жэневе ў 2021 годзе, менш чым за год да ўварвання РФ ва Украіну.

Калі Пуцін павітаўся з Байдэнам, то, здавалася, быў уражаны яго знешнасцю. «Добра выглядаеце!» — усклікнуў ён, піша Фоер.

Аўтар паказвае, што Пуцін, відавочна, быў настолькі ўражаны тым фактам, што Джо Байдэн не быў кашчавым старым, што палічыў патрэбным адзначыць гэта канцлеру Германіі Ангеле Меркель, калі распавядаў ёй у тэлефоннай размове аб выніках сустрэчы. «Прэзідэнт Байдэн у вельмі добрай форме», — заўважыў тады расійскі дыктатар.


Глядзіце таксама

Паводле korrespondent.net