Нашто Пуцін распачаў вайну? І прычым тут пярсцёнак усеўладдзя?
Нашто Пуцін распачаў вайну? Калі прыгадваць гісторыю, мы бачым дзясяткі аднастайных дыктатараў з маніяй велічы, напалеонаўскімі планамі і маніякальным жаданнем увайсці ў гісторыю. Гэта хутчэй правіла, а не выключэнне з правілаў, разважае на сваёй старонцы ў фэйсбуку вядомы расійскі блогер Дзмітрый Чарнышоў.
Шмат разоў ад розных людзей я чуў прыкладна адны і тыя ж развагі: «І ўсё ж я не разумею, навошта Пуцін пачаў гэтую вайну? У яго ж усё было выдатна. З ім усе лічыліся. Ён мог бы кіраваць Расіяй да самай смерці. Нахалеры?».
Мне падаецца, што галоўная памылка ў гэтых развагах палягае ў тым, што яны занадта лагічныя. Нармальны б чалавек так не паступіў. Гэта ж па-дурному.
На самай жа справе логіка тут не працуе, а пачынаюць працаваць эмоцыі. Дыктатару проста зносіць галаву ад сваёй беспакаранасці. Ён пачынае лічыць сябе абраным, а ў выніку адмоўнай селекцыі ўсіх яго падначаленых, дыктатар не атрымлівае адэкватнай зваротнай сувязі ад іх — ваша вялікасць, вы геніяльны. І яго здагадкі наконт уласнай выключнасці перарастаюць ва ўпэўненасць.
Але ж я невыпадкова ж апынуўся на вяршыні ўлады? І дыктатар пачынае атачаць сябе астролагамі, святарамі, прадказальнікамі, афонскімі старымі, шаманамі і іншымі шарлатанамі, якім падабаюцца грошы, і якія ў адзін голас паўтараюць: так, так, зоркі ясна паказваюць, гэта знак, мне было адкрыццё, абраз заміратачыў, Дзева нарадзіла казляня... вы — абраны.
Нашэнне пярсцёнка ўсеўладдзя дзейнічае на мозг чалавека як радыяцыя. Ён вар’яцее — і пачынае рабіць глупства.
Мы бачым дзясяткі аднастайных дыктатараў з маніяй велічы, напалеонаўскімі планамі і маніякальным жаданнем увайсці ў гісторыю. Гэта хутчэй правіла, а не выключэнне з правілаў:
1. Ідзі Амін абвясціў вайну ЗША, каб на наступны дзень абвясціць сябе пераможцам. У яго доўгім афіцыйным тытуле было: «Уладар Усіх звяроў на зямлі і рыб у моры, апошні кароль Шатландыі, Заваёўнік Брытанскай імперыі ў Афрыцы наогул і ва Угандзе ў прыватнасці». Аднойчы Амін заявіў, што ў сне да яго з'явіўся Бог і параіў выслаць індусаў і пакістанцаў. І 80 тысячам чалавек давялося тэрмінова бегчы з краіны! На парадах Аміна насілі на троне белыя жыхары Уганды, пасля чаго прыносілі яму клятву на вернасць.
2. Сапармурат Ніязаў перайменаваў месяцы ў гонар сябе і сваёй маці. Закрыў усе бібліятэкі ў вёсках — таму што, на яго думку, простыя туркмены не чытаюць кніг. Скасаваў балет і оперу. 15 тысяч медсясцёр, акушэрак, школьных санітараў і лекараў былі звольненыя і заменены ваеннымі прызыўнікамі. Паставіў па ўсёй краіне больш за 14 000 сваіх статуй. Школьнікі пачыналі раніцу з клятвы на вернасць Туркменбашы. Органы распаўсюджвалі сярод насельніцтва апавяданні пра боскія здольнасці Ніязава адным толькі поглядам забіваць муху, якая ляціць, выклікаць або спыніць дождж і пр.
3. Палкоўнік Бакаса захацеў стаць імператарам Цэнтральна-Афрыканскай Рэспублікі. За аснову сваёй каранацыі Бакаса ўзяў каранацыю Напалеона. Для размяшчэння 2500 замежных гасцей пачаліся рэквізіцыі ў жыхароў сталіцы кватэр, дамоў і гатэляў. З горада вывезлі ўсіх гарадскіх жабракоў і валацугаў. Для праезду па горадзе ў Ніцы была набыта старадаўняя карэта. Для яе і для картэжу з Бельгіі самалётам даставілі 130 беласнежных коней. Былі выраблены карона з 2000 дыяментамі і велізарным 80-каратным у цэнтры і каштоўны скіпетр – каля 5 мільёнаў даляраў. Выдаткі на каранацыю склалі прыкладна чвэрць гадавога бюджэту краіны. Бакаса практыкаваў рытуальны канібалізм — для таго, каб стаць больш моцным, еў плоць сваіх ворагаў.
4. Пол Пот прысудзіў да смерці ўсіх лекараў, інжынераў, пісьменнікаў, артыстаў, навукоўцаў і настаўнікаў. Уся інтэлігенцыя была абвешчаная ворагам нацыі і падлягала неадкладнаму знішчэнню без суда і следства. Адмяніў інстытут шлюбу і абвясціў жанчын уласнасцю нацыі. Абвясціў усе гарады краіны забароненай зонай, за парушэнне забароны чакала смерць. Таксама забараніў плакаць, смяяцца, чытаць што-небудзь і праяўляць жаль да хворых. Дзяцей забіралі ў спецыяльныя лагеры, дзе іх вучылі абыходзіцца са зброяй, любіць Пол Пота і ненавідзець сваіх бацькоў.
5. Франсуа Дзювалье падвергнуў катаванням і пакараў смерцю больш за 50 тысяч чалавек. Пры ім квітнелі гандаль рабамі і продаж дзяцей. Трымаць мясцовае насельніцтва ў страху яму дапамагалі абрады вуду. Галоўнай апорай дыктатара сталі ваенізаваныя атрады паўкрымінальных асоб — тантан-макуты. Яны не атрымлівалі грошай з бюджэту, кормячыся рабаваннем мясцовага насельніцтва. На чале атрадаў стаялі ведзьмакі вуду, якія прыводзілі непісьменных мясцовых жыхароў у жах. Яны апраналі белыя балахоны і сонцаахоўныя акуляры, каб ніхто не бачыў іх вачэй. З людзей здзіралі скуру, іх тапілі, спальвалі жыўцом, забівалі камянямі.
Вы можаце ўзяць практычна каго заўгодна з дыктатараў, якія доўга трымалі ў страху насельніцтва сваёй краіны — Чаўшэску, Кадафі, Мао, Сталін, Ходжа, Мугабэ, Маркас, Пуцін — у любога з іх будзе ўпэўненасць у сваёй богаабранасці і цэлы букет псіхічных адхіленняў.
Так што здзіўленне выклікае хутчэй не тое, якія глупствы і злачынствы яны здзяйснялі, а тое, чаму іх так доўга трываў іх народ.