Дзмітрый Чарнышоў: Права народа на рубільнік
Ці засталося ў народа права на страйк? Ці вы, хочаце, як у Францыі? Так, хочацца, як у Францыі! Праву на невыкананне злачынных загадаў трэба вучыць з дзяцінства.
У развагах пра Франка некалькі разоў гучала людаедская думка — як добра, што фашыст Франка перамог. Пры камуністах ахвяр было б яшчэ больш. Такія ж глупствы паўтараюць адэпты Піначэта — ну і што, што ён забіў некалькі тысяч чалавек, затое выратаваў Чылі ад камуністаў, разважае вядомы расійскі блогер Дзмітрый Чарнышоў.
— Людзей разводзяць, як маленькіх дзяцей. Ах, табе не падабаецца ГУЛАГ? Значыць, ты за Асвенцым, так?
Ты можаш выбіраць толькі з двух варыянтаў — ці ты за Гітлера, ці ты за Сталіна. І людзі апускаюць рукі — ну так... сапраўды...
А што можна было зрабіць у 1941-м? Тут толькі адно з двух. А ў грамадзянскую вайну што можна было зрабіць? Ты ці за крывасмокаў чырвоных ці за крывасмокаў белых. Белы тэрор быў не нашмат лепшым за чырвоны тэрору. Выбірай сабе крывасмокаў.
І так амаль заўсёды — канкістадоры Картэса або чалавечыя ахвярапрынашэнні ацтэкаў? Опіумныя вайны або феадальны Кітай? Ядзерныя бамбардзіроўкі або Нанкінская разня? Батыста або Кастра? Садам Хусэйн або «Аль-Каіда»?
Здаецца, выбару няма. Што вырашаць заўсёды будзе той, хто самы жорсткі, у каго больш грошай і зброі і хто гатовы ахвяраваць вялікай колькасцю сваіх салдат. Што выбіраць можна толькі найменшае з дзвюх ліхаў. Заўсёды ж так было.
Мы не можам вярнуцца ў мінулае і ўсё памяняць там. Мінулае не мяняецца. Але мы можам змяніць будучыню. Праз рэформы грамадства і праз выхаванне дзяцей.
Я б прапанаваў увесці такое паняцце — права на рубільнік. У кожнай досыць вялікай сацыяльнай страты павінна быць права на прыпыненне жыцця ў краіне. Гэтаму трэба вучыць людзей з дзяцінства — праву на невыкананне злачынных загадаў.
У Старажытным Рыме існавалі сэцэсіі — калі просты люд уціскалі, яны бралі з сабой на некалькі дзён харчы і сыходзілі з горада. Пакідалі патрыцыяў адных. Не працавалі крамы, на рынках не прадавалі прадукты. І жыццё ў горадзе цалкам спынялася.
Бо калі вы паглядзіце на рэальнасць, прэзідэнт — гэта проста чалавек з тэлефонам. І ўсё. Людзям на іншым канцы провада дастаткова не адказваць на званок, і свет зменіцца.
Грамадства павінна страсянуць вайскоўцаў. Вы чаму пагадзіліся ісці забіваць людзей у іншую краіну? Вы павінны сказаць: «Не, я не буду ў гэтым удзельнічаць».
Грамадства павінна страсянуць прапагандыстаў. Вы чаму пагадзіліся ўдзельнічаць у двух хвілінках нянавісці? Вы павінны сказаць: «Не, я не буду ў гэтым удзельнічаць».
Людзей вельмі доўга вучылі, што яны — маленькія і што ад іх нічога не залежыць. На самай жа справе мільёны людзей могуць за тыдзень спыніць вайну, проста сказаўшы: «Не, я не буду ў гэтым удзельнічаць».
Не трэба ісці на кулямёты і штурмаваць Крэмль. Дастаткова арганізаваць усеагульны страйк — і выключыць рубільнікам усё жыццё ў краіне. Выйсці на вуліцы і перакрыць дарогі.
Вы што, хочаце, як у Францыі? Так, я хачу, як у Францыі.
Свядомасць людзей можна і трэба мяняць. З вывучанай бездапаможнасцю можна і трэба змагацца. І тады людзям не прыйдзецца ўвесь час выбіраць паміж ГУЛАГам і Асвенцымам.