Галівудскія акцёры далучацца да страйку сцэнарыстаў. Вытворчасць фільмаў спыніцца?
Гільдыя
кінаакцёраў ЗША вырашыла далучыцца да страйку сцэнарыстаў. Апошні раз акцёры і сцэнарысты баставалі разам больш за 60 гадоў таму.
Аб'яднаны прафсаюз Гільдыі кінаакцёраў і Амерыканскай федэрацыі артыстаў тэлебачання і радыё (SAG-AFTRA) абвясціў пра страйк галівудскіх акцёраў, таму што перамовы аб павышэнні заробкаў з кінастудыямі і стрымінгавымі кампаніямі не прынеслі выніку.
Такім чынам, як адзначае выданне, у страйку возьмуць удзел больш за 150 тысяч акцёраў і акцёрак. Яны далучацца да сцэнарыстаў, якія працягваюць страйкаваць больш за два месяцы. Прафсаюз абвясціў, што страйк пачнецца апоўначы па часе Лос-Анджэлеса (10 раніцы па беларускім часе).
Апошні раз у гісторыі Галівуда акцёры і сцэнарысты праводзілі супольны страйк у 1960 годзе, піша «The New York Times».
Як распавяла прэзідэнт SAG-AFTRA, актрыса Фрэнсіс Дрэшэр, прафсаюзы патрабуюць ад прадзюсарскіх кампаній павышэння заробкаў акцёраў, а таксама павелічэння сум за паўторны паказ фільмаў або серыялаў, у тым ліку на стрымінгавых сэрвісах. Дамовіцца са студыямі аб прымальных для акцёраў умовах прафсаюзам не ўдалося.
Пасля таго, як было абвешчана аб рашэнні прафсаюза, акцёры фільма «Апенгеймер» Кіліян Мэрфі і Эмілі Блант пакінулі прэм'еру карціны ў Лондане, паведаміў рэжысёр Крыстафер Нолан.
Падчас забастоўкі акцёры не будуць удзельнічаць у здымках і рэкламных кампаніях, а таксама прысутнічаць на прэм'ерах фільмаў і серыялаў.
Раней з-за забастоўкі сцэнарыстаў ужо адклалі здымкі новага сезона «Вельмі дзіўных спраў» і серыяла «Хітрасці».
Нагадаем, у пачатку траўня Гільдыя сцэнарыстаў Амерыкі абвясціла пра страйк. Ён пачаўся пасля беспаспяховых перамоў сцэнарыстаў з групай найбуйнейшых кінастудый і стрымінгаў наконт умоў перазаключэння калектыўнага кантракта. Сцэнарысты патрабуюць больш высокай аплаты працы, аўтарскія адлічэнні за свае творы, якія выходзяць на стрымінгах.
Сярод патрабаванняў акцёраў таксама ёсць рэгуляванне выкарыстання штучнага інтэлекту.