Топ-10 фільмаў Інгмара Бэргмана: скандынаўскі дызайн кіно
Аматары маэстра 14 ліпеня адзначылі 115-ю гадавіну з дня народзінаў славутага рэжысэра. Ён прымусіў увесь сьвет закахацца ў швэдзкае кіно. На працягу кар’еры Бэргман выгадаваў цэлую супольнасьць вялікіх актораў, якія трапілі да шырокага гледача менавіта дзякуючы яму. З гэтай нагоды мы падрыхтавалі сьпіс з дзесяці лепшых фільмаў Інгмара Бэргмана.
![bergman.jpg bergman.jpg](/img/v1/images/bergman.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Нумар 10. Дзявочая крыніца (Jungfrukällan). 1960
![jungfrukallan.jpg jungfrukallan.jpg](/img/v1/images/jungfrukallan.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Перад гледачамі жахлівая адаптацыя швэдзкай баляды ХІІІ стагодзьдзя. Нягледзячы на тое, што першапачаткова стужка можа выглядаць як спрошчаная гісторыя пра помсту, насамрэч гэта захапляльная сувязь рэлігійных і маральных складанасьцей, на іх накладзены фірмовы самааналіз Бэргмана.
Гісторыя разгортваецца вакол заможнай хрысьціянскай сям'і, раз'яднанай праз згвалтаваньне і забойства іх дачкі Карын, якая выправілася ў шлях, каб завесьці сьвечкі ў царкву.
Пераўвасабленьне галоўнага актора ў кар’еры Бэргмана Макса фон Сюдава з ганарлівага чалавека ў мсціўца выглядае грандыёзна.
Нумар 9. Сунічная паляна (Smultronstället). 1957
![smultronstallet.jpg smultronstallet.jpg](/img/v1/images/smultronstallet.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
У фільме нас чакаюць блуканьні па сьцяжынах памяці, старэньня і страху за канчатковасьць існаваньня. У цэнтры фільма ляжыць фізычнае і метафізычнае падарожжа сталага чалавека, калі ён адпраўляецца ў горад з жонкаю свайго сына, каб атрымаць ганаровую ступень.
Калі далягляды зьмяняюць адзін аднаго, успаміны прафэсара абуджаюць мінулыя здарэньні ўсяго жыцьця. У пэўны момант зьліваюцца рэальнасьць і мары, сучаснасьць і мінулае. Галоўны герой праз увесь час разважае пра свой непазьбежны адыход у іншы сьвет.
Кожны чалавек урэшце атрымае сваю ўзнагароду. Нехта статуэтку, а нехта нашмат больш каштоўнае.
Нумар 8. Маўчаньне (Tystnaden). 1963
![tystnaden.jpg tystnaden.jpg](/img/v1/images/tystnaden.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Мінімум дыялёгаў і шмат гучнага маўчаньня прапануе Інгмар Бэргман у гэтым фільме. Сюжэт сканцэнтраваны вакол дзьвюх сёстраў, свабодалюбнай Ганны і інтэлігентнай, цяжкахворай Эстэр. Разам з маленькім сынам Ганны яны апынуліся ў чужой, ахопленай вайной краіне.
Напружаныя сямейныя адносіны кабетаў сталі мэтай дасьледаваньня рэжысэра. Чалавечая ізаляцыя не праходзіць без наступстваў, а калі на агульны ўзровень чужога грамадзтва накладваецца міжасабовы канфлікт самых блізкіх – чакай бяды. Інгрыд Тулін і Гунэль Ліндблём у галоўных ролях прымушаюць дасядзець да канца стужкі не здрыгануўшыся.
Нумар 7. Восеньская саната (Höstsonaten). 1978
![hostsonaten_1.jpg hostsonaten_1.jpg](/img/v1/images/hostsonaten_1.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Калі ў сьпякотнае лета вы марыце пра тое, каб сядзець у халодным доме і перабіраць уласныя думкі — гэтая праца Інгмара Бэргмана прыйдзецца даспадобы. Складаныя адносіны дарослай дачкі і яе маці ў цэнтры стужкі. Маці, якую грае Інгрыд Бэргман, знакамітая піяністка, якая і ў свае прыблізна 60 знаходзіць попыт на свой талент.
Нядаўна памірае яе муж, і яна прыяжджае пагасьціць да сваёй дачкі ў выкананьні легенды швэдзкага кіно Ліў Ульман. Фільм апавядае пра крыўды, якія праносяцца праз шматлікія дзесяцігодзьдзі, пра памылкі ў выхаваньні дзяцей. Ліў Ульман грае самадастатковую, але не такую зорную кабету, як яе маці. Доўгія восеньскія дыялёгі запаўняюць стужку Інгмара Бэргмана.
Ня будзе лішнім нагадаць, што паміж Інгмарам і акторкай Інгрыд Бэргман няма ніякіх сямейных сувязяў.
Нумар 6. Сорам (Skammen). 1968
![skammen.webp skammen.webp](/img/v1/images/skammen.webp?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Дзеяньне стужкі адбываецца параўнальна недалёк ад Беларусі, у Балтыйскім моры. А дакладней – на невялікай выспе, куды героі Макса фон Сюдава і Ліў Ульман прыяжджаюць, каб паправіць здароўе аднаго з сужонкаў.
Мірнае жыцьцё на ізаляванай выспе парушаецца, калі вайна ўрываецца ў іх дом. Інгмар Бэргман па-майстэрску паказвае, як вайна жахлівым чынам зьмяняе іх спакойнае існаваньне ў змрочную барацьбу за выжываньне. Адносіны пары, якія пагаршаюцца ўсё больш і больш, зьяўляюцца напамінам таго, як вайна дэгуманізуе людзей.
Моцнае палітычнае выказваньне рэжысэра актуальнае сёньня як ніколі.
Нумар 5. Шэпты і крыкі (Viskningar och rop). 1972
![viskningar_och_rop.jpg viskningar_och_rop.jpg](/img/v1/images/viskningar_och_rop.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Яшчэ адна сямейная драма. Усё як у людзей, зрэшты. Сярод галоўных гераіняў – тры сястры, якім надыходзіць час выказаць свае крыўды і дамагчыся справядлівасьці, прынамсі ў тым выглядзе, у якім яна, падаецца, павінна існаваць. Праблема заключаная толькі ў адным – тры чалавекі ўсё ніяк не напішуць агульную сямейную гісторыю. Шэпт пераходзіць у крык.
Дзеяньне стужкі разгортваецца ў маёнтку, дзе сабраліся ўсе сёстры, а адна зь іх памірае ад раку. Ёсьць і яшчэ адна дзеючая асоба – сьціплая службітка, якая міжволі становіцца той асобай, якая стане прычынай вырашэньня спрэчак. Але якім коштам?
Нумар 4. Скрозь цёмнае шкло (Såsom i en spegel). 1961
![sasom_i_en_spegel.jpg sasom_i_en_spegel.jpg](/img/v1/images/sasom_i_en_spegel.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
За гэтую стужку Бэргман атрымаў сваю другую ўзнагароду Оскар за лепшы замежны фільм.
Усяго 4 акторы, адзін зь іх, вядома Макс фон Сюдаў, лакацыя – невялікая выспа, дзеючыя асобы – крэўныя. Галоўныя элементы творчасьці Інгмара Бэргмана тут граюць усімі фарбамі.
Бэргман зрабіў майстар-клясу па псыхалягічным кіно. Нягледзячы на тое, што фільм паказвае псыхічныя захворваньні, сямейныя крызісы і адчай, ён прасякнуты момантамі глыбокай пяшчоты і каханьня. Перад абліччам глыбокіх пакутаў Інгмар Бэргман дазваляе сваім героям і нам зірнуць на хвіліны ласкавасьці і замілаваньня.
Нумар 3. Камунія (Nattvardsgästerna). 1962
![nattvardsgasterna.jpg nattvardsgasterna.jpg](/img/v1/images/nattvardsgasterna.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
У гэтай стужцы Бэргман запрашае нас у жыцьцё пратэстанцкага пастара ў невялікім швэдзкім паселішчы. У галоўных ролях тут Макс фон Сюдаў і Інгрыд Тулін.
Пастар змагаецца з уласным духоўным крызісам. Гледачы сустракаюць галоўнага героя, калі ён змагаецца з сумненьнямі веры пасьля страты жонкі. Лёс зводзіць яго з рыбаком-самагубцам і яго жонкай, кожны зь якіх мае справу з уласнымі духоўнымі праблемамі. Іх размовы складаюць аснову фільма.
Але як дапамагчы тым, хто патрабуе слова пастара, калі сам не ўпэўнены ў сувязі з Усемагутным?
Нумар 2. Асоба (Persona). 1966
![persona.jpeg persona.jpeg](/img/v1/images/persona.jpeg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Зорны склад з Ліў Ульман, Бібі Андэрсэн і Гунэра Б’ёрнстранда выкліча захапленьне ў кожнага аматара швэдзкага генія. Гэты фільм выклікае моцныя рэакцыі і інтэрпрэтацыі вось ужо амаль 60 гадоў.
У цэнтры ўвагі рэжысэра дзьве абсалютна розныя кабеты: вядомая акторка, якая раптоўна становіцца нямой, і медсястра, якой даручылі даглядаць за ёй на ўзьбярэжжы паўночнага мора.
Выбітная Ліў Ульман бліскуча перадае сьвет эмоцыяў, не прамаўляючы ні слова. А Бібі Андэрсэн фантастычна рэагуе на розныя станы сваёй падначаленай. Яе прыхільнасьць і сусьветная раздражненьне набліжаюцца і сплываюць удалячынь, як хвалі таго самага мора.
Нумар 1. Сёмая пячатка (Det sjunde inseglet). 1957
![det_sjunde_inseglet_1.jpg det_sjunde_inseglet_1.jpg](/img/v1/images/det_sjunde_inseglet_1.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Стужка пераносіць нас у сярэднявечча, дзе герой Макса фон Сюдава, расчараваны швэдзкі рыцар, вяртаецца дадому пасьля аднаго з чарговых крыжовых паходаў. Пакуль ён змагаўся на чужыне, яго родная краіна ў палоне спусташальнай чумы.
Рыцар сустракае Сьмерць і кідае ёй выклік: згуляць партыю ў шахматы на сваё жыцьцё. Сьмерць, вядома, згаджаецца: хто зь людзей можа быць ёй супернікам.
Рыцар сумняецца ў быцьці Бога, калі той маўчыць, пакуль лютуе Сьмерць, і адпраўляецца ў дарогу, каб крыху адцягнуць непазьбежныя хады ў шахматнай партыі. Бездакорная апэратарская праца і шыкоўная акторская гульня прынясуць асалоду, як і бліскучыя дыялёгі, якія спадарожнічаюць усёй дзеі. Шах, а потым і мат абавязкова павінны быць пастаўленыя. У гэтым — уся гульня, у гэтым — усё жыцьцё.
Прыемнага прагляду!
Астатнія аўтарскія падборкі фільмаў глядзіце тут.