А што дыктатар? Дыктатар нічога не мог зрабіць

Самы цікавы крах дыктатуры здарыўся, напэўна, у Цэнтральнаафрыканскай Рэспублікі (ЦАР). Чыннікам перавароту тут стала школьная форма. фактычна дзеці зрынулі імперыю.

unnamed_181.jpg

Дзеля гістарычнай праўды трэба адзначыць, што на той час ЦАР называлася імперыяй, кіраўніком якой быў, адпаведна, імператар Жан-Бедэль Бакаса. Праўда, да арыстакратычных родаў Яго Вялікасць не належаў. Бакаса быў выхадцам з беднай сям’і, і ў дадатак сіратой, які зрабіў кар’еру ў французскім каланіяльным войску і прыйшоў да ўлады ў 1966 годзе, арганізаваўшы путч.

Ужо першыя крокі на пасадзе кіраўніка краіны сведчылі, што свет атрымаў вельмі эксцэнтрычнага палітыка. Ён адразу запатрабаваў, каб усё дарослае насельніцтва запісалася ў праўладную партыю. Усе грамадзяне ва ўзросце ад 18 да 55 гадоў таксама павінны былі даказаць, што яны маюць працу. У адваротным выпадку ім пагражалі штрафы ці нават турэмнае зняволенне. Ужо на трэці дзень кадэнцыі правадыр адмяніў Канстытуцыю ЦАР і пачаў дыктатарскае праўленне. Нарэшце 2 сакавіка 1972 года Бакаса ўвогуле абвясціў сябе пажыццёвым прэзідэнтам.

Акрамя традыцыйных інструментаў утрымання ўлады Бакаса актыўна выкарыстоўваў такое ноу-хау, як канібалізм. Паводле некаторых звестак, ён ужываў у ежу лідараў апазіцыі, а аднойчы таемна накарміў свой кабінет міністраў адным з яго чальцоў, які не апраўдаў даверу кіраўніка. Паводле тых жа плётак, Бакаса не хаваў сваіх кулінарных забабонаў, і нават разглядаў іх як эфектыўны сродак для барацьбы з той жа карупцыяй. «Хабары я бяру толькі хабарнікамі», — хваліўся ён у блізкім атачэнні.

Акрамя арыгінальных кулінарных густаў, Бакаса запомніўся яшчэ і тым, што меў за куміра Напалеона. Гэта і падштурхнула кіраўніка ЦАР абвясціць сябе імператарам. Сама каранацыя і мерапрыемствы, якія адбыліся ў снежні 1976-га ў сталіцы Бангі, доўжыліся тры дні і па маштабах марнатраўства пераплюнулі ўсе падобныя «дажынкі».

Напрыклад, кавалерысты для каранацыі былі загадзя адпраўленыя ў школу верхавой язды ў Францыі, каб падрыхтавацца да параду, які папярэднічаў цырымоніі. Спецыяльна запрошаны за вялікія грошы кампазітар склаў для мерапрыемства імператарскі марш і імператарскі вальс. Нейкі паэт у гонар новага імператара напісаў оду. Бакаса слухаў яе седзячы на троне, які абышоўся казне ў не менш за 2,5 мільёна долараў. Агульныя выдаткі на правядзенне каранацыі склалі траціну дзяржаўнага бюджэту.

nlnsu5jv17e.jpg

Абвяшчэнне Бакасы імператарам цалкам і канчаткова надало рэжыму рысы адкрытай дыктатуры. Канстытуцыя імперыі юрыдычна зацвярджала асабістую вярхоўную ўладу імператара. Другі артыкул Канстытуцыі абвяшчаў: «Найвышэйшая ўлада належыць нацыі, увасобленай у імператары». Імператар меў права распусціць парламент, па сваім меркаванні прызначаць прэм’ер-міністра, уводзіць у краіне надзвычайнае становішча. Манархія абвяшчалася спадчыннай. Правасуддзе вялося ад імя кіраўніка краіны.

Натуральна, узнікае пытанне: куды глядзела сусветная супольнасць? У гэтым плане імператару, якога, дарэчы, прэса адкрыта называла хворым вар’ятам, шанцавала. Яму ўдалося балансаваць на мяжы інтарэсаў геапалітычных гульцоў. Рэжым карыстаўся асабістай падтрымкай прэзідэнта Францыі Валеры Жыскар д’Эстэна, якому Бакаса прапанаваў выгадныя ўмовы распрацоўкі радовішчаў урану, неабходнага для французскай атамнай праграмы. У 1975 годзе Жыскар д’Эстэн нават абвясціў Бакаса сваім «сябрам» і «сямейнікам».

Адначасова Бакаса фліртаваў з Масквой, куды нават быў запрошаны ў 1970 годзе ў статусе вялікага змагара з імперыялізмам. Зрэшты, той ваяж у Маскву і стаў для дыктатара фатальным. З Савецкага Саюза ён прывёз не толькі звычку сакавіта цалаваць чыноўнікаў у вусны падчас сустрэчы. У «Артэку» яму спадабалася ўніформа піянераў. На гэтай глебе ў 1979 годзе ў галаве імператара нарадзілася ідэя-фікс — апрануць гэтак жа ўсіх школьнікаў краіны. Зразумела, што манапольнае права на вытворчасць новай школьнай формы мела фабрыка, якая належала імператару.

Але форменнае адзенне, пашытае на той фабрыцы, каштавала занадта дорага для бацькоў, якім грошай ледзь-ледзь хапала на падручнікі. Як вынік, у школах пачаліся хваляванні супраць абавязковага нашэння формы. 18 студзеня 1979 года ў сталіцы прайшоў мірны марш, для разгону якога мабілізавалі жаўнераў. У выніку загінулі да 150 чалавек. А ў красавіку ў сталіцы пачалося сапраўднае паўстанне з барыкадамі, якое таксама жорстка задушылі. Тысячы людзей былі кінутыя ў турмы.

У тым жа красавіку стала вядома, што ў сталічнай турме загінулі больш за сотню школьнікаў і студэнтаў. Гэта выклікала сусветны рэзананс і моцную кампанію ў прэсе супраць дыктатара. У тым ліку таму, што сведкі казалі пра асабісты ўдзел Бакаса ў катаваннях. У прыватнасці, яны сцвярджалі, што імператар у лютасці заявіўся ў выпраўленчую ўстанову і правёў там два дні. Пасля чаго з турмы вывезлі каля 100 трупаў. А яшчэ каля сотні дзяцей, якія не хацелі насіць форму, п’яны Бакаса, паводле плётак, прыцягнуў у двор свайго палацу, каб праехацца па іх на грузавіку. Тых, каму ўдалося выжыць, вар’ят, маўляў, асабіста дабіваў палкай.

Пад ціскам грамадскасці і інфармацыі пра намер Бакаса стаць партнёрам Кадафі Парыж вырашыў дзейнічаць. Напрыканцы верасня 1979 года, у час адсутнасці імператара, які знаходзіўся ў Лівіі, атрад французскіх парашутыстаў высадзіўся ў Бангі і заняў прэзідэнцкі палац і радыёстанцыю. Былы прэзідэнт краіны Давід Дако, які прыбыў з французамі, абвясціў пра аднаўленне рэспубліканскага ладу.

А што дыктатар? Дыктатар нічога не мог зрабіць — адсутнасць супраціву французскім парашутыстам азначала, па-сутнасці, што ўладу ён страціў яшчэ да пачатку ваеннай аперацыі. Праз нейкі час Бакаса вярнуўся на радзіму з марай пра рэстаўрацыю на троне. Замест гэтага яго арыштавалі і прысудзілі да смяротнага пакарання, якое пасля замянілі турэмным зняволеннем.