Ці рэабілітуюць тырана і дыктатара?

Дваццаць пяць гадоў таму, 15 красавіка 1998 года, памёр Пол Пот — адзін з самых крывавых тыранаў ХХ стагоддзя. Як ні парадаксальна, сёння ў Камбоджы назіраецца рост арміі фанатаў дыктатара.

Пол Пот

Пол Пот


Забойства кожнага чацвёртага з 8-мільённага насельніцтва краіны, разбурэнне інфраструктуры з-за палітыкі высялення людзей з гарадоў, генацыд нацменаў і інтэлігенцыі (за веданне замежнай мовы пры Пол Поце можна было атрымаць турэмны тэрмін). Вось далёка не самыя поўныя вынікі праўлення групоўкі Чырвоныя Кхмеры пад кіраўніцтвам Пол Пота ў Камбоджы ў 1975—1979 гг.

І тым не менш сёння многія жыхары Камбоджы спрабуюць знайсці ў спадчыне Пол Пота нейкі пазітыў. Так, у 2008/2009 навучальным годзе каля 1/3 студэнтаў Пнампеньскага ўніверсітэта ўключылі Пол Пота ў лік найвялікшых камбаджыйцаў. Месца крэмацыі Пол Пота — аб’ект маршруту паломнікаў, якія моляцца за спачын душы нябожчыка.

Сцісла апісаную вышэй трагічную частку камбаджыйскай гісторыі прыхільнікі дыктатара інтэрпрэтуюць наступным чынам: не чырвоныя кхмеры, а в'етнамцы стаялі за жахлівым гвалтам, які спустошыў Камбоджу. Пол Пот і яго паплечнікі, маўляў, наадварот абаранялі простых камбаджыйцаў.

На пытанне — а як жа масавыя рэпрэсіі камбаджыйцаў з боку прыхільнікаў Пол Пота, яны на поўным сур’ёзе адказваюць: «В'етнамцы выкарыстоўвалі фальшывыя камбаджыйскія імёны, каб забіць нявінных камбаджыйцаў».



Глебай для такіх неверагодных фантазій з'яўляецца гістарычнае саперніцтва камбаджыйцаў і в'етнамцаў. Для камбаджыйскіх нацыяналістаў траўма ад шматлікіх папярэдніх в'етнамскіх уварванняў паслужыла штуршком да варожасці на адрас суседзяў-в'етнамцаў. Так, напрыклад, многія былі абураныя, калі Францыя, пакідаючы свае індакітайскія калоніі, саступіла В'етнаму спрэчныя землі.

Антыпатыя да в'етнамцаў дасягнула піка пры чырвоных кхмерах. Абвінаваціўшы В'етнам у намеры анексіі часткі Камбоджы, Пол Пот разарваў дыпламатычныя адносіны з Ханоем у 1977 годзе. Калі камбаджыйскія апазіцыянеры-сацыялісты пачалі паўстанне ва ўсходняй частцы Камбоджы, Пол Пот загадаў вынішчыць 1,5 мільёна мясцовых абарыгенаў, якіх ён назваў «камбаджыйцамі з в'етнамскімі мазгамі» Адначасова абвастрыліся памежныя спрэчкі. У 1978 г. дзве дывізіі чырвоных кхмераў праніклі на тэрыторыю В'етнама на адлегласць да 2 км і забілі больш за 3000 в'етнамскіх мірных жыхароў.

Шавінізм пры Пол Поце стаў часткай дзяржаўнай прапаганды. Сцвярджалася, што адзін кампучыйскі салдат роўны 30 в'етнамскім салдатам. Таму калі Кампучыя зможа сабраць два мільёны салдат з васьмімільённага насельніцтва, яна зможа знішчыць 50-мільённае насельніцтва В'етнама.

Такія нерэалістычныя ацэнкі безумоўна дапамаглі в'етнамцам досыць хутка перамагчы атрады Чырвоных кхмераў падчас вайны, якая пачалася ў снежні 1978-га. На працягу двух тыдняў войскі Пол Пота страцілі палову тэрыторыі краіны і адступілі ў цяжкадаступныя рэгіёны. 7 студзеня 1979 года в'етнамцы ўвайшлі ў Пнампень. Ім актыўна дапамагалі актывісты марыянетачнага ўрада Камбоджы пад кіраўніцтвам аднаго з экс-лідараў чырвоных кхмераў, які збег у В'етнам з-за рознагалоссяў з Пол Потам.

В'етнамцы акупавалі большую частку краіны да сярэдзіны 1980-х гадоў. Многія віталі і да гэтага часу вітаюць іх як вызваліцеляў. «Калі б В'етнам не дапамог нам зрынуць Пол Пота, то з Камбоджай магло б здарыцца шмат чаго. Пол Пот літаральна разбураў маю краіну, забіваючы ўсіх, хто думаў. Насельніцтва Камбоджы імкліва скарачалася. Камбоджа сёння магла б выглядаць як Паўночная Карэя, дзе дыктатура занявольвае ўласны народ. Войскі Пол Пота працягвалі б урывацца ў В'етнам, а таксама забіваць іх людзей. Я хацеў бы сказаць дзякуй в'етнамцам», — піша адзін з прыхільнікаў такой пазіцыі на інтэрнэт-форуме, прысвечаным гісторыі Камбоджы.
Ну знайшліся і тыя, хто сустракаў в'етнамцаў як прыгнятальнікаў. Тым больш, што большасць краін свету расцэньвала дзеянні В'етнама як інтэрвенцыю. У выніку чырвоныя кхмеры атрымалі міжнародную падтрымку і самае галоўнае сацыяльную базу, што дазволіла ім яшчэ доўга партызаніць.


Фота з HISTORY/UNIVERSAL IMAGES GROUP VIA GETTY IMAGES

Фота з HISTORY/UNIVERSAL IMAGES GROUP VIA GETTY IMAGES


Пол Пот заставаўся лідарам руху Чырвоных кхмераў, якія ўваходзілі ў «Кааліцыйны ўрад Дэмакратычнай Кампучыі», што прызнаваўся ААН як законны ўрад Камбоджы аж да пачатку 1990-х. Праблемы ў Пол Пота зніклі толькі пасля пачатку працэсу нацыянальнага прымірэння пад кантролем ААН. Тады ад яго сталі адыходзіць уплывовыя прыхільнікі, якія марылі прыстасавацца да новага рэжыму. Па іх загаду былы дыктатар быў змешчаны пад хатні арышт, пасля над ім быў праведзены суд, падчас якога яго публічна абвінавацілі ў здрадзе. 15 красавіка Пол Пот памер ад праблем з сэрцам, хаця версія самазабойства і атручэння не выключаецца.

Так ці інакш, аматары Пол Пота манапалізавалі тэму непрымання В'етнама ў грамадстве. Не кажучы пра тое, што для некаторых камбаджыйцаў настальгія па часах Пол Пота лічыцца своеасаблівай формай пратэсту супраць разрухі, галечы. У выніку сёння многія камбаджыйскія патрыёты мімаволі вымушаны апраўдваць Чырвоных кхмераў, а іх генацыд прыпісваць чужынцам-в'етнамцам. Захапленне міфалагізаванай гісторыяй ахапіла частку грамадства, перакруціўшы нацыянальную ідэнтычнасць аж да апраўдання генацыда сваго народу.

Вось такія незвычайныя калізіі палітычнага працэсу ў Камбоджы. Зрэшты, дылема — што лепш свой родны ў дошку дыктатар або вызваленне рукамі знешніх інтэрвентаў — напэўна, з'яўляецца актуальнай не толькі для камбаджыйцаў.