847-мы дзень вайны. Удары па расійскай тэрыторыі заходняй зброяй даюць плён

Прасоўванне расійскіх войскаў у Харкаўскай вобласці замарудзілася пасля ўдараў па расійскай тэрыторыі заходняй зброяй. Расія і КНДР «падпішуць новы фундаментальны дакумент». Распавядаем галоўнае, што стала вядома на чарговы дзень поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны. 

Шаўроны, каска і абраз на сцяне ў часовым размяшчэнні ўкраінскіх байцоў у Данецкай вобласці. Alina Smutko / Reuters / Scanpix / LETA

Шаўроны, каска і абраз на сцяне ў часовым размяшчэнні ўкраінскіх байцоў у Данецкай вобласці. Alina Smutko / Reuters / Scanpix / LETA

У Львоўскай вобласці два чалавекі пацярпелі ў выніку атакі беспілотнікаў

Кіраўнік Львоўскай абласной адміністрацыі Максім Казіцкі паведаміў, што ў Малехаве пад Львовам пацярпелі двое мужчын — 47 і 70 гадоў. Аднаго з іх шпіталізавалі.

Мэр Львова Андрэй Садовы распавёў, што ў Малехаве пашкоджаныя жылы дом і офіснае памяшканне, а ў самім Львове — будынак навукова-даследчага інстытута.

Крыніца: telegram

Максім Казіцкі ўдакладняе, што ў Львове абломкамі дронаў пашкоджаны адміністрацыйны будынак Дзяржаўнага навукова-даследчага кантрольнага інстытута ветэрынарных прэпаратаў і кармавых дабавак. У выніку разбураны дах, сцены і перакрыцці другога паверха на плошчы 800 квадратных метраў

Паветраныя сілы УСУ паведамілі, што ў ноч на 19 чэрвеня расійскія войскі атакавалі Украіну 21 беспілотнікам тыпу «Шахед», 19 дронаў былі збітыя ў Херсонскай, Мікалаеўскай, Днепрапятроўскай, Кіраваградскай, Хмяльніцкай і Львоўскай абласцях.

Пуцін: Расія і КНДР падпішуць «новы фундаментальны дакумент»

Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін у час перагавораў у Пхеньяне з лідэрам КНДР Кім Чэн Ынам заявіў, што падрыхтаваны новы фундаментальны дакумент, які ляжа ў аснову адносін дзвюх дзяржаў на доўгія гады. Яго словы прыводзіць ТАСС.

Ён адзначыў, што «подзвігі нашых папярэднікаў — гэта добрая база для развіцця нашых адносін сёння». Пуцін нагадаў, што ў 1945 годзе савецкія салдаты разам з карэйскімі змагаліся за вызваленне ад Японіі.

У сваю чаргу Кім Чэн Ын заявіў, што адносіны Расіі і КНДР уступаюць у перыяд «новага высокага росквіту, які немагчыма параўноўваць нават з перыядам карэйска-савецкіх адносін мінулага стагоддзя».

Зяленскі: Прасоўванне расійскіх войскаў у Харкаўскай вобласці замарудзілася пасля ўдараў па расійскай тэрыторыі заходняй зброяй

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў вечаровым звароце заявіў, што прасоўванне расійскай арміі на поўначы Харкаўскай вобласці замарудзілася дзякуючы дазволу партнёраў Кіева выкарыстоўваць заходнюю зброю для ўдараў па прыгранічных расійскіх тэрыторыях.

Паводле яго слоў, на сітуацыю паўплывала знішчэнне сіламі УСУ расійскіх пазіцый і пускавых установак каля мяжы.

«Гэта спрацоўвае. Менавіта так, як мы і чакалі. І па выніках баёў ужо цяпер, у чэрвені, на розных участках фронту я хачу падзякаваць усім нашым салдатам», — прыводзіць ягоныя словы «РБК-Украіна».

«Для нас гэта не чырвоная лінія». Амбасадар Эстоніі — аб магчымай адпраўцы войскаў ва Украіну

Адпраўка войскаў ва Украіну не чырвоная лінія для Таліна, заявіла ў інтэрв'ю «РБК-Украіна» амбасадар Эстоніі ва Украіне Анэлі Кольк.

«Мы сказалі, што гатовыя гэта абмяркоўваць. Для нас гэта не чырвоная лінія. Мы спадзяемся на агульную пазіцыю NATO ці Еўрапейскага саюза, і нашыя лідэры, я маю на ўвазе, асабліва Міністэрства абароны, яны гэта абмяркоўваюць, і нядаўна яны сказалі, што для нас няма нічога немагчымага. І мы рыхтавалі ўкраінскіх інструктараў цяпер, на нашай зямлі», — сказала яна.

Вярхоўная Рада ўхваліла законапраект аб стварэнні ваеннай паліцыі

За адпаведны законапраект у першым чытанні прагаласавалі 247 народных дэпутатаў.

Глядзіце таксама

Як адзначае «Громадське», ваенную паліцыю прапануецца стварыць як ваеннае фармаванне з праваахоўнымі функцыямі, якое будзе мець задачу забеспячэння правапарадку і ваеннай дысцыпліны.

Дэпутат ад «Еўрапейскай салідарнасці» Ірына Герашчанка заявіла, што партыя галасавала супраць гэтага дакумента. Паводле яе слоў, гэта «стварэнне яшчэ аднаго рэпрэсіўнага органа».

Выданне «Страна.ua» сцвярджала, што ў законапраекце прапісаная магчымасць даносіць на ухілістаў і дэзерціраў за грошы, а таксама ўрывацца ў кватэры парушальнікаў ваеннага заканадаўства.

Крыніцы: РБК-Украіна, Meduza, ТАСССтрана.ua, Hromadske