865-ты дзень вайны. За час вайны ва Украіне Расія страціла палову свайго першапачатковага войска
Мы звыклі да таго, што страты расійскіх войскаў, якія публікуюцца Узброенымі сіламі Украіны, выклікаюць сумнеў з-за іх магчымай «прапагандычнасці». Але гэтым разам упершыню за час вайны ўкраінскія крыніцы вымушаныя папраўляць экспертаў і «змяншаць» іх лічбы стратаў Расіі. У любым выпадку, Расія страціла палову свайго войска па стане да 2022 года.
За мінулыя суткі на фронце адбылося 151 баявое сутыкненне. Больш за ўсё акупанты атакуюць на Пакроўскім, Ліманскім і Курахоўскім кірунках, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы7 ліпеня.
На Пакроўскім кірунку УСУ адбілі 49 атак акупантаў, на Ліманскім кірунку — 20 атак, на Курахоўскім кірунку расійцы спрабавалі 19 разоў прарваць абарону ўкраінскіх войскаў.
На Харкаўскім і Краматорскім кірунках адбылося па 11 баявых сутыкненняў, на Купянскім — сем, на Тарэцкім расійцы здзейснілі 16 атак.
У цэлым сутычкі зафіксаваныя па ўсёй лініі фронту.
Як паведамляе амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW), такі тэмп наступу прыводзіць да пэўных поспехаў. Расійскія войскі прасунуліся на паўднёвы ўсход ад Купянска і Северска, а таксама ў кірунку Тарэцка.
Паводле геалакацыйных кадраў, войскі РФ 6 ліпеня нязначна прасунуліся на ўсход ад Пясчанага (паўднёвы ўсход ад Купянска). Украінскі вайсковы назіральнік заявіў, што расійскія сілы не змаглі прасунуцца далей праз шчыльныя ўкраінскія мінныя палі і артылерыйскі агонь у гэтым раёне.
Геалакацыйныя кадры, апублікаваныя 6 ліпеня, паказваюць, як падраздзяленні расійскай 123-й мотастралковай брыгады падымаюць сцяг у цэнтры Спрэчнага (на паўднёвы ўсход ад Северска). Адзін з расійскіх ваенкораў сцвярджаў, што войскі РФ цалкам захапілі Спрэчнае, але іншыя паведамлялі, што ўкраінскія войскі ўсё яшчэ ўтрымліваюць пазіцыі ў населеным пункце.
У ISW заявілі, што расійскія войскі, верагодна, нядаўна захапілі Сокал на фоне баёў каля Аўдзееўкі. Геалакацыйныя кадры, апублікаваныя 6 ліпеня, паказваюць, што элементы расійскага атрада «Чорныя гусары» падымаюць сцяг у заходняй частцы Сокала, а Мінабароны Расіі заявіла, што войскі РФ захапілі населены пункт.
Раней расійскія ваенкоры заяўлялі, што войскі РФ захапілі Сокал 29 чэрвеня і 4 ліпеня. Дадатковыя геалакацыйныя кадры, апублікаваныя 6 ліпеня, паказваюць, што расійскія войскі прасунуліся на захад ад Сокала і нязначна прасунуліся ва ўсходняй частцы Карлаўкі (на захад ад Аўдзееўкі).
Паводле звестак аналітыкаў DeepState, расійцы прасунуліся каля шэрагу населеных пунктаў Данецкай вобласці — у Пясчаным, Яўгенаўцы, Паўночным, ля Лазавацкага, Макееўкі, Навасёлаўкі Першай, Часавага Яра, Калінаўкі. Аднак на на Харкаўшчыне ў Глыбокім сілы абароны Украіны адкінулі расійскія войскі.
* * *
Паводле падлікаў брытанскага выдання The Economist, у вайне Расіі супраць Украіны «выведзена са строю» ад 462 000 да 728 000 расійскіх вайскоўцаў. Падлікі грунтуюцца на дакументах, у тым ліку, Міністэрства абароны ЗША.
Выданне публікуе некалькі графікаў. Адзін апісвае ацэнкі з афіцыйных і неафіцыйных крыніц за пэўны час. Апошнія звесткі, апублікаваныя 5 ліпеня «Медыязонай» і «Медузай» сведчаць, што колькасць загінулых у Расіі перавысіла 100 000, пры гэтым паводле стану на 21 чэрвеня іх 106 000 — 140 000. Значная частка аналізу грунтуецца на запісах аб спадчыне і некралогах ў сацыяльных сетках і іншых крыніцах.
Гэтыя даныя адпавядаюць іншым крыніцам: афіцыйныя асобы ў Францыі нядаўна назвалі агульныя страты Расіі ў 150 000 да траўня, а BBC Russia падлічвае, што да пачатку чэрвеня загінула па меншай меры 113 000 расійцаў. Гэтыя звесткі не ўключаюць украінцаў, завербаваных Расіяй на акупаваных тэрыторыях.
Верагодна, на кожнага загінулага ў баі прыпадае прыкладна тры-чатыры параненых. Такім чынам ад 462 000 да 728 000 расійскіх жаўнераў былі «выведзеныя са строю» да сярэдзіны чэрвеня — гэта больш, чым меркаваная колькасць расійскіх сіл уварвання ў лютым 2022 года. Французскія і брытанскія афіцыйныя асобы мяркуюць, што блізу 500 000 расійцаў былі цяжка параненыя або забітыя да пачатку траўня, гаворыцца ў матэрыяле.
Паводле звестак выдання, найбольшыя страты панеслі людзі ва ўзросце ад 35 да 39 гадоў, прыкладна 2% усіх расійскіх мужчын ва ўзросце ад 20 да 50 гадоў, магчыма, былі альбо забітыя, альбо цяжка параненыя ва Украіне з пачатку поўнамаштабнай вайны.
Варта зазначыць, што па звестках Вікіпедыі да пачатку вайны ва Украіне колькасць расійскага войска ацэньвалася ў 1 млн 013 тыс 628 чалавек.
* * *
* * *
Днямі ў выданні Forbes выйшаў матэрыял з ацэнкамі экспертаў, што расійскія войскі падчас штурмаў мікрараёна Канал у Часавым Яры страцілі 99 тысяч забітых і параненых вайскоўцаў.
Спікер аператыўна-стратэгічнай групоўкі войскаў «Хоціца» Назар Валошын, каментуючы гэтыя звесткі, адзначыў, што гэтая лічба блізкая да рэальнасці, калі браць страты па ўсёй лініі баявога сутыкнення на Усходзе Украіны за тры месяцы.
У прыватнасці, паводле яго слоў, у зоне адказнасці «Хорціцы» варожыя страты за тры месяцы склалі прыкладна 82 тысячы чалавек. «Я не буду спрачацца з экспертамі. Але па Часаву Яру лічба занадта вялікая. Там лічба за ўвесь час актыўнай варожай аперацыі па знішчэнні мікрараёна Канал складае каля 5 тысяч... асабовага складу расійскага было знішчана, пахавана ў пасадках», — дадаў Валошын.
* * *
У ноч на 7 ліпеня 2024 года расійцы атакавалі Украіну двума балістычнымі ракетамі «Іскандэр-М» і 13-цю ўдарнымі БПЛА тыпу Shahed-131/136. Усе мэты былі збітыя, паведамілі Паветраныя сілы Украіны.
У расійскай Варонежскай вобласці пасля атакі БПЛА пачаўся пажар на складзе з «выбухованебяспечнымі аб'ектамі». Па словах губернатара Варонежскай вобласці Аляксандра Гусева нібыта БПЛА збілі, але аскепкі ўпалі на склад «выбухованебяспечных аб'ектаў». Колькасць беспілотнікаў ён не назваў. Людзей папярэдзілі аб магчымай эвакуацыі і ўжо падрыхтавалі аўтобусы.
* * *
Аналітыкі ISW адзначаюць, што прэм'ер-міністр Вугоршчыны Віктар Орбан працягвае пазіцыянаваць сябе як патэнцыйнага пасярэдніка для спынення вайны ва Украіне, і імкнецца пераключыць увагу захаду на магчымыя мірныя перамовы, каб падарваць еўрапейскую падтрымку Украіны.
Орбан у публікацыі ў Newsweek абвінаваціў NATO у выбары канфлікту замест міру і заявіў, што NATO было створанае для падтрымання міру. Артыкул Орбана з'явіўся пасля яго візітаў у Кіеў і Маскву, дзе ён заклікаў Расію і Украіну пачаць перамовы.
На думку экспертаў, Пуцін прадэманстраваў, што ён не зацікаўлены ў любых пагадненнях, акрамя капітуляцыі Украіны, а таму намаганні Орбана, накіраваныя на прасоўванне перамоваў, верагодна, з'яўляюцца часткай яго пастаянных памкненняў, накіраваных на тое, каб пераключыць увагу Еўропы на абмеркаванне мірных перамоваў, а не на дыскусіі аб ваеннай падтрымцы Украіны.
Спецыялісты нагадваюць, што Орбан паслядоўна падрываў намаганні ЕС па аказанні ваеннай дапамогі Украіне, і зрушэнне фокусу ўвагі Еўропы ад ваеннай дапамогі спрыяе дасягненню гэтай больш шырокай мэты цяпер, калі Венгрыя старшынюе ў Савеце ЕС.
Таксама аналітыкі адзначаюць: здольнасць Украіны працягваць уласны мірны працэс залежыць ад яе здольнасці вызваліць важныя ў аператыўным плане тэрыторыі. Украіна не можа ажыццявіць паспяховыя контрнаступныя намаганні ў падтрымку гэтай мэты без ваеннай падтрымкі Захаду ў кароткатэрміновай і сярэднетэрміновай перспектыве.