«Беларусы з палку Каліноўскага прынялі мяне як свайго». Гісторыя літоўца, які абараняе Украіну з першага дня вайны

«Мне хочацца пачаць абараняць Літву ва Украіне і не чакаць пакуль вораг прыйдзе да нас і пачне разбураць ужо нашы гарады», — кажа Альбертас. 

Альбертас

Альбертас

Баявому медыку з пазыўным «Дантыст» усяго 30 гадоў, але, як ён сам кажа, ён «адчувае сябе на 40». Яго імя Альбертас. Ён грамадзянін Літвы, які прыехаў ва Украіну яшчэ да пачатку поўнамаштабнай вайны, а пасля пачатку ўварвання Расіі застаўся і запісаўся добраахвотнікам ва УСУ. Альбертас быў вайскоўцам у тэраабароне, якая абараняла Кіеў, а затым служыў у палку Каліноўскага, дзе ў асноўным служаць беларусы, якія падтрымліваюць Кіеў у супрацьстаянні з Расіяй. Цяпер «Дантыст» выконвае абавязкі медыка ў эвакуацыйнай камандзе, якая вывозіць параненых з поля бою.

Ён распавёў выданню «Настоящее время», як арганізаваная яго праца, а таксама ўспамінаў пра смерць сваіх таварышаў па службе і пра самы страшны дзень на вайне.

— Як вы патрапілі ва Украіну, чаму наогул вырашылі прыехаць?

— Ва Украіну я прыехаў у снежні 21-га года як турыст, гэта так званы медыцынскі турызм. Асноўная мэта ў мяне была палячыць зубы, паставіць каронкі: ва Украіне вельмі папулярны гэты кірунак. Таксама хацеў паглядзець Украіну, паглядзець розныя гарады, паездзіць па розных месцах.

З канца лета 22-го гады я патрапіў на фронт у якасці баявога медыка групы і памагатага старэйшага медыка на аўтамабілі медыцынскай эвакуацыі. Цяпер я працягваю службу таксама ў якасці баявога медыка на фронце, у камандзе «Casevac». Гэта спецыяльна абсталяваны аўтамабіль, прызначаны для эвакуацыі параненых байцоў з поля бою і дастаўкі іх да ўмоў, дзе ім можа быць аказана прафесійная медыцынская дапамога.

— Чаму вы, замежнік, вырашылі абараняць Украіну ў вайне, якую яна вядзе супраць Расіі?

— У першую чаргу, гэта абарона маёй роднай дзяржавы, Літоўскай Рэспублікі, ад магчымай агрэсіі.

Мне хочацца пачаць абараняць Літву ва Украіне і не чакаць пакуль вораг прыйдзе да нас і пачне разбураць ужо нашы гарады.

Да таго ж за паўтара-два месяцы, якія я правёў ва Украіне да вайны, я паспеў палюбіць гэты народ, палюбіць людзей, якія добра да мяне ставіліся. Мне падаецца, што не для кожнага чалавека ў гэтай сітуацыі сказаць: «Гэта не мая праблема, я паехаў да сябе дадому». І я захацеў неяк дапамагчы.

Глядзіце таксама

— Дзе вы за гэтыя два гады служылі ва Украіне, у якіх падраздзяленнях?

— Мая вайна пачалася ў шэрагах тэраабароны Кіева, у медыцынскай службе аднаго з батальёнаў, як медыка са зброяй. Першапачаткова мая пасада была "інструктар па тактычнай медыцыне". Мне трэба было вучыць рэкрутаў, як аказаць самому сабе першую дапамогу ў баі.

У тэраабароне я звязаў сваю службу з тактычнай медыцынай. Мне гэта вельмі падабаецца, мне здаецца, што гэта адзін з найважнейшых напрамкаў, які можа выратаваць вельмі шмат жыццяў. Таму я вырашыў прадоўжыць службу ў гэтым напрамку. Да вайны я праходзіў курсы па тактычнай медыцыне, я таксама шмат працаваў ратавальнікам у басейнах, там даводзілася сутыкацца з рознымі траўмамі.

Далей з чэрвеня 22-га года я працягнуў службу ў палку Кастуся Каліноўскага, улетку 2022-га быў нейкі час у Запарожскай вобласці.

— Што ўваходзіць у вашыя абавязкі?

— Мая задача — даставіць параненага да лекараў жывым, і пажадана, каб яго стан пры гэтым не пагоршыўся. Даставіць яго да прафесійных урачоў, да хірургаў, анестэзіёлагаў, рэаніматолагаў, дзе яго жыццё выратуюць. Мая задача — проста выйграць час, аказаць чалавеку мінімальную медыцынскую дапамогу па дарозе.

Мы займаемся медыцынскай эвакуацыяй параненых. Калі паступае каманда, што ёсць параненыя, нам даводзіцца за імі ехаць. Даводзіцца таксама часам выконваць абавязкі кіроўцы, працаваць з мапамі, крыху з радыёсувяззю, разбірацца мінімальна, як і што ўладкована, хоць я не радыст па спецыяльнасці. Даводзіцца праводзіць медыцынскую разведку.

Калі мы прыязджаем у нейкі новы раён баявых дзеянняў, мы павінны шукаць нейкія кантакты, шляхі эвакуацыі. Таксама мы павінны вывучаць розныя тыпы мін, ведаць, як працуюць дроны. Усё гэта таму, што за апошні год медыкі сталі вельмі пажаданай мэтай для расейскага войска, для ворага.

Украінскі баявы медык на фронце ўзору лета 2022 года і ўкраінскі баявы медык на фронце ўзору лета 2024 года — гэта даволі розныя медыкі. Патрабаванні да тваёй спецыяльнасці ўвесь час павышаюцца.

— Ці даводзілася вам блізка кантактаваць з ворагам?

— Даводзілася бачыць яго на другі дзень вайны на ўскраінах Кіева. Прыйшлося ўбачыць варожую тэхніку, але ў бой з імі я асабіста не ўступаў.

— Ці даводзілася вам на вайне страляць?

— На вайне я страляў толькі на палігоне, у ворага не страляў. У медыка ёсць зброя, але яна прызначана найперш для самаабароны.

Насамрэч гэта даволі вялікая рэдкасць (калі ты страляеш у суперніка), таму што цяпер вайна стала вядзецца артылерыяй. Убачыць ворага ў прыцэл тваёй вінтоўкі і стрэліць у яго — гэта вельмі-вельмі вялікая рэдкасць. І гэта — не задача медыка. Медыкаў імкнуцца берагчы і не адпраўляюць на такія ўчасткі, дзе ён можа ўступіць у непасрэдны кантакт з супернікам.

— Вам даводзілася лячыць палонных?

— Лячыць палонных даводзілася майму пабраціму, іншаму баявому медыку, майму камандзіру. Гэта быў палонны салдат арміі так званай "ДНР".

Яму была таксама аказана неабходная медыцынская дапамога, таму што на вучэннях па тактычнай медыцыне мы вучылі правілы вядзення бою, правілы вядзенні вайны і прытрымліваемся іх. У іх сказана: калі аказана дапамога самому сабе, тваім параненым пабрацімам, і калі камандзір вырашыць, што ёсць магчымасць і ёсць час, аказваецца дапамога і палонным.

Чаму так? Таму што, па-першае, мы такім чынам прытрымліваемся Жэнеўскай канвенцыі, правіл вядзенні вайны. Па-другое, мы папаўняем наш, украінскі абменны фонд. Па-трэцяе, мы паказваем тым самым нашаму ворагу, што мы ідзем у разрэз яго прапагандзе. Паказваем, што мы людзі, што ў нас ёсьць чалавечнасьць. Што мы не забойцы, не нейкія злодзеі, якія гатовы ўсіх забіць.

— Якая самая цяжкая сітуацыя ў вас была на вайне?

— Самая цяжкая страшная сітуацыя — гэта быў другі дзень вайны, раздача зброі ў раёне Абалонь ў Кіеве. Я быў адным з першых, хто атрымаў аўтамат з грузавых машын. Тады была рэальная небяспека, што вось-вось у наш раён увойдуць расійскія войскі, а ўжо да вечара яны апынуцца ў цэнтры Кіева. Усе разумелі, што хутчэй за ўсё засталося нам жыць вельмі нядоўга.

Былі чутныя гукі стрэлаў, над намі лятаў самалёт, знішчальнік. Тады было рэальна насамрэч страшна. Гэта было з першага да трэцяга дня вайны.

Калі стала ясна, што расійскія войскі не змогуць так хутка і проста ўзяць Кіеў, усё змаглі выдыхнуць з палёгкай.

— Што для вас наогул значыць гэтая праца? Што вас у ёй матывуе?

— Гэта небяспечна, але гэта цікава. Гэта цікава, таму што гэта экшн: ты ніколі не ведаеш, што чакаць, якая ў цябе будзе задача, колькі будзе параненых, якія будуць раненні, гэта нейкая разнастайнасць.

Плюс тут заўжды ёсць магчымасці для таго, каб развівацца. Ты заўсёды павінен падвышаць свае веды, сваю кваліфікацыю, заўсёды вучыцца, вучыцца на сваіх памылках, на памылках іншых. Гэта даволі цікава і ў той самы час вельмі важна для байцоў, якім ты можаш выратаваць жыццё. Ты можаш выратаваць нечага сына, бацьку, брата, дачку — гэта вельмі матывуе.

— Якія галоўныя складанасці ў вас былі?

– Адной з галоўных складанасцяў спачатку была ўкраінская мова. У пачатку вайны я практычна на ёй не размаўляў, разумеў яе недзе на 50%, даводзілася вучыць.

Пасля складанасць з'явілася, калі я прыйшоў у беларускі полк імя Кастуся Каліноўскага. Там прыйшлося вучыць ужо беларускую мову, але гэта было ўжо лягчэй. Вучыць беларускую я пачаў з песні «Тры чарапахі»: гэта адна з песень, якую я пачуў упершыню, калі прыйшоў у полк.

Я вельмі ўдзячны беларусам, што яны мяне прынялі ў палку, хаця я грамадзянін іншай краіны і абсалютна ніяк не звязаны з іх культурай, з іх краінай. Але яны мяне прынялі як свайго.

І ніколі за ўвесь час у палку я не адчуваў у адносінах да сябе ці да іншых літоўцаў нейкай дыскрымінацыі. У нас адзіны вораг, і ўсе канфлікты мусяць вырашацца пасля нашай агульнай перамогі.

Адна з вялікіх складанасцяў на вайне — гэта, вядома ж, прывыкнуць да смерці, да гібеляў пабрацімаў. Гэта цяжка, калі ты меў зносіны з чалавекам літаральна некалькі дзён таму, і атрымліваеш навіну, што яго больш з намі няма. Ты разумееш, што ў чалавека было ўсё жыццё наперадзе. Але ён зрабіў такі выбар, ён пайшоў ваяваць за свабоду і загінуў.