Bloomberg: ЗША не дазволяць Расіі абслугоўваць знешні доўг пасля 25 траўня

Ліцэнзія, якая дазваляе абслугоўваць суверэнную запазычанасць Расіі ў доларах ва ўмовах санкцый, хутчэй за ўсё, не будзе падоўжаная, паведамляе агенцтва Bloomberg са спасылкай на неназваныя крыніцы, знаёмыя з сітуацыяй.

otkas_ot_dollara.jpg


Тэрмін дзеяння ліцэнзіі OFAC ад 2 сакавіка 2022 года, якая дазваляе транзакцыі, неабходныя для атрымання плацяжоў па каштоўных паперах РФ, заканчваецца 25 траўня. А ўжо 27 траўня Расіі трэба будзе расплаціцца па двух выпускаў еўрааблігацый, піша АФН.

Па звестках суразмоўцаў Bloomberg, некаторыя чыноўнікі амерыканскага Мінфіна (у яго структуру ўваходзіць OFAC) прапаноўвалі падоўжыць ліцэнзію, каб Расія працягвала плаціць па даўгах, выдаткоўваючы валюту, якая паступае ў краіну. Аднак адміністрацыя Джо Байдэна ў выніку схілілася да жорсткага сцэнару.

Зрэшты, адна з крыніц Bloomberg кажа, што канчатковае рашэнне не прынята. Прадстаўнікі Белага дома і Мінфіна ЗША ад каментароў адмовіліся.

Нягледзячы на тое, што ліцэнзія OFAC была выпушчаная амаль адразу пасля ўвядзення жорсткіх санкцый, патэнцыйны дэфолт па суверэннай пазыцы РФ актыўна абмяркоўваецца ўжо з пачатку красавіка. Тады ЗША заблакавалі Расіі магчымасць плаціць па доларавых абавязацельствах з замарожаных знешніх рэзерваў, заявіўшы, што Расія павінна выкарыстоўваць для выплат наяўную ў яе валюту ці апынуцца ў стане дэфолту.

На фоне гэтай забароны Мінфін РФ ажыццявіў выплаты па выпусках аблігацый «Расія-2022» і «Расія-2042» у рублях, пералічыўшы іх Нацыянальнаму разліковаму дэпазітарыю (НРД). Міжнародныя рэйтынгавыя агенцтвы ў адказ заявілі, што выплаты ў рублях будуць азначаць для Расіі дэфолт. Аднак да моманту заканчэння 30-дзённага льготнага перыяду Мінфін РФ вырашыў ажыццявіць выплаты ў доларах, адсунуўшы тым самым пагрозу дэфолту.