Генеральны сакратар NATO: Мы знаходзімся ў вырашальнай стадыі вайны

Генеральны сакратар Енс Столтэнберг выказаўся на карысць пастаўкі дадатковых цяжкіх узбраенняў Украіне, піша DW са спасылкай на выданне Handelsblatt. Гэтую заяву ён зрабіў напярэдадні сустрэчы кантактнай групы па пытаннях абароны Украіны 20 студзеня (гэтую групу яшчэ называюць «фармат Рамштайн»).

stolt.jpg


Столтэнберг высока ацаніў рашэнне канцлера Германіі Олафа Шольца абсталяваць украінскія ўзброеныя сілы баявымі машынамі пяхоты Marder. У ходзе сустрэчы саюзнікаў на авіябазе ЗША Рамштайн 20 студзеня павінны быць прыняты далейшыя рашэнні, паведамляе Handelsblatt. «Нядаўнія абавязацельствы па пастаўцы цяжкай баявой тэхнікі вельмі істотныя — і я чакаю яшчэ большага ў найбліжэйшай будучыні», — пазначыў Столтэнберг.
«Мы знаходзімся ў вырашальнай фазе вайны», — падкрэсліў генеральны сакратар Паўночнаатлантычнага альянсу. «У сувязі з гэтым істотна, каб мы прадаставілі Украіне зброю, неабходную для перамогі», — дадаў ён. Па словах Столтэнберга, ваенная падтрымка Украіны — самы хуткі шлях да міру.
«Рызыка выкарыстання ядзернай зброі невялікая»
Кажучы аб небяспецы ядзернай эскалацыі, на якую неаднаразова спасылаўся Олаф Шольц, Столтэнберг адзначыў: «Рызыка выкарыстання ядзернай зброі невялікая». Кітай і іншыя краіны паслалі Расіі сігнал, «што ядзерная зброя не павінна быць выкарыстана», растлумачыў генеральны сакратар альянсу.
Пры гэтым суразмоўца выдання перасцярог ад недаацэнкі Расіі ў вайне супраць Украіны. «Тое, чаго ім не хапае ў маральным духу і падрыхтоўцы, расійцы спрабуюць кампенсаваць масавасцю. І яны прадэманстравалі, што гатовыя да вялікіх ахвяраў для дасягнення сваіх мэтаў», — папярэдзіў Енс Столтэнберг.
Міністры абароны краін — саюзніц Украіны 20 студзеня абмяркуюць на амерыканскай авіябазе Рамштайн у Германіі далейшую ваенную дапамогу Кіеву. У перамовах прыме ўдзел, у прыватнасці, кіраўнік Пентагона Лойд Осцін.
Польшча, Вялікабрытанія і Фінляндыя гатовы прадаставіць Кіеву цяжкія танкі
Польшча стала першай краінай NATO, якая заявіла аб намеры адправіць заходнія цяжкія баявыя танкі Украіне. Увечары 11 студзеня аб рашэнні перадаць Кіеву роту танкаў Leopard-2 у рамках міжнароднай кааліцыі абвясціў кіраўнік Польшчы Анджэй Дуда пасля сустрэчы з прэзідэнтамі Украіны і Літвы Уладзімірам Зяленскім і Гітанасам Наўседам у Львове. Размова ідзе аб 14 танках. Пакуль адправіць танкі Польшча не можа, бо для гэтага патрабуецца рээкспартная ліцэнзія іх вытворцы — Германіі.
Аб намеры перадаць Украіне танкі 11 студзеня аб'явіў і Лондан. Прэм'ер-міністр Вялікабрытаніі Рышы Сунак папрасіў міністра абароны Бэна Уолеса «працаваць з партнёрамі» ў бліжэйшыя тыдні, каб прасоўвацца «далей і хутчэй у нашай падтрымцы Украіны, уключаючы прадастаўленне танкаў», паведамілі ў канцылярыі Сунака. Па дадзеных тэлеканала Sky News, Лондан можа прапанаваць Кіеву каля дзесяці асноўных баявых танкаў брытанскага войска Challenger 2.
Фінляндыя гатова скіраваць Украіне невялікую колькасць танкаў Leopard з уласных запасаў, калі будзе запушчаны адпаведны праект дапамогі Украіне на ўзроўні Еўропы. Пра гэта заявіў прэзідэнт Фінляндыі Саўлі Нійністэ, словы якога 12 студзеня прывяла тэлерадыёвяшчальная карпарацыя Yle.