Ігар Тышкевіч: Пуцін загуляўся ў павышэнне ставак. Але яго становішча абумоўлена не сілай, а страхам

Эксперт Украінскага інстытута будучыні Ігар Тышкевіч задаецца пытаннем: калі страты Расіі ва Украіне не перавышаюць 10 тысяч чалавек, навошта мабілізацыя 300 тысяч новых жаўнераў? І лічыць, што галоўная зброя Расіі — страх — не спрацавала.

photo_2021_07_23_18_29_30.jpg


— Ва Украіне Пуцін загуляўся ў павышэнне ставак. Гэта як гопнік на раёне, які пастаянна спрабуе пагражаць. І нават можа ўдарыць, — піша Тышкевіч у сваім тэлеграм-канале. — Але яго становішча абумоўлена не сілай, а страхам. Дзейнічае да першага адказу «Хочаш памахаць кулакамі — давай» і першага ўдару ў адказ.

Прычым на моманце «хочаш памахаць — давай» сам гопнік трапляе ў пастку. Бо, калі не ўдарыць, канструкцыя страху рассыпаецца, становіцца відавочна, што гапата сама баіцца.

Ва Украіне крамлёўскія стратэгі спрабавалі гуляць на страхах. Спачатку вайной, потым маштабамі і акупацыяй часткі тэрыторый. Але нарваліся на ўкраінскае «ваяваць дык ваяваць». І пачалі адплываць.

Раптам стала відавочна, што сіламі «параднай арміі», якой так палохалі свет, забяспечыць сабе перамогу немагчыма. Больш за тое, калі нічога не мяняць, будзеш прапускаць удары, якія з кожным разам будуць усё мацней.

І тут для крамлёўскіх вярхоў стварылася сітуацыя, аналагічная сітуацыі з гопнікам. Нічога не рабіць — прайграць, і ўся канструкцыя страху рассыпаецца. У маштабах краіны гэта азначае страту ўплыву, статусу нават рэгіянальнай супердзяржавы.

І, натуральна, праблемы для Пуціна і яго атачэння: у гісторыі РФ ні адзін кіраўнік, які прызнаў ваеннае або ваенна-палітычнае паражэнне, не правіў далей. Так, былі прайграныя войны, калі Крэмль (ці Зімовы палац) падавалі насельніцтву як «перамогу». Ва Украіне сказаць аб «перамозе» не атрымаецца.

Нават больш: калі нічога не рабіць, дзейнічаючы, як раней, бліжэй да вясны можа здарыцца правал, маштабы якога нават пераменшыць будзе цяжка.

На гэтым фоне адзінае, як здаецца частцы атачэння Пуціна, выйсце — яшчэ больш паддаваць. Гэта значыць, закідаць колькасцю, заваліць фронт трупамі сваіх салдат.

Тым больш што летнія поспехі ў Луганскай і Данецкай абласцях былі забяспечаны масавай утылізацыяй ЛДНР-аўскіх «мобікаў». Але тыя скончыліся — няма каго больш хапаць і кідаць на фронт. «Добраахвотная» мабілізацыя правалілася. Выйсце — набраць унутры РФ.

Ці варта разлічваць на паніку насельніцтва? Адразу не. Будзе выезд у суседнія краіны (Грузія, Казахстан, Беларусь і іншыя), каб «пераседзець». Там мясцовая сфера турызму «зрубіць грошай». Але гэта шлях для тых, хто можа сабе яго дазволіць.

Астатніх будуць забіраць. І яны будуць ісці. Баяздольнасць такіх злучэнняў пад пытаннем, аднак набор асоб, якія маюць ВУС (ваенна-ўліковую спецыяльнасць), па задумцы крамлёўскіх генералаў дазволіць вырашыць пытанне наяўнасці падрыхтаваных кадраў і хуткай адпраўкі тых на фронт.

А значыць і тактыка. Пуціну патрэбна дэманстрацыя «перамогі». Як вынік — новае закіданне мясам лініі фронту. Пытанне ў іншым: а што будзе, калі не спрацуе? Верагоднасць такога вельмі вялікая.

І вось на гэтым этапе ў Пуціна могуць пачацца праблемы. Не ў выглядзе «рэвалюцый» — хутчэй, палацавага перавароту, які можа суправаджацца лакальным «рускім бунтам, бессэнсоўным і бязлітасным».

Вайна зацягнецца, верагоднасць змены фіналу сумніўная.

Іншае пытанне, што гэта ўскоснае прызнанне Крамля:

1. у немагчымасці вырашыць пастаўленыя задачы тымі сіламі, якія ёсць.

2. ва ўзроўні страт. Бо калі «страцілі ўсяго 3-4 тысячы, максімум у межах дзесяці», мабілізацыя не патрэбная: групоўка, якая атакавала Украіну, налічвала больш за 150К асабовага складу.

3. у адсутнасці здольнасці думаць нестандартна, шукаць новыя шляхі вырашэння праблем.

Гэтыя тры тэзісы могуць стаць падарункам украінскаму боку для правядзення інфармацыйных аперацый на тэрыторыі РФ (пры ўмове жадання гуляць на такіх тэмах).