Крэмль «паставіў на стоп» рэферэндумы аб «далучэнні» акупаваных тэрыторый да Расіі

Са слоў дзвюх крыніц «Мед*зы», блізкіх да Крамля, расійскія ўлады адклалі на нявызначаны тэрмін правядзенне рэферэндумаў аб «далучэнні да Расіі» самаабвешчаных ЛНР і ДНР.

c278fb64f4f40526b11bb26cd195aa9472ffb313.jpg


Таксама не будзе рэферэндумаў у акупаваных тэрыторыях украінскіх абласцей — Запарожскай, Харкаўскай і Херсонскай (у кожнай з іх расійскія ўлады раней сфармавалі так званыя ваенна-грамадзянскія адміністрацыі).

Суразмоўцы патлумачылі, што адзіная прычына гэтага рашэння — паспяховае контрнаступленне ўкраінскіх войскаў на Харкаўскім напрамку. Крыніцы падкрэслілі, што звязаныя з Крамлём паліттэхнолагі, якія працавалі ў Харкаўскай і Запарожскай абласцях, ужо адкліканыя ў Расію: «******* [паспешліва з'ехалі] усе. Паступіў загад ехаць дадому». У Херсонскай вобласці расійскія паліттэхнолагі, якія рыхтавалі рэферэндум, пакуль застаюцца.

У пачатку верасня сакратар генсавета «Адзінай Расіі», першы віцэ-спікер Савета Федэрацыі Андрэй Турчак абвясціў, што рэферэндумы будзе «правільна і сімвалічна» правесці 4 лістапада — у Дзень народнага адзінства. Прадстаўнікі акупацыйных «ваенна-грамадзянскіх адміністрацый» на кантраляваных Расіяй тэрыторыях гэтую ідэю падтрымалі.

4 лістапада стала першай канкрэтнай датай рэферэндумаў, якую адкрыта называлі расійскія чыноўнікі такога высокага рангу. Пры гэтым, паводле інфармацыі «Мед*зы», у самым пачатку вайны ў Крамлі былі ўпэўненыя, што змогуць анексаваць новыя тэрыторыі ўжо ў красавіку. Затым праз няўдачы на фронце дэдлайн перанеслі на травень, а потым і на 11 верасня — у гэты дзень у Расіі праходзяць рэгіянальныя выбары.

Аднак правесці іх у верасні таксама не ўдалося. У выніку, як сцвярджаюць крыніцы «Мед*зы», пад ціскам Уладзіміра Пуціна, якому «не церпіцца» «далучыць» новыя тэрыторыі, у Адміністрацыі прэзідэнта РФ усталявалі «канчатковую» дату — 4 лістапада.


Па словах аднаго з суразмоўцаў, ужо на наступным тыдні акупацыйныя «ваенна-грамадзянскія адміністрацыі» украінскіх тэрыторый павінны былі афіцыйна абвясціць аб пачатку падрыхтоўкі да лістападаўскага рэферэндуму. Цяпер усе гэтыя планы «пастаўленыя на стоп», «аб лістападзе гаворка ўжо не ідзе».

Суразмоўцы выдання, блізкія да Крамля, падкрэслілі: расійскія ўлады не разумеюць, калі змогуць вярнуцца да абмеркавання канкрэтных дат магчымага галасавання, — гэта залежыць ад таго, як будзе развівацца контрнаступленне Украіны. Прэс-сакратар прэзідэнта РФ Дзмітрый Пяскоў на пытанне пра лёс рэферэндумаў не адказаў.

Заўвага «НЧ»: Калі суразмоўцы выдання сапраўды казалі пра перспектывы рэферэндумаў такімі словамі, гэта можа азначаць, што яны (свядома ці падсвядома) усведамляюць: Расія страціла ініцыятыву ў вайне. Таму што яны кажуць пра залежнасць рэферэндумаў ад дзеянняў менавіта ўкраінскіх войскаў («ад таго, як будзе развівацца контрнаступленне Украіны»), а не ад дзеянняў расійскіх войскаў. То-бок, ад сваіх войскаў яны ўжо не чакаюць сур’ёзных вынікаў…