Марк Фейгін: «Захад не спыніцца, падабаецца гэта Маскве ці не»

Юрыст і напарнік Аляксея Арастовіча па штодзённых зводках з расійска-ўкраінскага фронту разважае пра ўладкаванне Расіі, яе прамысловасці, арміі і пра тое, ці скончыцца вайна для Расіі наогул.

8fb50344_8216_4f69_a05c_4eb5d224e95b_w1200_r1.webp


— Добрае пытанне, ці можна Пуціну прадаць паражэнне як перамогу ўнутры Расіі, — кажа ў інтэрв'ю «М*ланцы» Марк Фейгін. — Гэта было б магчыма, але пры іншых абставінах. Спыніўся б у пачатку сакавіка і прадаў бы, маўляў, вось тое, што мы захапілі, вось мірныя перамовы і вось вынік.

Але пасля паражэнняў... Успомніце Харкаўскую аперацыю, дзе з пачатку верасня страчана 10 тысяч квадратных кіламетраў са 109, якія займае цяпер Расія. Гэта значыць, 10% было адбіта, а цяпер кажуць і пра больш, таму што ўкраінская армія рухаецца на поўдні, па правым беразе Дняпра і ўвогуле вызваляе ўсё новыя населеныя пункты. Іх мала, гэта адбываецца павольна, але адбываецца.

Марк Фейгін перакананы, што контрнаступленне УСУ вельмі балюча ўдарыла па самалюбстве не толькі расійскага народа, таму што, на яго думку, «народ не суб'ектны і нічога вырашаць не будзе», але ў цэлым па ўладным класе і па арміі.

— Цяпер усе ведаюць, што ў Расіі, аказваецца, няма войска. Была загадка, усе казалі пра другую армію свету, казалі, што ў Расіі карупцыя, усё раскралі, але ўжо армія ў нас ого-го! І раптам высвятляецца, што ніякай арміі няма.

Занадта шмат адкрыццяў дала гэтая вайна. Зразумела стала, што гэта гнілы рэжым. Яны купляюць гэтых лятучых шахідаў у Іране, гэта значыць, свайго не могуць стварыць.

У іх разведвальны дрон «Арлан» БПЛА, а свайго дрона-камікадзэ або дрона з ударнымі мэтамі няма. Гэта што за перадавыя тэхналогіі? І закупляюць гэтыя дроны, і радуюцца, як папуасы, што ў іх цяпер ёсць больш за 2 тысячы штук дронаў, якія ім паставіў Іран.

Гэта значыць, гэтая краіна дэіндустрыялізаваная, дэтэхналагізаваная, у яе няма сучасных узбраенняў, і гэта ўсё напрацоўкі яшчэ савецкіх гадоў, якія вырабляліся ў постсавецкі перыяд і захоўваліся.

Марк Фейгін успамінае, што сам вырас у ваенна-індустрыяльным горадзе Самара, былым Куйбышаве, дзе калісьці былі адны ваенныя заводы, і наогул гэты горад быў закрытым.

— Апошні раз я там быў некалькі гадоў таму, і там засталіся толькі нейкія НДА накшталт НДА «Прагрэс», які кляпае С-300, некалькі заводаў, што вырабляюць патроны і аўтаматы — і ўсё. Усё павалілася, і гэтыя прадпрыемствы адправіліся ў нікуды.

Разважаючы пра сітуацыю ў расійскім грамадстве, Фейгін адзначае, што, з аднаго боку, народ, вядома, на Крэмль не пойдзе.

— Мы ўжо бачым, што іх адпраўляюць як мабілізаваных на перадавую, а яны не абураюцца, а толькі кажуць: «чаму вы іх не абулі добра і аўтаматы іржавенькія далі, а вось калі б далі бронікі і тэрмабялізну прыгожанькую, тады, вядома, хай едуць, у чым праблема?»

А з іншага боку, са слоў Фейгіна, пуцінская эліта вельмі многа страціла.

— Яны прывыклі да геданістычнага ладу жыцця: красці, красці і красці. Грошы адкідвалі ў дзюбе на Захад, там гэта выдаткоўвалі. Правільна сказана: «зарабляць пры Сталіне, а выдаткоўваць пры Ротшыльдзе».

Гэта значыць, добра ім было, і раптам нічога няма. І гэта не вернецца, то-бок, санкцыі і абмежаванні адмяніць нельга.

Вайна спыніцца, але ж нічога не скончыцца. Захад будзе даціскаць, і гэта рашэнне прынятае і адназначнае. Ён не спыніцца, падабаецца гэта Маскве ці не. І таму цяпер расійцам трэба прадаць ідэю, для чаго ўсё гэта патрэбна. Але як прадаваць — тавар увогуле нягодны.