Навіны з фронту і не толькі. «Рэферэндумы» як інфармацыйная аперацыя і каза — ахвяра расійскай агрэсіі
Абвешчаныя рэферэндумы на акупаваных Расіяй тэрыторыях Украіны і ўнясенне паправак у Крымінальны кодэкс РФ унеслі карэктывы ў інфармацыйны парадак дня вайны. Але гэтыя падзеі могуць істотна змяніць і расстаноўку сіл на фронце, прычым на карысць Украіны. Галоўныя навіны і ацэнкі з ваюючай Украіны за ноч і ранак 21 верасня.
Вашынгтонскі Інстытут вывучэння вайны (ISW) адзначае, што ініцыятывы расійскай улады многія СМІ расцанілі як прыкмету эскалацыі вайны: маўляў, анексія акупаваных тэрыторый дазволіць падаць далейшыя ўкраінскія наступы як агрэсію супраць Расіі, на гэтай падставе абвясціць мабілізацыю і затым задушыць Украіну колькасцю, а калі не атрымаецца — ужыць зброю масавага знішчэння. Але ў ISW так не лічаць.
- Перш за ўсё, у ISW не назіраюць ніякіх прыкмет хуткай змены расійскіх практык прызыву на вайсковую службу.
- «Рэферэндумы» там лічаць хутчэй прапагандысцкім крокам, які апелюе да этнанацыяналістычных настрояў. Гэта «пернік» для патэнцыйных рэкрутаў.
- Адначасова ствараецца больш магутная «пуга» ў выглядзе крымінальных артыкулаў, якія сур'ёзна абцяжарваюць звальненне з ваеннай службы тым, хто не жадае ваяваць.
- У сукупнасці гэтыя меры зробяць добраахвотна-прымусовым тое, што Рамзан Кадыраў назваў «самамабілізацыяй».
- Аналітыкі Інстытута сумняваюцца, што такімі метадамі ўдасца радыкальна павялічыць расійскую армію.
- Псеўдарэферэндумы будуць суправаджацца перасцярогамі аб тым, што гэтыя новыя тэрыторыі Расія будзе абараняць як свае — з ужываннем усіх наяўных у яе сродкаў.
«Крэмль, верагодна, спрабуе такімі расплывістымі папярэджаннямі абвастрыць украінскія ці сусветныя асцярогі наконт ядзернай эскалацыі. Аднак Пуцін ужо адмовіўся адстойваць якія-небудзь тэрытарыяльныя чырвоныя лініі ў адказ на ўкраінскія ўдары па анексаваным Расіяй Крыме — акупаванай тэрыторыі, якую ён кантралюе восем гадоў і аб'яўляе расійскай», — пішуць у ISW.
Аналагічнага меркавання прытрымліваецца Пентагон. Заявы верхаводаў так званых «ЛНР» і «ДНР» аб правядзенні «рэферэндумаў» па далучэнні да складу Расіі адцягваюць увагу пасля паспяховага контрнаступлення Украіны і з'яўляюцца простай інфармацыйнай аперацыяй, заявіў прэс-сакратар Пентагона брыгадны генерал Пэт Райдэр на брыфінгу.
«Гэта проста інфармацыйная аперацыя, мэта якой — адцягнуць увагу ад цяжкага стану, у якім цяпер знаходзяцца расійскія вайскоўцы», — сказаў ён.
Дарадца прэзідэнта ЗША па нацыянальнай бяспецы Джэйк Саліван таксама адзначыў, што прынятыя Расіяй крокі — гэта адлюстраванне цяжкасцей Расіі ва Украіне. «Ён (Пуцін) можа звярнуцца да частковай мабілізацыі, каб прымусіць яшчэ больш расійцаў удзельнічаць у жорсткай вайне ва Украіне», – сказаў ён падчас брыфінгу.
«Расія са скрыпам шукае, каго б адправіць на вайну. Гэта дзеянні няўпэўненай у сабе краіны, не праява сілы — якраз наадварот. І ЗША, і нашы хаўруснікі і партнёры сярод міжнароднай супольнасці будуць супрацьстаяць гэтым намаганням з боку Расіі і цвёрда падтрымліваць Украіну і яе народ», — падкрэсліў дарадца Байдэна па нацбяспецы.
У сваю чаргу, Украіна скарысталася ініцыятываю Крамля. У прыватнасці, дарадца офіса Зяленскага Міхаіл Падаляк у сваім Twitter-акаўнце заклікаў Захад перадаць Кіеву ATACMS у адказ на анансаваныя планы РФ правесці «рэферэндумы» на акупаваных украінскіх тэрыторыях. Акрамя таго, ён заклікаў увесці новыя эканамічныя сектаральныя санкцыі ў дачыненні да Расіі.
Аналагічную заяву зрабіла Міністэрства замежных спраў Украіны. «Украіна заклікае міжнародных партнёраў рашуча асудзіць намер РФ правесці супрацьпраўнае галасаванне на часова акупаваных тэрыторыях Украіны, накласці новыя санкцыі на Расію і прызнаць яе дзяржавай — спонсарам тэрарызму», — гаворыцца ў заяве.
У адказ на гэтыя заявы альбо не, але вярхоўны прадстаўнік ЕС па знешняй палітыцы Жазэп Барэль прыгразіў увядзеннем новых санкцый супраць Расіі ў адказ на аб'яўленне «рэферэндумаў» на часова акупаваных тэрыторыях Украіны.
Тым часам Генштаб Украіны паведамляе, што УСУ за суткі адбілі варожыя атакі ў раёнах дзевяці населеных пунктаў і паразілі 40 аб'ектаў праціўніка. У прыватнасці, у 20 раёнах засяроджання асабовага складу, узбраення і ваеннай тэхнікі, 13 раёнах засяроджання артылерыі, а таксама на сямі складах боепрыпасаў. Пра гэта паведамляецца ў ранішняй зводцы Генштаба 21 верасня.
Адзначаецца, што атакі праціўніка адбіты ў раёнах населеных пунктаў Вясёлая, Курдзюмаўка, Мікалаеўка Другая, Бахмуцкае, Зайцава, Маёрск, Першамайскае, Мар'інка і Новаміхайлаўка.
Расійскія акупанты зноў абстралялі жылыя дамы ў Харкаве. Інфармацыю аб выбухах у Харкаве пацвердзіў мэр горада Ігар Церахаў. «Ракетны абстрэл Халаднагорскага раёна. “Прылёты” па шматпавярховых жылых дамах. Інфармацыя аб пацярпелых удакладняецца. Па адным адрасе ў выніку ракетнага ўдару заблакіраваны людзі, ратавальнікі робяць усё для іх выратавання», — паведаміў Церахаў.
Да гэтага раней паведамлялася аб «прылётах» у вобласці — нібыта каля шасці варожых ракет вылецела з Белгарада.
Расійскія вайскоўцы неаднаразова абстрэльвалі Сумскую вобласць. У ваеннай адміністрацыі зафіксавалі каля 170 «прылётаў», паведаміў кіраўнік Сумскай ВА Дзмітрый Жывіцкі. Вораг страляў з мінамётаў, ствольнай артылерыі, гранатамётаў, РСЗА, а таксама кулямётаў. Па словах кіраўніка вобласці, пацярпелі медыцынская ўстанова, лініі электраперадач, домаўладанні мірных жыхароў, загінулі хатняя птушка і каза. «На шчасце, папярэдне — без чалавечых ахвяр», — дадаў ён.
Паводле ВВС, РБК-Україна, Главред, korrespondent.net.