«Не караць, а абараняць». 23-гадовая паліцэйская ахоўвае дзяцей ва ўкраінскай школе ля беларускай мяжы
Па новым загадзе Міністэрства навукі і адукацыі Украіны ва ўсіх школах, набліжаных да Беларусі, будуць дзяжурыць афіцэры службы адукацыйнай бяспекі. Такі крок стане дадатковай мерай, што дапаможа маленькім украінцам адчуваць адносны спакой і абароненасць ад магчымых крывавых тэрактаў з боку рэжыму Лукашэнкі ды расійскіх наймітаў, што перабываюць на тэрыторыі нашай краіны.
![Юлія Насуліч. Фота Нацыянальнай паліцыі Украіны Юлія Насуліч. Фота Нацыянальнай паліцыі Украіны](/img/v1/images/vokladka_55.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Юлія Насуліч. Фота Нацыянальнай паліцыі Украіны
Новая пасада патрабуе як высокіх навыкаў работы з дзецьмі, так і ўпэўненых скілоў па аказанні першай медыцынскай дапамогі, вайсковай справе і дзеянняў падчас абстрэлаў. Таму пакуль ідзе адбор прафесіяналаў, на службу ва ўстановы адукацыі Чарнігаўскай, Сумской, Жытомірскай, Ровенскай і Валынскай абласцей часова выйшлі мясцовыя афіцэры паліцыі. 23-гадовая Юлія Насуліч, адна з першых паліцэйскіх, хто выконвае гэтыя абавязкі, распавяла сваю гісторыю «12 Каналу».
Юлія — афіцэрка па Ратнаўскім раёне на ўкраінскай Валыні. Ужо два тыдні дзяўчына нясе службу ў мясцовай сярэдняй школе ў сяле Гута, што размешчана ў двух кіламетрах ад кардону з Беларуссю.
«Гэты лес — ужо ёсць тэрыторыі Беларусі», — паказвае афіцэрка з трэцяга паверха будынка на гай, што знаходзяцца зусім побач. Далей, у васьмі кіламетрах, цяпер недасягальны Хаціслаў Маларыцкага раёна, а яшчэ праз дзесяць і сама Маларыта.
![Сяло Гута ля мяжы з Беларуссю Сяло Гута ля мяжы з Беларуссю](/img/v1/images/sjalo_huta_lja_mjazy_u_belarussju.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Сяло Гута ля мяжы з Беларуссю
Сельскую школу штодзень наведваюць каля 300 вучняў, за якімі дзяўчына павінна трымаць вока ды вока. Сярод абавязкаў, якімі ў першую чаргу займаецца Юлія, паліцэйская вылучае забеспячэнне прапускнога рэжыму, у выпадку ракетнай трывогі — суправаджэнне дзетак да сховішчаў у падвалах школы, спыненне правапарушэнняў ды прафілактычныя размовы з вучнямі. Юлія адзначае, што як толькі пачынала працу ва ўстанове адукацыі, дзеці ставіліся да яе з асцярожнасцю. На то ёсць дзве прычыны. Першая — гэта яшчэ савецкі прататып паліцэйскага ў абліччы строгага дзядзькі, мэта якога — выключна караць. А другая заключаецца ў агульным стэрэатыпе, характэрным для большасці постсавецкіх дзяржаў, што ўсе супрацоўнікі паліцыі злыя ды карумпаваныя.
Юлія на дзяжурстве ў школе
Першы час дзеці думалі, маўляў, «палісмэнка будзе караць за дрэнныя ўчынкі», але дзяўчыне ўдалося хутка змяніць сітуацыю. Цяпер вучні не толькі звяртаюцца да яе з пытаннямі ці па дапамогу, але і разам гарна бавяць час на перапынках.
«Дзеці, асабліва малодшыя класы, ім дужа падабаецца, яны кожны перапынак ля мяне стаяць нібыта, я б сказала, сябры», — кажа Юлія.
На адной толькі Валыні да праекта абароны школ далучыліся ўжо 47 устаноў адукацыі, што, безумоўна, нясе выключна пазітыўныя змены: дзеці становяцца больш дысцыплінаванымі, паводзяць сябе спакайней, лепей засвойваюць і выконваюць правілы бяспекі. Да таго ж, самавітыя паліцэйскія становяцца для іх аўтарытэтам, таму да іх парад і заўваг вучні прыслухоўваюцца больш эфектыўна. Ды і агулам, спакайней у школах становіцца не толькі дзецям, але і супрацоўнікам, бо, як ніяк, побач навучаны чалавек са зброяй.
Падчас падрыхтоўкі паліцэйскіх на часовую пасаду афіцэра службы адукацыйнай бяспекі спецыялісты надаюць асаблівую ўвагу псіхалагічным аспектам работы з дзецьмі. Цяпер да конкурсу могуць далучыцца грамадзянскія асобы — звычайныя местачкоўцы, якіх таксама навучаць усім неабходным дзеянням у надзвычайных сітуацыях і выдадуць зброю.
![Афіцэр службы адукацыйнай бяспекі Раман Смулка ў сяле Сарны Афіцэр службы адукацыйнай бяспекі Раман Смулка ў сяле Сарны](/img/v1/images/aficer_sluzby_bjaspeki_raman_smulka_u_sjale_sarny.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Афіцэр службы адукацыйнай бяспекі Раман Смулка ў сяле Сарны
У студзені ахоўнікі з'явіліся і ў 20 навучальных установах Жытоміршчыны — перш за ўсе, у памежных з Беларуссю населеных пунктах Славечна, Народычы, Оўруч, Олеўск ды Гладкавічы. Яны знаходзяцца насупраць Нараўлянскага раёна, адкуль у лютым 2022 года заходзілі калоны расійскай акупацыйнай тэхнікі па напрамку Барадзянкі, Бучы ды Ірпеня.
Агулам, сёлета афіцэрамі павінны забяспечыць 150 устаноў адукацыі на адной толькі Жытоміршчыне. Акрамя таго, у школах будуць усталяваны спецыяльныя рамкі і металашукальнікі, а таксама кнопкі для хуткай сувязі з МНС, выклікам міліцыі і асабістым рэагаваннем на правапарушэнні і падазроныя сітуацыі. Нацыянальная паліцыя апытала больш за 300 тысяч рэспандэнтаў з усіх рэгіёнаў Украіны, у асноўным настаўнікаў і бацькоў вучняў. Больш за 70% удзельнікаў анкетавання станоўча ацанілі актуальнасць і мэтазгоднасць работы такога міліцыянера па ахове ва ўстановах адукацыі.
На гэтым тыдні таксама стала вядома, што на ўмацаванне мяжы з Беларуссю ў Ровенскай вобласці выдаткуюць больш за 900 мільёнаў грыўняў (≈ 2,4 мільёны еўра). Гэтую суму і яшчэ 50 мільёнаў (≈ 1,2 мільёны еўра) з абласнога бюджэту накіруюць на абарону кардону. У мінулым годзе для патрэб тэраабароны мясцовыя ўлады праводзілі закупку блокаў, тэтраэдраў, габіёнаў ды абсталявання для ўладкавання супрацьтокавых равоў. Цяпер, калі найбольш крытычныя ўчасткі ўмацаваныя і знаходзяцца ў адноснай бяспецы, памежнікі разам з тэрытарыяльнай абаронай і валанцёрамі займаюцца дадатковым удасканаленнем збудаванняў на іншых адрэзках мяжы.
![Беларуска-ўкраінская мяжа на Ровеншчыне Беларуска-ўкраінская мяжа на Ровеншчыне](/img/v1/images/belaruska_ukrainskaja_mjaza_na_rovenszczyne.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Беларуска-ўкраінская мяжа на Ровеншчыне