Новы скандал з Пантыфікам: Боку, які прайграе, трэба мець смеласць падняць белы сцяг?

Папу Рымскага зноў крытыкуюць за словы пра расійска-ўкраінскую вайну. Што сказаў Папа Рымскі гэтым разам і што яму на гэта адказалі сусветныя палітыкі?

Папа Рымскі Францішак. Фота Grzegorz Galazka / Archivio Grzegorz Galazka / Mondadori Portfolio / Getty Images

Папа Рымскі Францішак. Фота Grzegorz Galazka / Archivio Grzegorz Galazka / Mondadori Portfolio / Getty Images

Папа Рымскі Францішак у інтэрв'ю швейцарскай вяшчальнай кампаніі RSI, калі адказваў на пытанне пра вайну ва Украіне, заявіў, што таму, хто прайграе, трэба «мець смеласць весці перамовы». Інтэрв'ю было запісана ў лютым, яго фрагмент апублікавалі 9 сакавіка.

Журналіст спытаў Францішка: «Ва Украіне ёсць тыя, хто заклікае да смеласці здацца, паказаць белы сцяг. Але іншыя кажуць, што гэта дасць легітымнасць таму, хто валодае большай сілай. Што вы думаеце пра гэта?» У адказ Папа Рымскі заявіў, што, на ягоную думку, мацнейшы той, хто «думае пра людзей».

— Гэта адна з інтэрпрэтацый. Але я лічу, мацнейшы той, хто бачыць сітуацыю, хто думае пра людзей, у каго ёсць смеласць падняць белы сцяг і весці перамовы. І сёння вы можаце весці перамовы з дапамогай міжнародных сіл. Слова «перамовы» — гэта адважнае слова. Калі ты бачыш, што церпіш паразу, што справы ідуць не вельмі добра, трэба мець смеласць весці перамовы. Вам сорамна, але з якой колькасцю смерцяў гэта скончыцца? Своечасова дамаўляйцеся, шукайце краіну, якая выступіць пасярэднікам. Сёння, напрыклад, у вайне ва Украіне, ёсць шмат жадаючых выступіць у ролі пасярэднікаў. Турцыя прапанавала сябе для гэтага. І іншыя. Не саромеецеся весці перамовы, пакуль сітуацыя не пагоршылася.

 Прамога згадвання Украіны ў гэтым кантэксце Папа, аднак, пазбег.

Словы Папы Рымскага неўзабаве ўдакладніў кіраўнік прэс-службы Ватыкана Матэа Бруні. Ён адзначыў, што Францішак выкарыстаў тэрмін «белы сцяг» з падачы журналіста, які задаваў пытанне, а таксама не меў на ўвазе, што Украіне трэба здацца Расіі. «Папа выкарыстаў вобраз белага сцяга, прапанаваны інтэрв'юерам, каб пазначыць гэтым спыненне ваенных дзеянняў, перамір'е, дасягнутае дзякуючы смеласці перамоваў», — заявіў Бруні.

Прадстаўнік Ватыкана нагадаў, што, кажучы пра палесціна-ізраільскі канфлікт, Пантыфік «выразна заявіў, што перамовы — гэта ні ў якім разе не капітуляцыя». 

Што адказалі пантыфіку

Кіраўнік МЗС Украіны Дзмітрый Кулеба заклікаў Ватыкан «не паўтараць гістарычных памылак» і паслядоўна падтрымліваць Украіну.

«Мацнейшы за ўсё той, хто ў бітве дабра са злом становіцца на бок дабра, а не спрабуе зраўнаваць іх, назваўшы гэта „перамовамі“. Што тычыцца белага сцяга, то па гісторыі першай паловы ХХ стагоддзя нам вядомая гэтая стратэгія Ватыкана. Заклікаю не паўтараць гістарычныя памылкі і паслядоўна падтрымліваць Украіну і яе народ у справядлівай барацьбе за ўласнае жыццё. Наш сцяг сіне-жоўты. Пад ім мы жывем, паміраем і перамагаем. Мы не будзем падымаць іншыя сцягі», — заявіў украінскі міністр.

Кіраўнік Украінскай грэка-каталіцкай царквы Святаслаў Шаўчук падчас сустрэчы з украінскай суполкай у Нью-Ёрку сказаў, што Украіна «зраненая, але не заваяваная». Верагодна так ён адрэагаваў менавіта на словы Папы Рымскага.

«Паверце мне, нікому і ў галаву не прыходзіць здацца, нават там, дзе сёння ідуць баявыя дзеянні. Паслухайце нашых людзей у Херсоне, Запарожжы, Адэсе, Харкаве, Сумах!» — дадаў Шаўчук. Усіх, хто «са скептыцызмам глядзіць на здольнасць Украіны выстаяць» у вайне з Расіяй, прадстаяцель УГКЦ заклікаў «ісці да споведзі».

 

На інтэрв'ю Францішка адрэагавалі і еўрапейскія палітыкі.

«Як наконт таго, каб для балансу заклікаць Пуціна набрацца смеласці і вывесці сваё войска з Украіны? Мір наступіць неадкладна, без неабходнасці перамоваў», — напісаў кіраўнік МЗС Польшчы Радаслаў Сікорскі ў сацсетцы X (былы твітэр).

На думку прэзідэнта Латвіі Эдгара Рынкевіча, «перад злом нельга капітуляваць»:

«Мая нядзельная ранішняя заява — нельга капітуляваць перад злом, трэба змагацца з ім і перамагчы яго, каб зло падняло белы сцяг і капітулявала». 

Раскрытыкавалі словы папы рымскага нямецкія палітыкі, адзначае Deutsche Welle.

Мары-Агнес Штрак-Цымерман, кіраўнік камітэта Бундэстага па абароне, заявіла, што ёй сорамна за пазіцыю Пантыфіка. Паводле яе слоў, перш чым заахвочваць Украіну да перамоваў, Папа павінен звярнуцца да расійскіх злачынцаў.

«Перш чым украінскія ахвяры ўзнялі белы сцяг, Папа павінен гучна і беспамылкова заклікаць жорсткіх расійскіх злачынцаў зняць свой пірацкі сцяг — сімвал смерці і сатаны... І чаму, у імя Бога, ён не асуджае слоўнае, забойнае падбухторванне кіраўніка РПЦ і экс-агента КДБ Кірыла супраць украінскага народа? Мне як каталіку сорамна, што ён гэтага не робіць», — сказала яна.

  • Папа Рымскі Францыск не ў першы раз падвяргаецца крытыцы за свае выказванні пра вайну ва Украіне. Прычым незадаволенасць выказвалі абодва бакі канфлікту.

У лістападзе 2022 года Пантыфік назваў «самымі жорсткімі» ўдзельнікамі вайны чачэнцаў і буратаў. На гэтае выказванне адрэагавала афіцыйная прадстаўніца МЗС Расіі Марыя Захарава. На яе думку, словы Папы Рымскага «ўжо не русафобія, гэта вычварэнства, нават не ведаю якога ўзроўню».

У жніўні наступнага года Францішак выступіў па відэасувязі на Усерасійскай сустрэчы каталіцкай моладзі ў Санкт-Пецярбургу. Ён назваў Расійскую моладзь «спадчыннікамі Вялікай Расіі: Вялікай Расіі святых, кіраўнікоў, Вялікай Расіі Пятра I, Кацярыны II, той імперыі — Вялікай, асвечанай, [краіны] вялікай культуры і вялікай чалавечнасці». На яго думку, расіяне — «нашчадкі Вялікай матухны — Расіі». Прэс-сакратар прэзідэнта РФ Дзмітрый Пяскоў заявіў, што Пантыфік «ведае расійскую гісторыю, і гэта вельмі добра». У сваю чаргу, дарадца кіраўніка офіса прэзідэнта Украіны Міхаіл Падаляк сказаў, што Папа Рымскі «стаў інструментам расійскай прапаганды» і «заахвочвае чалавеканенавісніцкую ідэалогію Пуціна».

Пазней Пантыфік патлумачыў свае словы, і сказаў, што хацеў нагадаць маладым расіянам пра вялікую культурную спадчыну.

У Кіеве Францішка таксама крытыкавалі за словы пра гібель Дар'і Дугінай. Выступаючы са зваротам з нагоды паўгоддзя вайны ва Украіне, Папа Рымскі выказаў надзею на больш хуткае яе завяршэнне, а таксама падкрэсліў, што за вайну расплачваюцца нявінныя людзі. Ён згадаў у тым ліку Дугіну, заявіўшы, што думае «аб беднай дзяўчыне, падарванай бомбай, якую заклалі пад сядзенне аўтамабіля ў Маскве».

Варта адзначыць, што ў траўні 2023 года папа Францішак казаў, што Ватыкан «уцягнуты ў сакрэтную мірную місію» ва Украіне, гэты факт пацвердзілі і ў Маскве. Але развіцця яна, відавочна, не атрымала.

Паводле meduza.io