Падтрымка або здрада: Чаго чакаць Украіне ад выбараў у ЗША?

Ад наступнага амерыканскага прэзідэнта будуць залежаць перспектывы ўступлення Украіны ў NATO, працяг паставак заходняй зброі і ўмовы будучых мірных перамоваў Кіева з Масквой. Назіральнікі сыходзяцца ў меркаванні, што перамогу Камалы Харыс сустрэнуць у Кіеве са значна большым энтузіязмам, чым другі тэрмін Дональда Трампа, чые выказванні хутчэй гулялі на руку Крамлю. Але ці так усё проста, разбіралася ВВС.

Зяленскі на фоне партрэтаў Харыс і Трампа. Калаж ВВС

Зяленскі на фоне партрэтаў Харыс і Трампа. Калаж ВВС

Харыс атрымае ў спадчыну складаныя рашэнні

Знешняя палітыка была сферай экспертызы Джо Байдэна на працягу большай часткі паўстагоддзя, які ён правёў на пасадзе сенатара, віцэ-прэзідэнта і нарэшце прэзідэнта ЗША. Ён вёў перамовы з Голдай Мэір, Маргарэт Тэтчэр, Аляксеем Касыгіным, Муамарам Кадафі, Міхаілам Саакашвілі і Віктарам Юшчанкам.

Камала Харыс рабіла кар'еру ў Каліфорніі і пераехала ў Вашынгтон у 2017 годзе, калі была абраная ў Сенат ЗША. Там яна займалася ў асноўным унутранай палітыкай.

Дыпламатыя стала часткай яе паўнамоцтваў ужо на пасадзе віцэ-прэзідэнта ў адміністрацыі Байдэна, калі ёй былі даручаны перамовы з лідарамі краін Цэнтральнай Амерыкі з мэтай спыніць масавую міграцыю ў ЗША. Гэтая місія не прывяла да поспеху: прынамсі 8 мільёнаў чалавек незаконна перасеклі паўднёвую мяжу ЗША за час прэзідэнцтва Байдэна — гэта ў тры разы больш, чым за першы тэрмін Трампа.

У 2022 годзе Расія пачала поўнамаштабнае ўварванне ва Украіну, і да задач Харыс дадалася падтрымка Кіева. Яна сустракалася з прэзідэнтам Уладзімірам Зяленскім ужо сем разоў, удзельнічала ў перамовах з саюзнікамі ў NATO і прадстаўляла ЗША на Мюнхенскай канферэнцыі ў бяспецы.

Харыс кажа, што ў выпадку перамогі яна працягне курс Байдэна па падтрымцы Украіны: будзе адпраўляць ваенную дапамогу, адмаўляцца ад перамоваў з Крамлём без удзелу Кіева і паважаць права Зяленскага вырашаць, на якіх умовах яго краіна гатовая да спынення агню.

Яе словы гучаць так, што абнадзейваюць Украіну, але ёсць нюанс.

5 лістапада амерыканцы выбіраюць не толькі прэзідэнта, але і членаў абедзвюх палат Кангрэса.

У 2022-м годзе Кангрэс сустрэў Зяленскага авацыямі, але рэспубліканцы астудзілі да яго з тых часоў. Фота Getty Images

У 2022-м годзе Кангрэс сустрэў Зяленскага авацыямі, але рэспубліканцы астудзілі да яго з тых часоў. Фота Getty Images

 Цяпер у рэспубліканцаў большасць у ніжняй палаце прадстаўнікоў, а ў дэмакратаў — у Сенаце; але сацапытанні прадракаюць ракіроўку, у якой верхняя палата стане рэспубліканскай, а ніжняя — дэмакратычнай.

У выпадку рэспубліканскага кантролю над Сенатам можна чакаць розных сцэнараў. Маладыя правыя папулісты, накшталт кандыдата ў віцэ-прэзідэнты ад рэспубліканцаў Джэй Дзі Вэнса і сенатараў Тома Котана і Джоша Хоўлі, выступаюць супраць вайсковай дапамогі Украіне. Але старая гвардыя іх партыі ўважае супрацьстаянне пуцінскай Расіі за стратэгічны інтарэс ЗША.

І тыя, і другія, незалежна ад асабістых поглядаў, будуць прыслухоўвацца да Трампа, калі ён закліча блакаваць ініцыятывы Белага дома. Так ужо было ў 2023-2024 гадах, калі па яго ініцыятыве рэспубліканская большасць у ніжняй палаце Кангрэса восем месяцаў блакавала выдзяленне сродкаў Кіеву — гэта было звязана не ўласна з Украінай, а са спрэчкай вакол міграцыйнага крызісу.

Але нават аптымістычны для Украіны сцэнар, у якім Харыс становіцца прэзідэнтам і працягвае лінію Байдэна пры падтрымцы абедзвюх палат Кангрэса, пакідае Украіну ў вельмі складаным становішчы.

У Амерыцы і ў Еўропе «распаўсюджваюцца цынізм і стомленасць, і нават самыя перакананыя прыхільнікі Украіны прызнаюць, што магчымасці Захаду падтрымліваць Кіеў у вайне пачынаюць вычэрпвацца», піша аглядальнік Washington Post Ішаан Тарур.

Падтрымка ЗША заўсёды паступала занадта позна, і яе было занадта мала, гаворыцца ў артыкуле пад загалоўкам «Будучая здрада Украіне» на сайце Каралеўскага інстытута абаронных даследаванняў (RUSI). У ёй былы брытанскі дыпламат Цім Уіласі-Уілсі нагадвае, што Байдэн адной рукой дапамагаў Украіне, а другой — асцярожнічаў, спрабуючы прадухіліць ператварэнне канфлікту ў ядзерны.

«У выніку Украіна адчувае, што яна атрымала дастаткова, каб не прайграць, але недастаткова, каб перамагчы», — піша эксперт. Гэтая палітыка, хутчэй за ўсё, працягнецца і пры Харыс, пішуць аўтары аналізу Brookings Institution, ліберальнага даследчага цэнтра ў Вашынгтоне.

За апошнія месяцы нават бліжэйшыя сябры Украіны, што сутыкнуліся з упартым нежаданнем Злучаных Штатаў ухваляць больш радыкальныя меры, сталі сумнявацца ў шанцах УСУ выйсці на межы 1991 года. 

«Самым верагодным зыходам вайны будзе часовае пакіданне часткі тэрыторыі Украіны пад расійскай акупацыяй», — сказаў прэзідэнт Чэхіі Пётр Павел у верасні.

Мурал з «Джавелінам». Трамп першым ухваліў пастаўкі комплексаў «Джавелін» для УСУ. Фота Getty Images

Мурал з «Джавелінам». Трамп першым ухваліў пастаўкі комплексаў «Джавелін» для УСУ. Фота Getty Images

Крыніцы газеты Financial Times у асяроддзі Харыс кажуць пра тое, што яна не будзе дамагацца неадкладнага перамір'я на шкоду інтарэсам Украіны, але падтрымае намаганні па заканчэнні вайны.

Паводле плану Зяленскага, гэта прадугледжвае запрашэнне і затым уступленне Украіны ў NATO, але Харыс пакуль што не выказвалася адназначна на гэты конт. У інтэрв'ю CBS яна сказала, што зоймецца гэтым пытаннем, «калі і пры ўмове, што да яго дойдзе справа».

Вашынгтон варожыць аб планах Трампа

Ліберальныя апаненты Дональда Трампа апісваюць яго замежную палітыку як непрадказальную імправізацыю, на якую уплываюць сімпатыі да аўтарытарных лідараў накшталт Уладзіміра Пуціна ці анты-ліберальна настроеных кіраўнікоў дэмакратычных дзяржаў, ад прэм'ер-міністра Ізраіля Біньяміна Нетаньяху і вугорскага прэм'ера Віктара Орбана да прэзідэнта Турцыі Рэджэпа Таіпа Эрдагана.

Але нейтральны погляд на знешнюю палітыку Трампа выяўляе ў ёй і некалькі выразных прынцыпаў, такіх, як курс на супрацьстаянне з Кітаем і непрыязнасць да войнаў і ўзброеных канфліктаў.

За чатыры гады ў Белым доме і амаль столькі ж у статусе былога прэзідэнта ён паслядоўна выступаў супраць ваенных канфліктаў — і з удзелам ЗША, і наогул усялякіх. Напрыклад, нягледзячы на сваю безумоўна праізраільскую пазіцыю, экс-прэзідэнт выказваўся аб неабходнасці спынення вайны ў Газе.

«Яму не асабліва падабаюцца войны», — адзначаў Пітэр Бэйкер, галоўны карэспандэнт газеты New York Times у Белым доме.

Вайну ва Украіне Трамп таксама ўважае за неабходнае спыніць як мага хутчэй. Ён нават абяцаў дамовіцца аб спыненні агню за 24 гадзіны, калі будзе абраны прэзідэнтам, але агаворваўся, што ва ўсякім выпадку дасягне гэтага да інаўгурацыі ў студзені 2025-га.

Праблема ў тым, што Трамп не кажа, як гэта зрабіць.

«У мяне ёсць вельмі выразны план, як спыніць Украіну і Расію. І ў мяне ёсць ідэя, не зусім план, а хутчэй ідэя ў дачыненні да Кітая, — сказаў Трамп у верасні. — Але я не магу раскрыць гэтыя планы, бо калі я раскрыю іх, я не змагу іх увасобіць, і яны не будуць паспяховымі. Нечаканасць — частка [поспеху]».

Ізаляцыяністы супраць старой школы

Ва ўмовах невядомасці прыхільнікі і праціўнікі тлумачаць планы Трампа па-свойму.

«Ён кажа: «Ды я ўсё гэта ў першы ж дзень скончу». Але ведаеце, што гэта значыць насамрэч? Гаворка ідзе пра капітуляцыю», — сказала Камала Харыс.

Гэтая ацэнка збольшага тлумачыцца паведамленнямі ў амерыканскіх СМІ пра тое, што план Трампа прадугледжвае фактычную здачу Украінай сваіх тэрыторый — у першую чаргу, здачы Крыма і Данбаса. У гэтых публікацыях прыводзяцца словы людзей, якія гаварылі на гэтую тэму з самім прэзідэнтам ці яго дарадцамі.

Аднак пазіцыі розных фігур у асяроддзі Трампа адрозніваюцца кардынальна і адлюстроўваюць хутчэй іх асабістыя погляды. Кандыдат у віцэ-прэзідэнты Джэй Дзі Вэнс — адзін з самых заўзятых крытыкаў дапамогі Украіне. Ён выступае за замарозку канфлікту па лініі судакранання і спыненне паставак узбраенняў. Мэта Зяленскага аднавіць Украіну ў межах 1991 года ён называе фантастыкай. Такія ж погляды публічна выказвалі іншыя прыхільнікі Трампа, чые погляды прынята характарызаваць як ізаляцыянісцкія.

Аднак ёсць у атачэнні экс-прэзідэнта і інтэрнацыяналісцкае крыло, якое ўважае супрацьстаянне пуцінскай Расіі важным прынцыпам замежнай палітыкі ЗША. Майк Пампеа, былы дырэктар ЦРУ і дзяржсакратар у адміністрацыі Трампа, у артыкуле «Мірны план Трампа для Украіны» абяцае ўзмацненне жорсткасці санкцый супраць Масквы і ўступленне Украіны ў NATO ў выпадку перамогі рэспубліканскага кандыдата на выбарах.

Да каго з гэтых двух груп прыслухаецца Трамп, калі пераможа, невядома.

Майк Памеа і Борыс Джонсан запэўніваюць, што Трамп не здрадзіць Украіне. Фота PA Media

Майк Памеа і Борыс Джонсан запэўніваюць, што Трамп не здрадзіць Украіне. Фота PA Media

Але Трамп настойвае на тым, што будзе весці паралельныя перамовы і з Пуціным, і з Зяленскім. Гэта ідзе насуперак з палітыкай адміністрацыі Джо Байдэна, якая лічыць суверэнным правам Кіева вырашаць Умовы будучага перамір'я.

Што будзе, калі Трамп пераможа на выбарах, прапануе Зяленскаму і Пуціну пагадненне — і Зяленскі яго адкіне? Фігуры з папулісцкага крыла Рэспубліканскай партыі давалі зразумець, што тады Белы дом спыніць ваенную і фінансавую дапамогу Украіне.

Прыкладам з мінулага можа служыць блакаванне паставак процітанкавых комплексаў «Джавелін» з ЗША ва Украіну ў 2019 годзе, калі Зяленскі адмовіўся адкрываць расследаванне супраць Байдэна на просьбу Трампа. Гэты інцыдэнт лёг у аснову імпічменту, які Трампу абвясціла ніжняя палата Кангрэса, што знаходзілася пад кантролем дэмакратаў.