Прадстаўнікі 44 заходніх дзяржаў: Расея павінна заплаціць за шкоду, нанесеную вайной Украіне
44 краіны ў Гаазе падтрымалі стварэньне спэцтрыбуналу над Расеяй, піша «Радыё Свабода».
«Мы пацьвярджаем рашучае асуджэньне актаў агрэсіі з боку РФ супраць Украіны; гэтыя акты, уключаючы спробу незаконнай анэксіі рэгіёнаў Украіны, зьяўляюцца абуральнымі парушэньнямі Статуту ААН, парушэньнем міжнароднага права, што цягне за сабой дзяржаўную адказнасьць РФ, пагражаюць міжнароднаму міру і бясьпецы, ставяць пад сумнеў павагу да міжнароднага парадку, заснаванага на правілах, і падрываюць дэмакратычныя каштоўнасьці», — гаворыцца ў дэклярацыі ўдзельнікаў міністэрскай канфэрэнцыі аб аднаўленьні справядлівасьці для Ўкраіны.
Удзельнікі заявілі, што яны аддадзены працы «ў стварэньні спэцыяльнага трыбуналу» для расьсьледаваньня і судовага перасьледу расейскіх злачынстваў.
У дэклярацыі адзначаецца, што ўсе верагодныя міжнародныя злачынствы, учыненыя ў кантэксьце агрэсіі РФ супраць Украіны, у тым ліку ваенныя злачынствы, злачынствы супраць чалавечнасьці і злачынства агрэсіі, маюць быць цалкам расьсьледаваныя.
Краіны-ўдзельніцы нагадалі аб прызнаньні абавязаньня РФ несьці прававыя наступствы ўсіх яе міжнародна-супрацьпраўных дзеяньняў ва Ўкраіне або супраць Украіны, у тым ліку пакрыцьцё шкоды, і віталі адкрыцьцё — менш чым праз год пасьля яго стварэньня — Рэестру для атрыманьня, апрацоўваньня і рэгістрацыі прэтэнзій аб шкоде, прычыненай у выніку расейскай агрэсіі.
«На гэты момант Рэестар працуе ў поўным аб’ёме. Падаць пазоў можа кожны, хто панёс шкоду ў выніку агрэсіі Расеі. На сёньняшняй сумеснай канфэрэнцыі «Аднаўленьне справядлівасьці для Ўкраіны» мы абавязаліся працягваць абʼядноўваць намаганьні для дасягненьня адказнасьці і кампэнсацыі», — заявіла на канфэрэнцыі кіраўніца МЗС Нідэрляндаў Ганке Брэйнс Сьлёт.
Паводле яе, на вечар аўторка, 2 красавіка, было атрымана больш за 100 пазоваў аб кампэнсацыі.
«Менш як 18 месяцаў таму гэта была толькі ідэя. На сёньняшні дзень Рэестар зарабіў у поўным абʼёме. Рэестар зьяўляецца першым крокам да паўнавартаснага мэханізму кампэнсацыі...
Беспакаранасьць квітнее ад маўчаньня. Сёньня мы гаварылі. Мы сказалі адзіным, выразным, гучным голасам: мы не пагаджаемся на беспакаранасьць — ні ва Ўкраіне, нідзе», — падкрэсьліла яна.
Рэестар страт, нанесеных агрэсіяй Расеі, пачаў працаваць 2 красавіка.
Аб стварэньні Міжнароднага рэестру страт, нанесеных агрэсіяй РФ супраць Украіны, абʼявілі ў траўні 2023 году. У той час больш за 40 краін і ЭЗ далучыліся або выказалі намер далучыцца да пагадненьня аб Рэестры страт.
Па стане на люты 2024 г. было вядома, што патрэбы на аднаўленьне Ўкраіны складаюць ужо амаль 486 мільярдаў даляраў. Такія вынікі трэцяй ацэнкі страт і запатрабаваньняў (RDNA3), якую ўкраінскі ўрад правёў сумесна з Сусьветным банкам.