Расійскаму вайскоўцу, асуджанаму за забойства мірнага жыхара ва Украіне, замянілі пажыццёвае на 15 гадоў турмы

Калегія суддзяў Кіеўскага апеляцыйнага суда змякчыла прысуд расійскаму вайскоўцу Вадзіму Шышымарыну, замяніўшы яму пажыццёвае пазбаўленне волі на 15 гадоў зняволення. Шышымарын 28 лютага гэтага года забіў 62-гадовага мірнага жыхара Сумшчыны Аляксандра Шэліпава.

Фота Грати. 

Фота Грати. 


Пра гэта паведамляе выданне Грати. 
21-гадовы вайсковец кантрактнай службы Шышымарын быў першым расійскім вайскоўцам, якога пасля пачатку шырокамаштабнага ўварвання ва Украіну судзілі па абвінавачванні ў парушэнні законаў і звычаяў вайны. Паводле следства, 28 лютага 2022 года сяржант Шышымарын стрэліў у галаву 62-гадоваму мужчыне, які вёў ровар і размаўляў па тэлефоне. Гэта адбылося ў пасёлку Чупахоўка Сумскай вобласці.


Вадзім Шышымарын на судзе патлумачыў, чаму ён стрэліў у бяззбройнага чалавека. «Там быў мужчына, ён размаўляў па тэлефоне. Прапаршчык Макееў загадаў страляць. Я адмовіўся. Тады яшчэ адзін вайсковец пагрозлівым тонам загадаў мне страляць, аргументаваўшы гэта тым, што ён нас здасць. Я стрэліў кароткай чаргой», — распавёў ён.
Шышымарын таксама заявіў, што не хацеў забіваць: «Я стрэліў, каб ад мяне адсталі».
Падчас працэсу пацярпелая па справе — удава забітага Кацярына Шэліпава распавяла, што была ў той дзень дома (яе муж загінуў недалёка ад дома) і чула стрэлы, а калі выйшла ў двор і падышла да брамкі — убачыла Шышымарына з аўтаматам у машыне.
«Я зачыніла брамку і стаяла. Калі стральба скончылася, я выйшла на вуліцу і ўбачыла майго мужа. Ён ужо быў забіты стрэлам у галаву. Я пачала крычаць. Моцна крычаць. Прыйшлі суседзі. Мы накрылі яго сукном», — цытавала Кацярыну Шэліпаву выданне «Грати», якое вяло анлайн з пасяджэння суда.
Пацярпелая сказала, што хацела б для 21-гадовага расейскага вайскоўца пажыццёвага тэрміну. «Але калі яго памяняюць на нашых абаронцаў "Азоўсталі", я не буду супраць», — дадала жанчына.
У чэрвені абарона расейца падала апеляцыю на рашэнне суда, каб аспрэчыць пажыццёвы прысуд. Адвакаты падкрэслілі, што Шышымарын прызнаў віну і даў прызнальныя паказанні, а таксама што ён добраахвотна здаўся ў палон.