Расійскія вайскоўцы, што адмаўляюцца ваяваць супраць Украіны, трапляюць у турмы «ЛНР»

Праваабаронцы заяўляюць аб катаваннях «адмоўнікаў», якія аказваюцца ў ізалятарах «ЛНР».

Расійскія салдаты ў Севераданецку

Расійскія салдаты ў Севераданецку

Расійскія вайскоўцы-кантрактнікі адмаўляюцца ўдзельнічаць у «спецаперацыі», але іх рапарты не прымаюць.
Многія расійскія вайскоўцы-кантрактнікі, якіх адправілі ва Украіну, утрымліваюцца ў зняволенні ў гарадах Луганскай вобласці, непадкантрольных Кіеву. Гэта салдаты, якія або хацелі пайсці ў водпуск па сямейных абставінах, або зусім адмовіцца ад удзелу ў «спецыяльнай ваеннай аперацыі» на тэрыторыі Украіны. Такімі данымі з DW падзяліліся сваякі расійскіх кантрактнікаў і праваабаронцы. Усяго, па паведамленнях СМІ і праваабаронцаў, толькі ў цэнтры для «адмоўнікаў» у Бранцы на тэрыторыі самаабвешчанай «ЛНР» могуць утрымлівацца больш за дзвесце чалавек.
Акрамя цэнтра ў Бранцы, расійскіх вайскоўцаў могуць сілком утрымліваць яшчэ як мінімум у чатырох гарадах Украіны, цяпер непадкантрольных Расіі. Гэта гарады Папасная, Алчэўск, Стаханаў і Чырвоны Прамень. Гэтыя даныя сталі вядомыя са звароту чальцоў Рады па правах чалавека ў галоўную ваенную пракуратуру РФ, які ёсць у распараджэнні DW.
У звароце ўказваецца, што да праваабаронцаў звярнуліся сваякі шасці вайскоўцаў-«адмоўнікаў». Пасля іх адмовы ўдзельнічаць у вайне іх могуць утрымліваць сілком у пералічаных гарадах, а таксама на перадавой у Светладарскай акрузе. Камандаванне не прымае пададзеныя імі рапарты і адмаўляецца накіраваць іх у пункты пастаяннай дыслакацыі.
Аўтары звароту, сярод якіх вядомы рэжысёр Аляксандр Сакураў і журналіст Мікалай Сванідзэ, адзначаюць скаргі на ўмовы ўтрымання салдат і псіхалагічны ціск, які на іх аказваюць старэйшыя па званні. «Атрыманыя звесткі сведчаць аб учыненні ў адносінах да ваеннаслужачых злачынстваў — незаконнае пазбаўленне волі, катаванні і бесчалавечнае абыходжанне», — гаворыцца ў дакуменце.
У выніку ціску некаторыя вайскоўцы адмаўляюцца ад сваіх рапартаў і вяртаюцца да выканання баявых задач. Пра гэта распавёў DW бацька аднаго з кантрактнікаў, які ўтрымліваецца ў Бранцы. «Яны да гэтага казалі, што ніякім чынам не паедуць назад на вайну, нічога не будуць падпісваць, — перадае сваяк словы свайго сына. — І раптам я даведаюся, што яны з'язджаюць на перадавую, не папярэдзіўшы нават бацькоў».
Каб пераканаць вайскоўца вярнуцца на фронт, выкарыстоўваюць розныя метады. «У першую чаргу, пагражаюць крымінальнымі справамі і тым, што адправяць на перадавую», — распавяла прэзідэнт фонду «Свабодная Бурація» Аляксандра Гармажапава. Зрэшты, сваяк аднаго з «адмоўнікаў» распавёў, што завабліваць на фронт могуць і добрымі ўмовамі службы, не ўдакладніўшы, якімі менавіта.
Па інфармацыі DW, некалькі бацькоў адправіліся ў Бранку з Расіі, каб на месцы запатрабаваць вызвалення сваіх дзяцей. Па словах аднаго з бацькоў, якія засталіся ў Расіі, які падтрымлівае сувязь з тымі, хто з'ехаў у Бранку, бацькі і маці з раніцы да вечара праводзяць ля імправізаванай турмы пікеты.
Праваабаронца Сяргей Крывенка распавёў DW, што аднаму з «арыштантаў» удалося збегчы з цэнтра ўтрымання і накіравацца ў Расію. «Калі на працягу дзесяці дзён ваеннаслужачы-кантрактнік вернецца ў пункт пастаяннай дыслакацыі, то гэта не лічыцца дэзерцірствам і самавольным пакіданнем часці», — адзначыў Крывенка.
Умовы ўтрымання «адмоўнікаў» залежаць ад таго, у якой турме яны знаходзяцца. «У пачатку ліпеня паведамлялі, што іх там у ямах трымалі, — распавядае Крывенка. — А потым быў званок ад сваякоў ужо, што перавезлі ў іншыя месцы, і ўсё». Былі скаргі і на збіццё.
Сваяк ваеннаслужачага, які знаходзіцца ў Бранцы, кажа DW, што сын рэгулярна тэлефануе яму. Верагодней за ўсё, тэлефон не асабісты, а агульны — з гэтага ж нумара тэлефануюць і іншыя вайскоўцы сваім родным. Па словах суразмоўцы DW, з раніцы хлопцаў адводзяць «на працы» — але на якія менавіта, невядома.
За абнародаванне інфармацыі аб тым, што сыну-вайскоўцу не даюць пакінуць Украіну, і публічныя патрабаванні вызваліць яго можа быць пакаранне. Так, DW вядома аб выпадку, калі маладому чалавеку ў апошні момант забаранілі пайсці ў водпуск за зварот яго бацькоў да журналістаў.
Першыя рапарты аб адмове ад удзелу ў «спецаперацыі» сталі паступаць у канцы сакавіка, успамінае Сяргей Крывенка. Тады першыя часткі вывелі на перафармаванне з-пад Кіева, і вайскоўцы сталі шукаць кантакты праваабаронцаў, каб тыя дапамаглі ім разарваць кантракт.
У пачатку ліпеня прэзідэнт фонду «Свабодная Буратыя» Аляксандра Гармажапава паведамляла, што каля пяцісот кантрактнікаў з гэтай рэспублікі адмовіліся ваяваць ва Украіне і змаглі вярнуцца на радзіму. Вядома пра 1793 вайскоўцаў, якія адмовіліся ваяваць.
Сяргей Крывенка лічыць, што менавіта з выпадкамі адмоваў і звязана ўтрыманне ваенных у турмах на тэрыторыі «ЛНР» і спробы перашкодзіць ім пакінуць зону баявых дзеянняў. «Гэта вельмі жорсткае парушэнне расійскіх законаў, — ацэньвае ён сітуацыю. — Ваеннаслужачага нельга затрымліваць і арыштоўваць без суда. І судзіць іх можа толькі расійскі суд на тэрыторыі Расіі».