Рашучыя паўмеры. Што Захад робіць не так у сітуацыі з Беларуссю?

Еўрасаюз, які не прызнаў вынікі выбараў у Беларусі і даў згоду на кропкавыя санкцыі, апынуўся недастаткова цвёрды ў сваіх рашэннях, мяркуе былы камандуючы сухапутнымі войскамі ЗША ў Еўропе (у 2014-2017 гадах), генерал-лейтэнант у адстаўцы і эксперт Цэнтра аналізу еўрапейскай палітыкі (CEPA) Бэн Ходжэс.

hoges.jpg


На яго думку, Брусэль павінен быў паслаць выразны сігнал Маскве аб недапушчальнасці ўмяшання і заклікаць да новых свабодных выбараў.

На саміце ЕС па Беларусі 19 жніўня было прынята тры важныя рашэнні — не прызнаць перамогу Лукашэнкі на выбарах, увесці кропкавыя санкцыі і вылучыць 53 млн еўра на дапамогу беларускаму народу. Еўропа цалкам разумна не прызнала абвешчаную перамогу Лукашэнкі, і ў той жа час не назвала пераможцам гэтых выбараў Святлану Ціханоўскую, паколькі выбарная працэдура была парушаная, і ў ЕС няма дакументальных пацверджанняў таго, колькі галасоў яна на самай справе набрала.

Але не прызнаць перамогу Лукашэнкі — гэта толькі палова справы. Еўрасаюз відавочна праявіў слабасць: чалец Еўракамісіі ў прамысловасці Цьеры Брэтан заявіў, што «Беларусь — не Еўропа», параўнаўшы яе з празаходнімі Украінай і Грузіяй. На самай справе, гэта праява жахлівага неразумення геаграфіі і гісторыі. Расчаравала і тое, што ў выніковай пастанове не ўлічылі прапанову Польшчы і Літвы заклікаць да новых выбараў у Беларусі. Што можа быць больш дэмакратычным, чым свабодныя і справядлівыя выбары? Іх неабходна правесці ў прысутнасці міжнародных назіральнікаў, каб беларускі народ атрымаў сапраўдную магчымасць зрабіць свой выбар. І не заклікаць да іх — сур’ёзная памылка ЕЗ.

Кропкавыя санкцыі супраць адказных за гвалт асоб у Беларусі — гэта апраўданая мера. Але ў той жа час Брусэль павінен быў паслаць выразны сігнал Маскве: умяшанне Расіі ў сітуацыю ў Беларусі непрымальнае. І гэта трэба было зрабіць так, каб у Крамля не засталося ні найменшага сумневу ў пазіцыі ЕС.

Памылку дапусціў і Вашынгтон, пагадзіўшыся, калі верыць паведамленням беларускай апазіцыі, з просьбай не адпраўляць пакуль у Мінск свайго амбасадара. ЗША летась вырашылі нармалізаваць адносіны з Беларуссю пасля таго, як дзесяць гадоў — і пры дэмакратычнай, і пры рэспубліканскай адміністрацыі — дыпламатычныя адносіны заставаліся фактычна замарожаныя. Аднаўленне адносін, на мой погляд, было правільным рашэннем. У ЗША павінен быць амбасадар у Мінску, і калі адправіць яго туды цяпер, гэта зусім не будзе азначаць падтрымку цяперашніх уладаў. Ён павінен знаходзіцца там, каб каардынаваць дзеянні з пасламі іншых еўрапейскіх краін. Амерыканскі голас павінен гучаць непасрэдна ў Мінску, каб спыніць гвалт, даць зразумець Крамлю, каб ён не ўмешваўся, і дапамагчы пракласці шлях да новых выбараў.

Лукашэнка зрабіў яркую заяву, што войскі NATO нарошчваюць вайсковую моц ля межаў Беларусі «ляскаюць гусеніцамі каля брамы». Але і амерыканскія, і іншыя вайскоўцы, якія цяпер знаходзяцца ў Літве і ў Польшчы — гэта ўсё той жа батальён перадавых сіл NATO, размешчаны на ўсходняй мяжы альянсу ў пачатку 2017 года. У батальёне час ад часу адбываецца ратацыя кадраў, праходзяць стандартныя вучэнні. Але не больш таго.

466749_435976_1287x836.jpg


Лукашэнка штучна стварае гэты фальшывы сцэнар. І каб зрабіць яго яшчэ больш пераканаўчым, ён сам запускае ваенныя вучэнні ў заходняй мяжы Беларусі. У нармальных умовах нармальны лідар краіны адмяніў бы падобныя вучэнні, каб у такой небяспечнай сітуацыі не ўзнікла ніякіх двухсэнсоўнасцяў. Што асабліва выклікае трывогу, дык гэта тое, што вучэнні праводзяцца пад Астраўцом, дзе ў пачатку жніўня быў запушчаны першы рэактар БелАЭС. Ёсць маса пытанняў з нагоды бяспекі гэтай атамнай электрастанцыі. І, натуральна, яны ў першую чаргу турбуюць Літву, чыя сталіца знаходзіцца літаральна ў трох дзясятках кіламетраў.

Пакуль Лукашэнка гучна заяўляе пра пагрозу натаўскай інтэрвенцыі, у СМІ і сацсетках мусіруюцца чуткі аб патэнцыйнай інтэрвенцыі ў Беларусь з боку Расіі. У прынцыпе, яна магчымая, але не цяпер. Думаю, што Крэмль можа ўвесці войскі, толькі калі ў Беларусі з’явіцца хтосьці на замену Лукашэнкі, і гэты хтосьці будзе мець ярка выяўленую празаходнюю пазіцыю і паспрабуе зрушыць краіну ў бок Захаду. Але пры гэтым, не сумняваюся: Масква вывучае ўсе магчымасці — правярае ўсе інструменты і рычагі ціску — каб утрымаць сітуацыю ў Беларусі ў патрэбным рэчышчы. Акрамя таго, беларускія ваенныя настолькі цесна звязаны з расійскімі, што Крэмль пакуль не бачыць неабходнасці накіроўваць у Мінск і іншыя гарады Беларусі калоны з тэхнікай і вайскоўцамі. Пры гэтым, думаю, расійская армія знаходзіцца ў павышанай гатоўнасці — каб у любы момант выканаць дадзены загад зверху.

Брытанскі аналітык Джуліян Ліндлі-Фрэнч расійскую тактыку правядзення вайсковых аперацый пазначыў як «5D»: падман (deception), дэзарганізацыя (disruption), дэзінфармацыя (disinformation), дэстабілізацыя (destabilisation) і, нарэшце, разбурэнне (destruction). Цалкам магу сабе ўявіць, што відэа ў сацсетках з ваеннымі калонамі ў Смаленскай вобласці — частка падрыхтоўчых работ. Гэтая інфармацыя магла быць распаўсюджаная наўмысна — каб людзі ўсвядомілі, што, калі спатрэбіцца, Расія зможа дзейнічаць вельмі хутка. Гэта значыць, калі абапірацца на формулу Ліндлі-Фрэнча, гаворка ў гэтай сітуацыі ідзе аб падмане і дэстабілізацыі.

The Washington Post пры гэтым піша, што ў цяперашняй сітуацыі Крэмль можа ўварвацца не толькі ў Беларусь, але і, напрыклад, у Літву. Пакуль гэты сцэнар таксама здаецца малаверагодным. Тэарэтычна Пуцін можа захацець што-то зрабіць, калі Масква пабачыць пагрозу транспартнага калідора, які звязвае Калінінградскую вобласць з Беларуссю. Але пакуль ЕС і NATO прытрымліваюцца адзінай пазіцыі, не думаю, што Крэмль вырашыцца на падобную правакацыю.

img_1837_1.jpg


Я не бачу ніводнага магчымага варыянту або збегу абставінаў, пры якім альянс мог бы ўмяшацца ў сітуацыю ў Беларусі, нават калі ў яе ўварвецца Расія. Прагучаць заявы, але не больш. NATO будзе гатовая абараніць Літву, Латвію, Эстонію або Польшчу. Але для таго, каб увесці войскі ў Беларусь, нават дзеля дапамогі, неабходна аднагалоснае рашэнне 30 членаў альянсу. А падобнай згоды, упэўнены, дамагчыся немагчыма. Аргумент тут просты: Беларусь не з’яўляецца членам альянсу, а, значыць, артыкул 5 Паўночнаатлантычнай дамовы не можа быць прыменены.

Але нават калі не ўяўляць гэты горшы сцэнар, Мінску, калі там зменіцца ўлада, у найбліжэйшай будучыні наўрад ці варта разлічваць на цесныя кантакты з NATO. Ёсць шэраг працэдур і працэсаў, у рамках якіх Альянс наладжвае сувязі з краінамі-партнёрамі. Гэта тычыцца ваеннага супрацоўніцтва і сумесных вучэнняў. NATO такім чынам супрацоўнічае з Сербіяй, Украінай, Грузіяй, Фінляндыяй і Швецыяй. Але большасць членаў NATO не схільныя да ўдзелу ў аперацыях, якія будуць выглядаць як усталяванне кантактаў з Мінскам — тыя ж сумесныя вучэнні, напрыклад. Германія, Францыя, а таксама Італія наўрад ці захочуць падтрымаць дзеянні, якія выклічуць відавочную незадаволенасці ў Маскве. Беларусь, калі можна так выказацца, тут зусім у іншай катэгорыі, чым Грузія і Украіна.

З іншага боку, і апазыцыя ў Беларусі цяпер зусім не празаходняя. Нельга сказаць, што яна ў роўнай ступені не любіць Лукашэнку і хоча неадкладна парваць з Крамлём. Украіна відавочна імкнецца ў ЕС. Грузія відавочна хоча ў NATO. А Беларусь пакуль гэтымі мэтамі не задаецца. Але тым не менш, і ЕС, і NATO павінны інвеставаць у Беларусь, каб паспрабаваць стварыць канкурэнтную эканоміку, каб на мясцовым рынку былі прадстаўлены не толькі Кітай і Расія. Было б правільна, калі б Захад змог прапанаваць Беларусі альтэрнатывы ў сферы энергетыкі (звадкаваны газ, напрыклад), дапамагчы ўзмацніць IT-сектар, які ў Беларусі вельмі перспектыўны. Неабходна інвеставаць у E40-рачны шлях, які злучыць Балтыйскае (ад Гданьска ў Польшчы) і Чорнае мора (да Херсона ва Украіне) праз тэрыторыю Беларусі. Акрамя таго, Захад павінен зрабіць усё, каб спыніць працу БелАЭС, якая можа стаць другім Чарнобылем. І тое, што ЕС дапусціў яе будаўніцтва і запуск, яшчэ адна сур’ёзная памылка Бруселя! Бо гаворка ішла аб абароне Літвы — аднаго з членаў Еўрасаюза.

Паводле The Insider, пераклад НЧ