РФ адказала бацьку салдата: карабель «Масква» ўдзелу ў вайне не прымаў, дзе сын — не ведаюць
Дзмітрый Шкрабец, бацька салдата тэрміновай службы Ягора Шкрабца, які праходзіў службу на крэйсеры "Масква" і быў абвешчаны зніклым без вестак, апублікаваў адказ ад пракуратуры, у якім паведамляецца, што карабель не браў удзел у вайне супраць Украіны.

Дзмітрый Шкрабец змясціў
адказ пракуратуры на сваёй старонцы ў ВК
Дзмітрый Шкрабец абураецца: "Востраў "Змяіны" — гэта не тэрытарыяльныя воды Украіны, падонкі? Якімі нягоднікамі трэба быць, каб дасылаць нам такое!".
У лісце пракуратуры гаворыцца, што афіцыйна Шкрабец "абвешчаны без вестак адсутным у вайсковай частцы", а пошукавыя работы нібыта не прынеслі выніку.

Таксама нібыта крэйсер "Масква" не ўваходзіў у тэрытарыяльныя воды Украіны і "не быў уключаны ў пералік вайсковых злучэнняў і частак, якія прыцягваюцца да ўдзелу ў спецыяльнай вайсковай аперацыі".
У свой час Дзмітрый Шкрабец у сацсетках пісаў, што Украіна "не павінна існаваць", радаваўся вайне і абстрэлам украінскіх гарадоў, усхваляў Пуціна, але калі страціў сына — змяніў рыторыку і пачаў крытыкаваць уладу.
Паколькі пракуратура вырашыла афіцыйна заяўляць, што крэйсер "Масква" не браў удзелу ў вайне, магчыма, і выплачваць кампенсацыі за загінулых салдат Расія не будзе.

Паводле www.pravda.com.ua