Справаздача ААН: На акупаваных тэрыторыях Украіны могуць рэпрэсаваць кожнага, каго палічаць нелаяльным да РФ
Расія спрабуе дэмантаваць украінскую сістэму кіравання і замяніць яе на расійскую, а таксама навязаць рускую мову, грамадзянства, свае законы і судовую сістэму на акупаваных тэрыторыях, гаворыцца ў Справаздачы Упраўлення ААН па правах чалавека.
З дапамогай масавых парушэнняў міжнароднага гуманітарнага права і парушэнняў правоў чалавека расійскія ўлады спрабуюць узмацніць кантроль над украінскімі грамадзянамі, якія засталіся на акупаваных тэрыторыях, адзначаецца ў дакладзе Упраўлення ААН па правах чалавека, што быў апублікаваны 20 сакавіка, піша «Голас Амерыкі».
Акупацыйныя ўлады стварылі задушлівую атмасферу страху, яны пераследуюць усіх, каго падазраюць у нелаяльнасці да іх, гаворыцца ў справаздачы, заснаванай на больш чым 2300 інтэрв'ю з ахвярамі і сведкамі.
«Расійскія ўзброеныя сілы першапачаткова нацэліліся на асоб, якія, як лічылася, прадстаўляюць пагрозу бяспецы, але з цягам часу сетка была раскінутая шырэй і ўключыла ўсіх асоб, якія, як лічыліся, могуць быць супраць акупацыі», — гаворыцца ў дакладзе.
У дакладзе, які апісвае становішча спраў на тэрыторыях, акупаваных у выніку шырокамаштабнага расійскага ўварвання ў 2022 годзе, гаворыцца, што расійскія ўзброеныя сілы «дзейнічалі з агульнай беспакаранасцю, здзяйсняючы масавыя парушэнні, у тым ліку адвольныя затрыманні мірных жыхароў, што часта суправаджаліся катаваннямі і жорсткім абыходжаннем, якое ў некаторых выпадках прыраўноўваецца да гвалтоўнага знікнення».
У дакладзе ААН падрабязна апісваюцца меры, якімі Расія спрабуе дэмантаваць украінскую сістэму кіравання і замяніць яе на расійскую, а таксама навязаць рускую мову, грамадзянства, свае законы і судовую сістэму на акупаваных тэрыторыях.
Асобна ў дакладзе адзначаецца, што Расія прыкладае ўзгодненыя намаганні для падаўлення ўкраінскай ідэнтычнасці сярод дзяцей, замяняючы школьную праграму на расійскую, у якой яна спрабуе «апраўдаць» уварванне Масквы.
Вярхоўны камісар ААН па правах чалавека Фолькер Цюрк заявіў у рэлізе, звязаным з дакладам, што «дзеянні Расійскай Федэрацыі» прывялі да «глыбокіх і доўгатэрміновых наступстваў для ўкраінскага грамадства ў цэлым».
У дакладзе таксама гаворыцца, што людзей на акупаванай тэрыторыі прымушалі атрымліваць расійскія пашпарты, а тых, хто адмаўляўся, падвяргалі больш жорсткім абмежаванням свабоды перамяшчэння, паступова пазбаўлялі працы ў дзяржаўным сектары і доступу да аховы здароўя і сацыяльнага забеспячэння.
На мінулым тыдні эксперты па правах чалавека з Незалежнай камісіі ААН заявілі, што сабралі новыя доказы «няспынных і жорсткіх» катаванняў украінскіх ваеннапалонных іх расійскімі захопнікамі, заявіўшы, што такая практыка можа быць прыроўненая да ваенных злачынстваў.
Нагадаем, 15 сакавіка Камісія па расследаванні сітуацыі ва Украіне заявіла, што парушэнні правоў чалавека былі шырока распаўсюджанымі пасля таго, як прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін пачаў поўнамаштабнае ваеннае ўварванне ў краіну больш за два гады таму. «Новыя доказы пацвярджаюць папярэднія высновы Камісіі аб тым, што практыка катаванняў у дачыненні да мірнага насельніцтва расійскімі ўладамі ва Украіне і Расійскай Федэрацыі з'яўляецца шырока распаўсюджанай і сістэматычнай», — гаварылася ў дакладзе камісіі.