«Трэба падзяляць іранскі народ і ўрад»: іранцы абураныя Зяленскім, які абвінаваціў іх у спрыянні Расіі
Людзі на вуліцах Ірана ненавідзяць Расію за захоп частак іранскай зямлі. Тое, што адбываецца сёння ва Украіне, адбылося з Іранам два стагоддзі таму, — сказалі іранцы Зяленскаму. І прыгадалі, што ад пачатку расійскай агрэсіі іранцы ўсяляк падтрымлівалі ўкраінцаў, але менавіта ўкраінскі ўрад адвярнуўся ад народа Ірана, калі ўзяў удзел у цырымоніі святкавання гадавіны Ісламскай рэвалюцыі ў Іране, піша ВВС.
Іранцы абураныя зваротам Уладзіміра Зяленскага, які абвінаваціў іх у спрыянні Расіі.
Зварот прэзідэнта Украіны да іранскага народа, у якім ён заклікаў звычайных іранцаў не падтрымліваць зло ў асобе Расіі, выклікаў бурную рэакцыю як унутры Ірана, так і за яго межамі.
У сваім звароце, зробленым днямі, Уладзімір Зяленскі сказаў, што за час вайны па Украіне было выпушчана больш за 1150 іранскіх дронаў «Шахед», 900 з якіх удалося збіць.
Ён заклікаў іранскі народ перастаць падтрымліваць Расію, таму што акрамя пакут украінцаў гэта таксама прывядзе да яшчэ большай ізаляцыі самога Ірана.
«Звяртаюся да ўсіх — да грамадства, іранскіх улемаў, кожнай іранскай сям'і, тых людзей, якія здольныя ўплываць на пастановы ўрада ў Іране. Простае пытанне: чаму вы хочаце быць памагатымі рускага тэрору? Чаму вы на баку дзяржавы, якая ўвасабляе зло?» — сказаў Зяленскі ў сваім звароце.
Гэта пытанне выклікала буру абурэння сярод іранскіх карыстальнікаў сацсетак. У пятніцу на ўсіх платформах з'явіліся сотні тысяч паведамленняў, у якіх іранцы просяць прэзідэнта Украіны добра ўзважыць свае словы.
Яны шакаваныя тым, што Зяленскі абвінавачвае просты іранскі народ у дзеяннях афіцыйнага Тэгерана.
ВВС сабрала самыя яркія каментары ў сацсетках.
«Зяленскі змясціў нас на бок зла»
Група незалежных журналістаў адной з першых апублікавала сваю рэакцыю на зварот украінскага прэзідэнта.
Яны заявілі, што іранцы рызыкавалі сваімі жыццямі дзеля таго, каб стаць на правільны бок гісторыі ў барацьбе з ісламскім рэжымам.
У гэтай заяве таксама гаворыцца, што з самага пачатку расійскай агрэсіі іранцы ўсяляк падтрымлівалі ўкраінцаў, але менавіта ўкраінскі ўрад адвярнуўся ад народаў Ірана і Украіны, калі ўзяў удзел у цырымоніі святкавання гадавіны Ісламскай рэвалюцыі ў Іране, нягледзячы на тое, што прагрэсіўны народ Ірана патрабаваў байкоту цырымоніі.
«Ніхто так, як мы, не ведае, наколькі гэты рэжым здольны на гнюсныя злачынствы», — заяўляе група журналістаў.
У абсалютнай большасці водгукаў каментатары заклікаюць Уладзіміра Зяленскага падзяляць народ Ірана і ўрад.
«Шкадуем аб удзеле Ісламскай Рэспублікі ў злачынствах супраць Украіны. Жыхары Ірана незадаволеныя тым, што іх грошы трацяцца на цацкі-камікадзэ супраць вас, але вы памыліліся адрасам. Вам варта звярнуцца да тых, хто вам пастаўляе зброю — на Захад. Толькі яны могуць дамагчыся змены паводзін Ісламскай Рэспублікі», — піша карыстальнік Шахрам.
«Калі ўкраінцы змогуць спыніць няспынныя смяротныя пакаранні ў Іране, мы таксама зможам спыніць пастаўку іранскіх дронаў у Расію. Ужо шэсць месяцаў мы пакутуем і гінем на вулічных пратэстах у Іране, а ён [Зяленскі] змясціў нас на бок зла», — напісала вядомая ў Іране кінематаграфістка Дойнія Мадані.
Бяздзейнасць Захаду
Многія каментатары звяртаюць увагу на недахоп дыпламатычнага дыялогу паміж Захадам і Іранам і лічаць, што намаганні з боку заходніх лідараў маглі б прымусіць афіцыйны Тэгеран змяніць свой курс.
Ёсць і такія, хто лічыць Захад вінаватым у прамой падтрымцы іранскага рэжыму.
«Спадар прэзідэнт, папрасіце сваіх фінансавых і ваенных спонсараў, каб яны спынілі падтрымліваць антычалавечы рэжым Ірана. Народ Ірана ў вашу вайну ніколі не ўмешваўся і не будзе ўмешвацца», — заклікае карыстальнік пад нікам Behzadgholizadeh.
«Да чаго ж нелагічна і ірацыянальна ён кажа. Спадар Зяленскі, пагаварыце з Амерыкай і Еўропай, пераканайце іх. Ісламская Рэспубліка — гэта злачынны рэжым, які не шкадуе ўласны народ і толькі шукае шыі для сваёй шыбеніцы», — піша Сапідэ Тадрысі, паказваючы на рэзка ўзрослую колькасць смяротных пакаранняў у Іране.
Закладнікі Расіі
Нагадаем, прэзідэнты Расіі і Ірана Уладзімір Пуцін і Ібрахім Раісі сустракаліся мінулым летам, пасля чаго ў жніўні разведка ЗША паведаміла аб пачатку паставак іранскіх дронаў Расіі.
Па словах карэспандэнта ВВС, Зяленскі лічыўся вельмі папулярнай фігурай сярод апазіцыйна настроенага насельніцтва Ірана, і да гэтага часу для многіх такім і застаецца, але рэакцыя на яго выступ сведчыць аб расчараванні ў некаторых колах.
«Нам толькі не хапала пачуцця віны з нагоды вайны ва Украіне. Лічыце гэта нашай няздольнасцю вызначыць свой лёс», — піша карыстальнік Галаму.
Таксама каментатары выказваюць рэзка негатыўнае стаўленне да Расіі. Многія ўспомнілі персідска-расійскія войны XIX стагоддзя.
«Існуе велізарны разрыў паміж палітычным курсам узурпатарскага рэжыму Ірана і ладам мыслення іранскага народа. Людзі на вуліцах ненавідзяць Расію за захоп частак іранскай зямлі. Тое, што адбываецца сёння ва Украіне, адбылося з Іранам два стагоддзі таму», — нагадвае карыстальнік пад нікам JSN.
«Далібог, сам народ Ірана з'яўляецца закладнікам Расіі», — піша Бехнам.
Такое меркаванне шматкроць сустракаецца сярод водгукаў у сацсетках.
Многія пішуць, што катэгарычна супраць расійскай агрэсіі ва Украіне, паставак Маскве іранскага ўзбраення, але проста не могуць што-небудзь зрабіць.
Між тым іранцы, якія пражываюць ва Украіне, кажуць, што стаўленне да іх у грамадстве рэзка пагоршылася ў апошні час. Таксама значна ўскладніліся зносіны з чыноўнікамі, якія, напрыклад, сталі ўсё часцей адмаўляць у падаўжэнні візы або афармленні дакументаў без бачных на тое прычын.
У Кіеве пакуль ніяк не пракаментавалі рэакцыю, выкліканую ў Іране зваротам Уладзіміра Зяленскага.