Украінскія ўлады: за ўдзел у «рэферэндумах» на акупаваных тэрыторыях пагражае да 12 гадоў пазбаўлення волі
Міністр рэінтэграцыі часова акупаваных тэрыторый Ірына Верашчук заклікала ўкраінцаў эвакуіравацца з акупаваных тэрыторый і прыстрашыла адказнасцю за ўдзел у «рэферэндумах» РФ.

«Усё гэта фарс і цырк. Але для нашых грамадзян, якія будуць у гэтым удзельнічаць, гэта фактычна артыкул Крымінальнага кодэкса. Таму яшчэ раз заклікаю эвакуіравацца ўсіх, хто можа. Калі калабарацыя будзе даказана, ці, напрыклад, удзел у «рэферэндуме» або заахвочванне да ўдзелу ў «рэферэндуме», то людзі могуць атрымаць да 12 гадоў з канфіскацыяй», — сказала Верашчук.
Яна адзначыла, што калі няма магчымасці сысці, то ісці на «рэферэндум» проста не варта.
«І калі так здарылася, што людзей прымушаюць заставацца на непадкантрольных тэрыторыях, не ўдзельнічаць ні ў якіх «рэферэндумах», ні пад якім ціскам, ніякім гвалтоўным прымусам. Тады нельга апраўдваць, што чалавек пайшоў на «рэферэндум», узяў нейкія «бюлетэні», і ён там нешта рабіў», — сказала Верашчук.
Пры гэтым яна ўпэўненая, што на «рэферэндум» у акупаванай Херсонскай і частцы Запарожскай вобласці прыйдуць менш за 2% жыхароў, якія засталіся.
Верашчук дадала, што за апошні тыдзень павялічылася колькасць эвакуяваных. Гэта можа быць звязана з контрнаступам Узброеных сіл Украіны на поўдні краіны.
Раней паведамлялася, што расійцы ўжо завезлі ў акупаваную Запарожскую вобласць абсталяванне для «рэферэндуму».

Пры гэтым расійскія СМІ сцвярджаюць, што Крэмль адклаў «рэферэндумы» на акупаваных тэрыторыях Украіны да кастрычніка-лістапада, таму што войска РФ загразла на Данбасе.