Улады Расіі спрабуюць пераканаць насельніцтва ў неабходнасці «вялікай вайны» з NATO
Адразу два экспертныя інстытуты заўважылі, што Расія пачала інфармацыйную кампанію з мэтай запэўніць сваё насельніцтва ў неабходнасці вайны з краінамі NATO. У той жа час Дональд Трамп чакае ад Расіі чарговага адказу на свае мірныя прапановы. У чым складаюцца гэтыя прапановы для Расіі, невядома, але вядома, якія ўмовы для Украіны. Ідзе 1153-ці дзень вайны Расійскай Федэрацыі супраць Украіны пры падтрымцы агрэсіі рэжымам Аляксандра Лукашэнкі.

Ілюстрацыйнае фота з ВКонтакте
За мінулыя суткі ва Украіне зафіксавана 96 баявых сутыкненняў, піша Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 21 красавіка.
На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 39 штурмавых дзеянняў расіян у раёнах Сухой Бэлькі, Міралюбаўкі, Елізаветаўкі, Лісоўкі, Котліна, Удалага, Новааляксандроўкі, Успенаўкі, Прэабражэнкі, Андрэеўкі і Разліву.
На Ліманскім кірунку расіяне 12 разоў спрабавалі ўклініцца ў абарону УСУ паблізу Надзеі, Мірнага, Грэкаўкі, Кацярынаўкі, Ямпалаўкі.
На Тарэцкім кірунку армія РФ здзейсніла 10 атак паблізу Дружбы, Тарэцка і Леанідаўкі.
Па пяць атак расіяне зафіксавана на Краматорскім і Новараўлаўскім кірунках.
У Курскай вобласці Расіі за мінулыя суткі расіяне здзейснілі 16 штурмаў украінскіх пазіцый.
* * *
Расійскія войскі адступаюць з заходніх ускраін Пакроўска ў Данецкай вобласці, паведаміў прадстаўнік аператыўна-стратэгічнай групоўкі войскаў (АСГВ) «Хорціца» Віктар Трэгубаў.
«Гаворка ідзе пра пазіцыі на захад ад горада. Там, яны (расіяне —Рэд.) паволі адпаўзалі ўжо з сакавіка, калі не з канца лютага. Яны вельмі актыўна спрабавалі наступаць, каб перарэзаць трасу з Днепрапятроўскай вобласці — з Паўлаграда на Пакроўск, у іх гэта не атрымалася. Невялікі пералом наступіў, калі ўкраінцы адбілі Котліна, і цяпер расійцы вельмі павольна, але адпаўзаюць з заходніх ускраін горада бліжэй да паўднёвых, з якіх яны і пачыналі наступаць», — распавёў ён у тэлеэфіры і дадаў, што баі на Пакроўскім кірунку застаюцца найбольш актыўнымі.
Трэгубаў адзначыў, што расійцы выкарыстоўвалі так званае «перамір'е» для ратацый і назапашвання рэсурсаў.
* * *
У ноч на 21 красавіка расіяне нанеслі па Украіне удары трыма ракетамі і 96-цю ўдарнымі БпЛА. Пацверджана збіццё 42 ударных БПЛА тыпу Shahed і беспілотнікаў іншых тыпаў, 47 беспілотнікаў лакацыйна страчаныя (без негатыўных наступстваў).
Раніцай 21 красавіка расійцы атакавалі ракетамі Мікалаеў, паведаміў кіраўнік Мікалаеўскай АВА Віталь Кім. Паводле яго, тып ракет высвятляецца, пацярпелых і пашкоджанняў няма.
* * *

* * *
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп выказаў надзею, што Украіна і Расія ўкладуць мірную угоду на гэтым тыдні. Пра гэта ён напісаў у сацсетцы Truth Social. Ён таксама дадаў, што пасля гэтага абедзве краіны «пачнуць рабіць вялікі бізнес з ЗША, якія квітнеюць, і ўзбагацяцца».
У адказ на гэтыя словы прэс-сакратар Пуціна Пяскоў заявіў, што «не хацеў бы цяпер даваць нейкія каментары, тым больш адносна часовых рамак». Паводле яго слоў, Крэмль «застаецца адкрытымі да пошуку мірнага ўрэгулявання. Працягваюць працу і з амерыканскім бокам. І, вядома, мы спадзяемся, што гэтая праца дасць свае вынікі».
* * *
ЗША на гэтым тыдні чакаюць і ад Кіева адказы на ідэі з нагоды завяршэння вайны, піша The Wall Street Journal. Ідэі былі выкладзены ў канфідэнцыйным дакуменце, які высокапастаўленыя чыноўнікі адміністрацыі Трампа прадставілі ўкраінскаму боку ў Парыжы ў чацвер. Іх таксама паказалі еўрапейскім чыноўнікам на аднадзённай сустрэчы.
Гэтыя ідэі выключаюць уступленне Украіны ў NATO, абвяшчаюць зону вакол Запарожскай АЭС нейтральнай тэрыторыяй, якая магла б знаходзіцца пад кантролем Вашынгтона, і ЗША разгледзяць магчымасць прызнання Крыма расійскім, пра што раней пісала Bloomberg.
Аднак пры гэтым ЗША не прызнаюць, што РФ мае законнае права кантраляваць чатыры вобласці ва ўсходняй часткі Украіны (Запарожскую, Херсонскую, Луганскую і Данецкую), але пакуль Вашынгтон не патрабуе, каб войскі РФ пакінулі гэтыя раёны.
Таксама ЗША не прапаноўваюць абмяжоўваць колькасць украінскіх войскаў і не выключаюць заходнюю ваенную падтрымку Кіеву ці размяшчэнне ў краіне еўрапейскіх войскаў.
«Прыняцце некаторых ідэй адміністрацыі Трампа можа аказацца складаным для Кіева, бо Украіна адмовілася прызнаць, што ў Расіі ёсць законныя прэтэнзіі на якую-небудзь яе тэрыторыю», — піша WSJ.
* * *
Улады Расіі запускаюць маштабную прапагандысцкую кампанію, каб пераканаць насельніцтва ў неабходнасці «вялікай вайны» з краінамі Паўночнаатлантычнага саюза (NATO), гаворыцца ў справаздачы Інстытута вывучэння вайны (ISW).
Эксперты мяркуюць, што ўлады Расіі агучваюць наратывы, якімі спрабуюць мілітарызаваць сваё грамадства ў доўгатэрміновай перспектыве. У ISW прывялі ў прыклад інтэрв'ю расійскага дзяржаўнага журналіста Паўла Зарубіна, які папрасіў міністра замежных спраў Расіі Сяргея Лаўрова пракаментаваць рэкамендацыю кіраўніцтва ЕС да еўрапейскіх лідараў і чыноўнікаў устрымацца ад наведвання параду Перамогі 9 траўня ў Маскве.
Лаўроў абвінаваціў ЕС у распальванні «неанацысцкай ідэалогіі» ў Еўропе і заявіў, што Расія «зробіць усё магчымае, каб гэтая ідэалогія больш не падняла галаву», і што яна знішчыць нацызм «раз і назаўжды».
У ISW такія заявы кіраўніка расійскага МЗС назвалі часткай даўняй інфармацыйнай кампаніі Крамля, якая апелюе да перамогі СССР над нацысцкай Германіяй і больш шырокага міфа аб «Вялікай Айчыннай вайне», каб ачарніць Еўропу і NATO.
«Крэмль усё часцей прымяняе аналагічную тактыку ў дачыненні да Фінляндыі і былых рэспублік СССР, уключаючы Эстонію і Малдову. Масква спрабуе апраўдаць спробы кантраляваць незалежныя дзяржавы і падрыхтаваць інфармацыйную глебу для патэнцыйнай будучай агрэсіі Расіі», — перакананыя ў ISW.
* * *
Выведка Вялікабрытаніі ў аглядзе аб расійска-ўкраінскай вайне ад 21 красавіка таксама адзначае, што ў расійскай сістэме адукацыі і расійскім грамадстве ўсё больш замацоўваюцца агрэсіўныя экспансіянісцкія настроі.
«Расійская дзяржава спрабуе выкарыстоўваць адукацыйную сістэму для фармавання больш мілітарызаванага, нацыяналістычнага грамадства. Моладзевая стратэгія-2024 згадвае пра важнасць "павелічэння прэстыжу ваеннай службы і аказання падтрымкі маладым вайскоўцам і іх сем'ям"», — гаворыцца ў справаздачы.
Эксперты заўважылі, што ў матэрыялах для школьнікаў становіцца больш тэкстаў у падтрымку «СВА», а таксама супраць заходняга свету. Інфармацыя поўная патрыятычных прарасійскіх наратываў.
«Мэта гэтага — спрыяць большай падтрымцы супрацьпраўнай вайны РФ супраць Украіны і павялічваць колькасць ахвотных сярод моладзі далучацца да войска, якое нясе значныя страты. Гэтыя намаганні накіраваныя таксама на ўкараненне сярод расійскай моладзі адмаўлення законных і міжнародна прызнаных падстаў для дзяржаўнасці і суверэнітэту Украіны», — адзначаюць аналітыкі выведкі.
* * *
Брытанія стане незалежнай ад ЗША ў вытворчасці артылерыйскіх снарадаў, піша The Times. Брытанская абаронная кампанія BAE Systems мае намер пабудаваць у краіне тры новыя заводы для вытворчасці выбухоўкі на базе гексагена. Гэта рэчыва выкарыстоўваюць у 155-мм снарадах для гармат брытанскай арміі і іншых відаў ўзбраення.
Вытворчасць уласных боепрыпасаў пашыраецца на фоне адмовы брытанскіх і еўрапейскіх абаронных кампаній ад куплі амерыканскага абсталявання з-за боязі, што прэзідэнт Трамп ператварыў ЗША ў ненадзейнага партнёра.
На працягу двух гадоў, BAE Systems мае намер павялічыць вытворчасць боепрыпасаў калібра 155-мм стандарту NATO ў 16 разоў. Кампанія плануе выкарыстаць першую ў свеце інавацыйную тэхналогію, што з'яўляецца найбуйнейшым пераваротам у вытворчасці выбуховых рэчываў за апошнія 50 гадоў, наладзіць вытворчасць уласных выбуховых рэчываў і прадаваць гэтую тэхналогію іншым краінам свету. Раней вытворца імпартаваў выбухоўку на базе гексагена з ЗША і Францыі.
BAE Systems — адзіны вытворца снарадаў калібра 155-мм у Вялікабрытаніі. Большая частка гэтых боепрыпасаў была перададзена Украіне, што зрабіла іх дэфіцытам ўнутры краіны.