Ва Украіне дазволілі некаторым мужчынам выезд за мяжу, але ёсць умовы

З верасня за мяжу на тыдзень змогуць выязджаць не больш за 10 работнікаў кампаній з сярэдняй зарплатай не менш за 20 тысяч грыўняў і без запазычанасцей.

mjaza_5.jpg

Украінскі ўрад вырашыў дазволіць выезд за мяжу яшчэ адной катэгорыі мужчын. Умовы для выезду агучыла ў пятніцу, 19 жніўня, першы віцэ-прэм'ер-міністр эканомікі Юлія Свірыдзенка, піша korrespondent.net.

«З 1 верасня работнікі (10 працэнтаў ад штатнай колькасці, але не больш за 10 чалавек) бізнесу, які плаціць афіцыйна заработную плату і не мае запазычанасці па падатках і зборах перад бюджэтам, у якога сярэдняя зарплата не менш за 20 тысяч грн, будуць мець магчымасць выязджаць тэрмінам да сямі дзён згодна з заяўкай працадаўцы. І ўсё гэта будзе адбывацца на партале "Дія"», — распавяла яна.

Такое рашэнне міністр патлумачыла неабходнасцю работнікам украінскіх кампаній мець магчымасць прымаць удзел у міжнародных мерапрыемствах, падпісваць дзелавыя кантракты і вяртацца ва Украіну для таго, каб развіваць свой бізнес.

Нагадаем, нядаўна прэзідэнт Уладзімір Зяленскі адказаў на петыцыю наконт адмены забароны выезду мужчын з Украіны. Украінскі прэзідэнт заявіў, што, паводле Канстытуцыі, абарона суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці дзяржавы — справа ўсяго ўкраінскага народа. Таму адмена забароны выезду адбудзецца пасля заканчэння дзеяння ваеннага становішча.

Нагадаем, ва Украіне з 24 лютага дзейнічае забарона на выезд мужчын з 18 да 60 гадоў за мяжу — выключэнне ёсць толькі для некалькіх катэгорый.