Ва Украіне загінуў беларускі добраахвотнік Зміцер «Ганс» Рубашэўскі
Ва Украіне загінуў яшчэ адзін беларускі добраахвотнік. 12 красавіка не стала Змітра «Ганса» Рубашэўскага. Ён загінуў падчас артылерыйскага абстрэлу расійскіх войскаў. Гэта адбылося на Луганскім кірунку фронту.
Пра гэта паведаміў сябра Змітра, былы маладафронтавец Эдуард Лобаў.
«Ганс» ваяваў у 24-й асобнай механізаванай брыгадзе імя князя Данілы Галіцкага. Гэтая брыгада размяшчаецца ў гарадку Явараў Львоўскай вобласці. Сам Рубашэўскі разам з сям’ёй жыў у мястэчку Шкло Явараўскага раёну.
Змітру Рубашэўскаму было 30 гадоў. Ён родам з Брэста. Вучыўся там жа ў будаўнічай вучэльні. На вайну «Ганс» прыехаў у 2015 годзе.
«Ведаў яго яшчэ крыху па Беларусі, але пасябравалі ва Украіне. Калісьці планаваў далучыцца да “Маладога фронту”. Ён паехаў у Львоў на футбольны матч паміж зборнымі Беларусі і Украіны, там пазнаёміўся з хлопцамі з “Правага сектару”, вырашыў да іх далучыцца. Потым мы ўжо сустрэліся ў Кіеве. Ён служыў у батальёне пад камандаваньнем “Хамера”, які таксама нядаўна загінуў», — расказвае Лобаў.
Рубашэўскі адзначыўся ў многіх баях падчас першай вайны на ўсходзе Украіны. Ваяваў пад Марыюпалем, Аўдзееўкай. Быў узнагароджаны званнем «Народны герой Украіны» за абарону шахты Бутаўка. Пабрацімы казалі, што ён фактычна ніколі не выязджаў з лініі фронту, асабіста неаднаразова выносіў параненых з поля бою.
«Калі пачалася новая вайна, то ён адразу рваўся ў бой. Размаўлялі з ім аб справах на нашых кірунках. Усё хацелі сустрэцца разам з усімі тымі, хто быў пад Аўдзееўкай», — кажа Лобаў.
Рубашэўскі меў тры раненні. Спачатку асколак трапіў у нагу, а потым ад гранаты пацярпелі рука і нага. У траўні 2019 года страціў вока ў баях. Другое таксама бачыла не дужа добра, але зрок усё ж аднавіўся.
Пасля ранення ў шпіталі гораду Дніпра «Ганса» даглядала сястра ягонага таварыша па службе Мар’яна «Хітрага», які загінуў за год да гэтага. Менавіта Рубашэўскі прывёз цела Мар’яна на ягоную радзіму, там і пазнаёміўся з Галінай, потым яны сталі часцей кантактаваць. Праз нейкі час пасля ранення яны пабраліся шлюбам. У пары ёсьць дачка.
У інтэрв’ю для ўкраінскіх СМІ «Ганс» казаў, што адзін з ягоных прапрадзедаў удзельнічаў у паўстанні Касьцюшкі. Сам ён называў імперыі злом, і гэта была адна з прычын, чаму ён ваяваў на баку Украіны.
У Беларусі на Рубашэўскага была заведзеная крымінальная справа паводле артыкулу «Наёмніцтва».
На сёння вядома пра 4 беларускіх дабраахвотнікаў, якія загінулі падчас расійска-украінскай вайны. Раней ва Украіне загінулі тры беларускія добраахвотнікі:
31-гадовы Аляксей Скобля, пазыўны «Тур»,
27-гадовы Ільля «Літвін» зь беларускай роты тэрытарыяльнай абароны батальёну «Азоў»
і Зьміцер Апанасовіч (пазыўны «Тэрор»).
13 сакавіка стала вядома, што прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі падпісаў указ аб прысваенні звання Героя Украіны Аляксею Скобле «за асабістую мужнасць і гераізм, праяўленыя ў абароне дзяржаўнага суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны, вернасць ваеннай прысязе».